Юрый Варонежцаў: Русага трэба вярнуць у 8 клас сярэдняй школы
36- 7.08.2017, 12:28
- 22,718
Экспэрт не верыць словам Русага аб чыстай прадукцыі ў Чарнобыльскай зоне.
Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы мяркуе, што пасля адмены ахоўнай зоны Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка тэрыторыю можна эфектыўна выкарыстоўваць.
З ягоных слоў, аграрыі навучыліся вырошчваць «чыстую прадукцыю» ў зонах з радыяцыйным забруджваннем ад 1,5 да 5 кюры:
«Трызненне», — так пракаментаваў “Радыё Свабодзе” гэтыя развагі Русага кандыдат тэхнічных навук, былы сябра Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага савету СССР Юры Варонежцаў.
Варонежцаў пазнаёміўся з заявамі чыноўніка і парэкамендаваў Русаму вярнуцца ў 8 клас сярэдняй школы ды пагартаць падручнік фізікі — там пра ўсё гэта напісана:
«Поўнае трызненне, — паўтарае спадар Варонежцаў. — Прабачце за эмоцыі, але я назіраю за тым, што адбываецца вакол Палескага запаведніка. Гэта перадусім ліквідацыя буфернай зоны. Адбываюцца нейкія сюррэалістычныя рэчы. Я там неаднаразова бываў — там брудная зямля, і нічога на ёй нельга рабіць прынамсі 100 гадоў. Таму тое, што заяўляюць „вучоныя“ кшталту Русага — гэта, яшчэ раз кажу, трызненне. Галоўнае, ім начальнік загадаў — і яны будуць „на аўтамаце“ паўтараць, што ўсё вакол нармальна. Мы гэта ўжо праходзілі ў мінулым стагоддзі, калі намагаліся давесці, што нічога страшнага ў Чарнобылі не здарылася».
На перакананне Варонежцава, грамадскасць павінна зрабіць усё, каб не дапусціць вяртання ў абарот забруджаных земляў Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніку:
«Калі яшчэ за савецкім часам мы распрацоўвалі канцэпцыю бяспечнага пражывання, літаральна ў першых радках было патрабаванне цалкам выключыць рызыкі для здароўя людзей. Хаця б на элементарным узроўні, бо гэта той выпадак, калі лепей у 100 разоў перастрахавацца. А тут на радыяактыўнай зямлі нешта збіраюцца вырошчваць. Абсурд. Не, тэарэтычна нешта вырасціць можна, ачысціць, збіраюцца кароў пектынам карміць (мяне б хто пектынам „пачысціў“). Але гэта ж у дзясяткі разоў будзе даражэй, чым звычайная прадукцыя! Чым улады кіруюцца — не разумею».
У чэрвені Аляксандр Лукашэнка наведаў Палескі запаведнік. Падчас візіту ён заявіў, што частку земляў — тэрыторыі з меншым ўзроўнем забруджвання, ад 1 да 5 кюры — можна больш актыўна ўключыць у гаспадарчы абарот. Пры такіх паказчыках дазваляецца збор грыбоў і ягад з абавязковым радыяцыйным кантролем.
Пры вышэйшых лічбах (да 15 кюры) нарыхтоўчыя працы забароненыя, можна толькі знаходзіцца ў лесе.
Раней намеснік старшыні Нараўлянскага райвыканкаму Дзмітры Максіменка адзначаў, што ў ахоўнай зоне ёсць землі з узроўнем радыяцыі, якія перавышаюць 40 кюры на км2. Туды доступ людзей катэгарычна забаронена.