3 траўня 2024, Пятніца, 7:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі давядзецца, то ляжам пад трактары»

4
«Калі давядзецца, то ляжам пад трактары»

У Гомелі набірае абароты супраціў будаўніцтву элітнага дома замест зялёнай зоны.

Пагроза знішчэння навісла над больш як 300 дрэвамі, мноствам кустоў, газонам і кветнікамі. Сквер, які цягнецца ўздоўж цэнтральнай гомельскай вуліцы Савецкай ад гатэля «Турыст» да скрыжавання з вуліцай Кожара можа замяніць шасцмсекцыйны элітны жылы дом з абгароджаным падворкам, паркоўкамі і ўбудаванымі банкамі і крамамі, паведамляе homel.greenbelarus.info.

Пра планы гарадскіх уладаў жыхары прылеглага раёна даведаліся цалкам выпадкова. Адзін з іх выявіў на сайце адміністрацыі Цэнтральнага раёна абласнога цэнтра непрыкметнае апавяшчэнне пра грамадскае абмеркаванне. Аднак, калі людзі глыбей уніклі ў сутнасць таго, што прапаноўвалася абмеркаваць, інфармацыя шакавала.

Пра Гомель у апошнія гады і так ідзе слава, як пра далёка не самы зялёны горад краіны. Насаджэнняў тут відавочна недастаткова. Тым больш дзіўным выглядае жаданне ўладаў забудаваць апошнія астраўкі зеляніны ўздоўж галоўнай гарадской транспартнай артэрыі - вуліцы Савецкай.

Сквер, які служыць натуральнай перашкодай выхлапным газам паміж Савецкай і жылым мікрараёнам, з'яўляецца таксама ўлюбёным месцам адпачынку гараджан і дзяцей з прылеглых вуліц. Але ў мінулым годзе тут чамусьці прыбралі лавы і сметніцы.

Як даведаліся неабыякавыя жыхары, у снежні 2016 года праведзенае карэктаванне генплана Гомеля і тэрыторыю зялёнай зоны паміж гатэлем «Турыст» і скрыжаваннем з Кожара перавялі са статусу ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны агульнага карыстання ў зону забудовы. Прычым, калі было грамадскае абмеркаванне карэктавання генплана, на паведамленне пра гэта ніхто не звярнуў увагі, бо там было пазначана, што пераводзіцца тэрыторыя проста ля гатэля «Турыст».

«Толькі ў снежні 2016 года перавялі з зялёнай зоны ў зону забудовы, а ў студзені 2017 года ўжо з'явілася гатовая архітэктурная канцэпцыя, - абураецца жыхарка дома №1 па вуліцы Кожара Людміла Сямёнава. - Заказчык - УКБ Гомельскага гарвыканкама. Няўжо забудова нашага сквера не садком, не лякарняй, не інтэрнатам, не сацыяльным жытлом, а гэтым камерцыйным элітным домам з агароджанай дваровай прасторай і шлагбаумам, з двума паркоўкамі на 129 і 300 аўтамесцаў палепшыць эканамічнае становішча ў горадзе? Складваецца адчуванне, што камусьці асабіста вельмі выгадна, каб у гэтым прывабным месцы будаваліся элітныя кватэры ў шкоду зялёным насаджэнням».

Варта адзначыць, што, як толькі ля першага пад'езда дома №1 на вуліцы Кожара, які прымыкае проста да прапанаванай будпляцоўкі, з'явіліся журналісты, тут сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Людзі былі абураныя тым, што з імі ніхто не раіцца, а так званыя грамадскія абмеркаванні практычна засакрэчаныя.

«Паджылыя людзі не сядзяць на сайтах адміністрацыі. Але яны глядзяць тэлевізар, чытаюць газеты. Іх дзецям папросту няма часу маніторыць тыя ж сайты адміністрацый. Яны працуюць, гадуюць сваіх дзяцей. Калі ўлады хацелі даведацца меркаванне жыхароў, грамадства - чаму не далі апісанне сваіх праектаў у галоўныя гарадскія СМІ?», - чуецца з натоўпу.

Паджылая жанчына прынесла напісаную ад рукі заяву з просьбай да актывістаў перадаць яе ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна. У заяве катэгарычная нязгода з планамі забудовы сквера. Аднак ёй тлумачаць, што для таго, каб яе меркаванне было ўлічанае ў выніках абмеркавання, яно павінна мець важкія абгрунтаванні. Што ў адміністрацыі палічаць важкімі абгрунтаваннямі, застаецца толькі здагадвацца.

Сустрэча актывістаў, якія хацелі распавесці журналістам пра праблему перарасла ў стыхійны мітынг. Людзі актыўна падпісваюцца пад зваротамі ў розныя інстанцыі і прапануюць далейшыя крокі для прадухілення знішчэння зялёнай зоны.

«Мы спецыяльна падлічылі: усяго тут высекуць 330 дрэў. Гэта не лічачы бэзу, ядлоўцу казацкага, акацыі ды іншых хмызнякоў. Тут растуць некалькі тыпаў клёну і дубу, ясень, блакітная і звычайная елкі, лістоўніцы, вербы, бярозы, ядлоўцы і туі», - кажа былая настаўніца.

«Мы прапануем адкрыць рахунак для добраахвотных унёскаў на будаўніцтва ў гэтым скверы спартыўнай пляцоўкі, дзіцячай пляцоўкі, устаноўкі лавак, якія адсюль пры загадкавых абставінах прыбралі. Кожная з іх заплаціць столькі, колькі зможа. Але нельга гэта секчы, карчаваць і тут будаваць. У Гомелі дастаткова месцаў, дзе можна будаваць элітнае жыллё», - прапаноўвае адная з мясцовых жыхарак.

«Калі не атрымаецца мірна, мы проста выйдзем туды пад трактары і ляжам. Я асабіста са сваім мужам - інвалідам па зроку, выйду, пастаўлю намёт і буду там жыць. І хай нас адсюль разганяюць, цягнуць, але мы не дапусцім гэтага варварства», - смела заяўляе яшчэ адная жыхарка дома на Кожара, 1 Ірына Маркава, зрываючы шумныя воплескі і крыкі «Правільна! Мы ўсе падтрымаем! Будзем дзяжурыць».

«Я не веру, што тыя, хто можа выкарчаваць такія дрэвы і замест іх паставіць элітны дом за шлагбаумам, папросту маюць сэрцы. Больш я не ведаю, што сказаць, - падрахоўвае актывістка супраціву забудове зялёнай зоны Людміла Сямёнава.

Грамадскае абмеркаванне праекта забудовы зялёнай зоны каля вуліцы Кожара заканчваецца 30 верасня. Жыхары слаба вераць у тое, што да іх меркавання прыслухаюцца. Таму рыхтуюць змаганне за сваё права на здаровае навакольнае асяроддзе.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках