1 траўня 2024, Серада, 13:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як 100 гадоў таму беларусы пачалі пакараць «вялікі свет»

Як 100 гадоў таму беларусы пачалі пакараць «вялікі свет»

Выйшаў дакументальны фільм пра беларусаў-мігрантаў.

Рэжысёр Юры Каліна, вядомы сваімі фільмамі «Архімандрыт» і «Сярожа», распавёў «Белсату» пра свой новы фільм:

Тэма ўцекачоў прысутнічае ў маім жыцці з дзяцінства. Я родам з вёскі Кашалі, гэта ўсходняе Падляшша, дзе вялікі адсотак насельніцтва складаюць беларусы. З намі жыла прабабуля Соф'я. Яна была бежанка, як і ўсе старэйшыя жыхары не толькі вёскі, але і ўсёй ваколіцы.

У прабабулі быў куфар, поўны банкнот. Перш за ўсё, царскіх, з выявамі невядомых мне тады барадатых мужчын і адной велізарнай жанчыны. Але былі і савецкія, і нейкія іншыя, я ўжо не помню. Мы з сябрамі гулялі гэтымі грашыма ў карты.

Аднойчы, начытаўшыся Джэка Лондана і падобных аўтараў, я наважыў зрабіць скарб - закапаў у скрыні з дошак пад вялікім каменем у двары і напісаў таемныя знакі, каб пасля хтосьці змог адшукаць. Ды...так і забыўся пра гэтую гісторыю. Успомніў толькі праз 10 гадоў. На той час усе зберажэнні прабабулі згнілі...

Збіралі вату, сталі сведкамі забойства

Магчыма, таму, калі пачаў працаваць на тэлевізіі ў 1995-м, наважыў неяк апраўдацца перад прабабуляй, на той час ужо памерлай. Запісаў успаміны жывых яшчэ ўцякачак-аднавясковак. Суседка Лікерыя ўспамінала, як у Казахстане збіралі вату. Дзед Мікіта распавёў, як недзе над Волгай у 1918 чырвоны засек шабляю чырвонага. Такіх апавяданняў набралася некалькі дзясяткаў, да іх дадаліся інтэрв'ю з гісторыкамі і публіцыстамі. Вось і з'явіўся фільм «Бежанства. 1915-1922».

Тэма гэта малавядомая шырокай супольнасці. Яна жыла толькі ў сямейных аповедах. А ўцякаць былі вымушаныя амаль 3 млн жыхароў заходніх губерняў Расейскай імперыі. На жаль, большасць былі непісьменнымі сялянамі, таму ўспамінаў амаль не засталося.

У 100-ю гадавіну гэтай самай маштабнай хвалі бежанства ў Цэнтральнай Еўропе з'явіліся выданні, якія часткова запоўнілі гэты прабел (выдадзены штотыднёвікам «Ніва» ў Беластоку зборнік успамінаў «Бежанства 1915 года», кнігі Анэты Прымак-Онішк (Aneta Prymaka-Oniszk) і Дарафеі Фіёніка).

Сюрпрыз з Дзяржынскага архіва

Тады я і пачаў здымаць фільм. Запісаў размовы з 30 сведкамі, іх дзецьмі і ўнукамі. З дзясяткам гісторыкаў, у тым ліку Віталём Карнелюком, Уладзімірам Ляхоўскім, Сяргеем Токцем, Генадзем Семянчуком - з Беларусі і Яўгенам Мірановічам з Беластока. У Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў у Дзяржынску я знайшоў абсалютна ўнікальную кінахроніку 1918 года з Воршы пра ўцекачоў, якія вяртаюцца з Расеі на Захад. Да гэтага дадаліся мастацкія сцэны з удзелам актораў. Усяго з'явілася блізу 40 гадзін відэа, з якога змантавалі 50-хвілінны фільм.

Мне здаецца, гэты фільм - не толькі пра трагедыю 100-гадовай даўніны, калі мільёны мірных жыхароў сталі ахвярамі імперскай палітыкі. Ён мае аналогіі з сучаснасцю. Стагоддзе назад уцекачы знайшлі ежу і дах над галавой у розных кутках Расеі. Амаль усе ўцекачы ўспамінаюць, што прымалі іх там, як сваіх, дзяліліся апошнім, дапамагалі...Сёння ў Еўропе многія закрываюць дзверы перад ахвярамі вайны. І тут узнікае пытанне: хто мудрэйшы - мы або нашы продкі?

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках