У Менску пачынаецца «рэспубліканскі педсавет»
10- 23.08.2017, 9:31
- 22,208
Ёсць надзея, што бацькі нарэшце атрымаюць адказ на пытанне - у колькі адводзіць дзяцей у школу.
Сёння ў Менску пачынае працу рэспубліканскі педагагічны савет, інфармуе БелТА. Мерапрыемства разлічана на два дні - 23 і 24 жніўня.
У першы дзень на педсавеце будзе працаваць шэраг тэматычных секцый і круглых сталоў. Будуць абмяркоўвацца такія пытанні, як сучасныя падыходы да павышэння якасці дашкольнай адукацыі, уклад прафадукацыі ў інавацыйнае развіццё беларускай эканомікі, асноўныя напрамкі для вышэйшай школы. Таксама будуць абмяркоўвацца развіццё інклюзіўнай адукацыі, актуальныя аспекты сацыяльнай, выхаваўчай, ідэалагічнай работы ў сучасных умовах, падрыхтоўка педагагічных кадраў.
24 жніўня ў Менску пройдзе пленарнае пасяджэнне. На ім удзельнікі змогуць азнаёміцца з выставай эфектыўнага педагагічнага досведу, з творчымі дасягненнямі педагогаў, вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратурай, новымі тэхналогіямі ў сферы адукацыі.
У педсавеце будуць удзельнічаць блізу тысячы педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання. Акрамя таго, у ім возьмуць удзел прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў і галіновага прафзвязу. Мэта мерапрыемства - вызначыць задачы на 2017/2018 навучальны год, абмеркаваць канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі на кароткатэрміновы (да 2020 года) і доўгатэрміновы (да 2030-га) перыяды.
Канцэптуальныя змены накіраваныя на пераход на абавязковую ўсеагульную сярэднюю адукацыю. У Кодэксе аб адукацыі закладзены заканадаўчы калідор для гэтага новаўвядзення. Як адзначае БелТА, агульную сярэднюю адукацыю ў Беларусі атрымліваюць амаль усе выпускнікі школ, ліцэяў і каледжаў.