2 траўня 2024, Чацвер, 9:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяржант на блок-пасце ў Глыбокім - галандскім журналістам: Зараз прыстрэлю!

5
Сяржант на блок-пасце ў Глыбокім - галандскім журналістам: Зараз прыстрэлю!

Замежныя журналісты сутыкнуліся з праблемамі асвятлення вучэнняў «Захад-2017».

Да рэдактара «Вольнае Глыбокае» Уладзіміра Скрабатуна прыехалі калегі - журналісты галандскай газеты, яны хацелі атрымаць інфармацыю пра вучэнні «Захад – 2017». Скрабатун пазнаёміў іх з фрылансерам Зміцерам Лупачам і папрасіў яго суправаджаць гасцей у горадзе, піша сайт baj.by.

Галандскія журналісты хацелі выпрабаваць на сабе ўсё тое, з чым даводзіцца сустракацца падчас тэрытарыяльных вучэнняў звычайным людзям у Глыбокім і гасцям горада. Да таго ж было цікава зрабіць рэпартаж, праехаць праз блок-пост, распытаць у вайсковых пра вучэнні. Як запэўніваў іх Зміцер, нічога не атрымаецца. Але, калі госці хочуць, трэба ж ісці насустрач і не пакідаць іх у гэтай справе. Паехалі.

Са слоў Змітра, 15 верасня яны паехалі праз Барок, дзе размешчаны адзін з галоўных блок-пастоў, перад самым уездам у горад. Мяшкі з пяском, грыбок, намёт, вайсковыя і міліцыянты ў касках з аўтаматамі.

Журналісты спыніліся там і, паказваючы дакументы, спрабавалі наладзіць размову з міліцыянтамі, якія стаялі на пасту. Ім адказалі, што ніхто нічога казаць не будзе, бо ідуць вучэнні, усе засакрэчана. А таксама папярэдзілі, што здымаць нельга, бо ў іх няма на гэта акрэдытацыі Міністэрства абароны.

Калі журналісты спрабавалі яшчэ нешта спытаць, міліцыянты ім карэктна прапанавалі ехаць далей ці вяртацца назад.

І тут з палаткі выйшаў вайсковец у рангу сяржанта. Са слоў Змітра, ён чымсьці нагадаў яму прараба на будоўлі, або вясковага брыгадзіра. «Шчокі як іржышча, твар колеру зямлі. Але выгляд, як у генерала", - кажа Зміцер.

І адразу сяржант пачаў размову, відавочна, асноўнымі словамі свайго лексікону: «Уё... адсюль, бо зараз прыстрэлю!».

Журналісты паспрабавалі яму нешта аб правах і законе расказаць, але ў адказ вайсковец пачаў яшчэ больш лаяцца і трэсці перад імі зброяй. Здалося, што ён даўно не трымаў у руках аўтамат, і зараз з вялікім задавальненнем з яго дапамогай паказвае сваю перавагу перад бяззбройнымі людзьмі.

Як кажа Зміцер Лупач, у гэты час у галандскага журналіста Тома вочы акругліліся, было відаць, што ён хоць і разумее па-расейску, але такіх слоў не чуў. «Гэта сакрэтная мова нашага войска, - сказаў Зміцер. - Такі заб'е і прозвішча не запытаецца».

Журналісты ўсё ж надумалі ехаць наперад, у горад. Міліцыянты абшукалі аўто, а вайсковец падняў шлагбаўм - палку з прывязанай шасцярнёй.

Па прыездзе ў горад, журналісты спрабавалі яшчэ пагаварыць з вайскоўцамі або міліцыянтамі, якія былі задзейнічаныя ў вучэннях, але ўсё было марна: больш ніякай інфармацыі яны не атрымалі.

Разам з тым некаторыя інтэрнет-рэсурсы пісалі, што ў Глыбокім няма абмежаванняў на свабоду перамяшчэння і ўсе мясцовыя жыхары задаволеныя вучэннямі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках