Педагогі: Чаму рэформы абмяркоўваюць не з настаўнікамі, а з сілавікамі?
45- 26.08.2017, 10:19
- 68,070
Беларускія рэформы ў адукацыі нагадваюць броўнаўскі рух.
Аптымізацыя ВНУ, агульнаадукацыйны тэст замест выпускных экзаменаў і ўсеагульная сярэдняя адукацыя – такія рэформы Мінадукацыі прапануе на рэспубліканскай педнарадзе. Наколькі гэта рэальна і што прынясе для адукацыі, Еўрарадыё гутарыла з педагогам, стваральнікам праекта "Полосатая газета" Ганнай Граноўскай.
Прапануем найлепшыя цытаты з гутаркі.
Пра рэформы
"Усе пастановы трэба прымаць узважана, павінна быць нейкая база, аргументацыя, каб усе разумелі, што пасля гэтага нешта зменіцца ў лепшы бок. Калі гэтыя навінкі прымаюцца спантанна, калі няма нейкай эксперыментальнай базы – гэта броўнаўскі рух атрымліваецца".
"Няма нічога больш прыгожага, чым выкарыстоўваць досвед краінаў, дзе ўжо прайшлі паспяховыя рэформы. Я не прыхільніца таго, каб гэтыя рэформы прымаліся раптоўна".
Пра педнараду з Аляксандрам Лукашэнкам
"Трэба садзіцца разам з практыкамі-настаўнікамі, з бацькамі і абмяркоўваць. Там жа, на педнарадзе з кіраўніком краіны, не было ні бацькоў, ні вучняў. А вось сілавікоў туды запрасілі, што паказальна".
"На гэтае мерапрыемства прыйшлі правераныя, падрыхтаваныя людзі. Я не думаю, што туды пусцілі звычайных настаўнікаў, якім ёсць што сказаць".
Пра лішнюю папяровую працу і заробкі настаўнікаў
"Праблемы не развязваюцца. Усе гэтыя дробныя крокі толькі пагаршаюць сітуацыю ў адукацыі. Я памятаю, калі сабраліся настаўнікі ад народа на такім мерапрыемстве і папрасілі, каб ім зрабілі маленькі адпачынак, як усім працоўным у Беларусі. Гэта было нібыта ад народа. І тады мы атрымалі масавае звальненне са школаў і дзіцячых садоў".
"Ёсць пэўны функцыянал, распрацаваны для настаўніка. Але ў жыцці ім даводзіцца рабіць амаль усё. Яны правяраюць, дзе знаходзяцца дзеці, дзе знаходзіцца ў школе пажарны апавяшчальнік, яны водзяць дзяцей на матчы і спаборніцтвы. Я сама – мама старшакласніка, мне стала цікава, як гэтая сістэма працуе. І мне ніхто так і не змог растлумачыць, хто аддае такія распараджэнні".
Пра новыя падручнікі
"Падручнікі часцей за ўсё робяць людзі, якія даўно не бачылі жывога вучня. Яны не разумеюць, што вучань гэтага не зразумее, не здужае. Так было з падручнікамі для 4 класа, калі трэба было чытаць пра феадальны лад, а яны не разумелі, што гэта".
"У расейскай мове вучаць пазіцыі гукаў, а правільна пісаць іх не вучаць. Ёсць жа методыкі, ёсць досвед, назапашаны гадамі. Выдавецтвы, якія атрымліваюць загад на падручнікі, – для іх жа гэта залатое дно".
Пра "звычайную вясковую школу"
"У Мікалая Лукашэнкі не простая вясковая школа. У звычайнай вясковай школе складана не толькі з падручнікамі. Вясковыя школы цяпер зачыняюцца. Нядаўна была ў вёсцы Урбаны Браслаўскага раёна, там зачынілі 115-гадовую школу. Там быў зроблены рамонт. Там 200 дзяцей, але школа нерэнтабельная. Іх перавялі ў Браслаў, дзе і так 28 чалавек у класе".
"Сёння, калі школы пераходзяць на 9-ю гадзіну адкрыцця, школьныя аўтобусы абавязаныя забіраць дзяцей а 7-й раніцы. Яны а палове на 8-ю прыязджаюць у школу, а заняткі ў іх а дзявятай".