3 траўня 2024, Пятніца, 15:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыянты прысвоілі кампутары актывістаў?

7
Міліцыянты прысвоілі кампутары актывістаў?

Маскоўскі РУУС не вяртае маёмасць, канфіскаваную падчас сакавіцкіх падзей.

Пасля сакавіцкіх падзей праваабарончаму цэнтру "Вясна" было вядома мінімум як пра 12 аглядаў у кватэрах розных актывістаў. У большасці выпадкаў канфіскаваную маёмасць цягам двух месяцаў людзям вярнулі.

Аднак, некаторым дагэтуль невядома, дзе знаходзяцца іх кампутары, флэшкі, тэлефоны, кнігі ды іншыя рэчы. Супрацоўнікі Маскоўскага РУУС, якія праводзілі агляды, бяздзейнічаюць, а на скаргі актывістаў не рэагуюць.

"Мяне затрымалі вечарам 24 сакавіка 2017 года на вуліцы супрацоўнікі ў цывільным і пратрымалі некалькі гадзін у РУУС. Пры гэтым у мяне адабралі асабістыя рэчы, якія былі з сабой, і нічога з іх не вярнулі дагэтуль, - распавядае адная са спадарынь, у якой адбыўся дома агляд. - Сярод ночы мяне ў кайданках павезлі дадому на ператрус. Адамкнулі дзверы маімі ключамі. На маё пытанне - паказалі нейкую паперу-пастанову на агляд жылля, аднак, я нічога не змагла разглядзець праз кепскі зрок".

Дзяўчына кажа, што агляд праводзіўся як ператрус: супрацоўнікі міліцыі перабіралі ўсе рэчы, адкрывалі самастойна скрыні, паліцы. Пасля адклалі ў бок некаторыя рэчы, а таксама тэхніку, запісалі канфіскаванае ў пратакол і далі на подпіс панятым. Потым рэчы вынеслі з хаты, не пакінуўшы ніякіх папер іх уладальніцы, а самую дзяўчыну адвезлі ў ІЧУ.

Яна звярнулася ў пракуратуру Маскоўскага раёна Менска са скаргай на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, у якой прасіла правесці праверку працэдуры агляду памяшкання і абавязаць супрацоўнікаў РУУС выдаць ёй копію пратакола са спісам канфіскаваных рэчаў, а таксама вярнуць рэчы ў самыя кароткія тэрміны.

"Прайшло амаль пяць месяцаў, а маю тэхніку і рэчы дагэтуль не вярнулі, больш за тое, дзяржорганы не маюць ніякай інфармацыі пра іх месцазнаходжанне. На ўсе мае скаргі аб правядзенні агляду з парушэннямі і патрабаваннямі прадставіць пералік канфіскаванай маёмасці прыходзяць адказы, што ўсё было праведзена законна", - падкрэслівае дзяўчына.

Яшчэ адзін прэвентыўна затрыманы распавёў, што 25 сакавіка да яго прыйшлі з пастановай на агляд кватэры на наяўнасць зброі і іншых забароненых рэчаў, аднак правялі ператрус, канфіскавалі шмат чаго з асабістага маёмасці: значкі, налепкі, часопісы, флэшкі, тэлефоны, ноўтбукі, лічбавы фотаапарат , кухонны і турыстычныя нажы, дыскі і інш.

"Склалі вопіс, копіі якога ў мяне няма дагэтуль, і на падставе далейшых тлумачэнняў - адвезлі ў РУУС. Там склалі пратакол і ўтрымлівалі да суда ў панядзелак. На судзе прыцягнулі да адказнасці ў выглядзе штрафу", - распавёў хлопец.

Пасля суда ён звярнуўся ў РУУС Маскоўскага раёна з заявай на выдачу копіі пратаколу з пералікам канфіскаваных рэчаў, аднак атрымаў адмоўны адказ.

"Пазней частку рэчаў аддалі. Пра астатнюю маёмасць участковая інспектарка Анастасія Лях сказала, што яна знаходзіцца на экспэртызе ў Міністэрстве інфармацыі. Аднак, па выніках маіх зваротаў высветлілася, што тэхніку на экспэртызу не дастаўлялі", - адзначыў ягамосць.

Міністэрства інфармацыі ў сваім адказе спаслалася на тое, што да іх была накіравана інфармацыйная прадукцыя для правядзення экспэртызы на прадмет наяўнасці (адсутнасці) ў ёй прыкмет экстрэмізму. У пералік інфармацыйнай прадукцыі ўваходзяць друкаваная, аўдыё-, аўдыёвізуальныя і іншыя паведамленні і матэрыялы, плакаты, транспаранты і іншая наглядная агітацыя, рэкламная прадукцыя.

Разам з тым, куды падзелася іншае маёмасць прэвентыўна затрыманага хлопца, у тым ліку тэхніка, Міністэрства інфармацыі не ведае, і перанакіроўвае для атрымання такой інфармацыі ў той жа Маскоўскі РУУС.

Цяпер маладзён пры дапамозе праваабаронцаў падрыхтаваў чарговую заяву ў РУУС Маскоўскага раёна з патрабаваннем паведаміць, дзе і на якой падставе знаходзяцца ягоны ноўтбукі, фотаапарат і іншыя носьбіты інфармацыі, і калі яны будуць вернутыя.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках