30 красавiка 2024, aўторак, 13:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукам прыходзяць «лісты шчасця» ад камунальнікаў

45
Менчукам прыходзяць «лісты шчасця» ад камунальнікаў

Чыноўнікі «цікава» зрабілі пераразлік рахункаў за ваду і ацяпленне.

Менчукам пачалі прыходзіць рахункі за жнівень з дзіўным пераразлікам за гарачую ваду і ацяпленне. Наталлі налічылі недаплату за падагрэў вады больш чым на 16 рублёў, піша «Еўрарадыё».

«Гэта пераразлік гігакалорый за папярэднія месяцы, - тлумачаць у разлікова-даведачным цэнтры. - Гэта значыць, калі нешта пералічваецца па падагрэву вады, то гігакалорыі, якія пералічылі, дабіраюцца для ўсіх кватэр. Калі тлумачыць простымі словамі, то ў папярэдніх месяцах у вас быў выстаўлены меншы паказчык гігакалорый, чым трэба».

НА ФОТА РАХУНАК ЗА ЖНІВЕНЬ

- А ад чаго гэты паказчык залежыць?

- Калі камусьці пералічаць гарачую ваду, то з яго здымаюцца гігакалорыі. Іх і размяркоўваюць на іншыя кватэры.

- Гэта значыць, калі хтосьці не здаваў паказанні лічыльнікаў...

- Не! Вашы лічыльнікі лічаць колькасць кубоў, якую вы выкарыстоўвалі. А тут справа ў лічыльніку, які стаіць у вас у доме. Ён разлічвае цеплавы складнік - колькі гігакалорый было затрачана на тое, каб у пэўным месяцы ў вашым доме падагравалася вада. У кожным доме стаіць такі лічыльнік, кожны месяц з яго здымаюцца паказанні. Зыходзячы з гэтага, разлічваецца колькасць гігакалорый.

Супрацоўніца Разлікова-даведачнага цэнтра відавочна нервуецца, ёй вельмі не падабаецца тое, што я не разумею яе тлумачэнняў. Праўда, і сама спецыялістка так і не можа растлумачыць, адкуль пераразлік цэлых 16 рублёў у аднапад’ездным дзевяціпавярховіку на 54 кватэры.

Застаецца без каментара і іншае пытанне: якім чынам падлічваюць падагрэў вады для кожнага дома, калі гарачая вада ў кватэры паступае з вялікіх кацельнях па трубах. Бо падлічыць выдаткі энэргіі, якая ідзе на падагрэў вады для дома можна толькі ў тым выпадку, калі ў доме ўстаноўлена асобная кацельня.

«Вада сапраўды грэецца цэнтралізавана, але пры ўваходзе ў дом яна падаграваецца яшчэ раз, пасля чаго разыходзіцца па кватэрах, - тлумачаць у Менскіх цеплавых сетках. - Там спецыяльныя электрапрыборы і лічыльнік, які лічыць гігакалорыі, затрачаныя на дадатковы падагрэў вашай вады».

Яшчэ адзін рахунак, які трапіў да нас у рукі, патрабуе ад жыхара даплаціць амаль два рублі за падагрэў вады і тры капейкі...за ацяпленне. Пераразлік за ацяпленне ў жніўні!

ЖЭС тлумачыць, што тут вінаватыя цепласеткі. У сваю чаргу, цепласеткі пераконваюць, што ніякага дачынення да пераразліку не маюць. Супрацоўніца цепласетак кажа: «Я б сама з задавальненнем даведалася, чаму такі рахунак прыйшоў». У яшчэ адным ЖЭСе пераразлік прыпісваюць водаканалу. Больш-менш ратуе сітуацыю супрацоўнік Разлікова-даведачнага цэнтра Савецкага раёна Менска:

«Дапусцім, што ў гэтым месяцы ЖЭС і Энэргазбыт знялі паказанні з вашых лічыльнікаў на доме і палічылі аплату. А ў наступным месяцы чалавек прыносіць дакументы, што ён быў за мяжой або на дачы і не карыстаўся вадой, але яму ў рахунку ўсё адно выстаўлялі расход па сярэдняму паказчыку. Калі пераразлік гэтаму чалавеку ўносіцца ў кампутар, то спецыяльная праграма адразу робіць пераразлік і на ўсе астатнія кватэры дома».

Паводле слоў спецыяліста, такія пераразлікі былі заўсёды, проста раней раз на год. А цяпер кампутарная праграма робіць гэта аўтаматычна. Ды і раней людзі рэдка фіксавалі тое, што выязджаюць з кватэр на пэўны час, таму такія пераразлікі не былі настолькі прыкметнымі. Калі ў вашым доме ёсць людзі, якія не рэгулярна паведамляюць звесткі кватэрных лічыльнікаў аб вадзе, то графа «Сума пераразліку» ў вашым рахунку будзе рэгулярна запоўненая.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках