27 лiпеня 2024, Субота, 15:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння – Дзень беларускай вайсковай славы

7
Сёння – Дзень беларускай вайсковай славы

А 19:00 на Кастрычніцкай плошчы Менску адбудзецца Акцыя папярэджання.

8 верасня — Дзень беларускай вайсковай славы. Гэта неафіцыйнае свята, якое адзначаецца з пачатку 1990-х гадоў. У 1514 годзе пад Воршай на Крапівенскім полі адбылася знакамітая бітва.

Войска ВКЛ, якім камандаваў гетман Канстанцін Астрожскі, разбіла ўтрая большае 80-тысячнае войска Маскоўскай дзяржавы, якое прыйшло на беларускую зямлю.

Пачатак 16-га стагоддзя быў асабліва цяжкім для нашай дзяржавы. Яна ўжо блізу двух дзясяткаў гадоў знаходзілася ў стане вайны з Масковіяй. У ліпені 1514 г Смаленск капітуляваў.

Каб замацаваць свой поспех, маскоўскі валадар Васіль III паслаў вялікае войска ўглыб Беларусі - на Мсціслаў і Менск. Аднак насустрач яму ўжо рухалася наша войска і польскі дапаможны корпус. Сам кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары быў пры сваім войску. Ён адправіў наперад трыццаць тысяч ваяроў пад кіраўніцтвам вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага.

27 жніўня 1514 года Астрожскі барысаўскім трактам падышоў да Бярэзіны і сустрэў на яе левым беразе пешыя маскоўскія палкі, якія ішлі ў бок Менска. Пад прыкрыццём гармат нашы воіны пераправіліся праз раку і адразу ўступілі ў бітву, а затым і разграмілі ворага. На наступны ж дзень авангард Астрожскага разбіў маскоўскую варту на берагах Бабра, а 1 верасня - на Друці.

Ваяводы Васіля III, не ведаючы, што ім супрацьстаіць толькі перадавы корпус войскаў ВКЛ, адвялі свае сілы за Дняпро, каб даць генеральную бітву на зручным для сябе месцы. Восемдзесят тысяч маскоўскіх ратнікаў занялі пазіцыю на пагорках непадалёк ад Воршы, на захад ад ракі Крапіўны. Галоўны ваявода Іван Чаляднін размясціў свае палкі трыма выцягнутымі лініямі, пакінуўшы наперадзе прастору для Астрожскага. Гэта была ідэальная пастка для праціўніка, які рызыкне пераправіцца праз Дняпро - за спіной і на флангах рэчышча ракі, а па фронце ўзвышалася сцяна маскоўскіх ратнікаў.

7 верасня нашы войскі падышлі да Дняпра паблізу Воршы. Аднак пачынаць пераправу навідавоку, пад стрэламі лучнікаў, не мела сэнсу. Былі б вялікія страты, да таго ж маскоўскія ваяводы зразумелі б, што людзей у Астрожскага амаль утрая менш.

Каб заблытаць праціўніка, гетман пусціў бродам толькі невялікую частку конніцы. Другая пераплыла раку пад прыкрыццём Аршанскага замка. Калі ж сцямнела, асноўныя сілы пайшлі ўверх па Дняпры і пачалі перапраўляцца праз раку па пабудаванаму пантоннаму мосту ля вёскі Пашына. Вядома, на світанку рух войска ВКЛ было заўважаны, але Чаляднін не пачаў атакі. Ён чакаў, калі наша войска пераправіцца цалкам, каб адным махам знішчыць яго і пераможна скончыць вайну. «Пачакаем, пакуль пераправяцца ўсе, заявіў саманадзейны маскавіт, - бо нашыя сілы настолькі вялікія, што мы без асаблівых намаганняў зможам разбіць гэтае войска, ці атачыць яго ды гнаць, як быдла, да самай Масквы».

А тым часам Канстанцін Астрожскі рыхтаваўся да бітвы. Наперадзе ён паставіў два конныя палкі і пяхоту з агнястрэльнай зброяй. Коннікі размяшчаліся і ў другой лініі. Флангі трымала лёгкаўзброеная конніца. Аднак менавіта на правым краі гетман стаіў пад покрывам пяхоты артылерыю.

Бітва пачалася раніцай 8 верасня 1514 года. Астрожскі адправіў у бой строй коннікаў, правакуючы праціўніка. Гэта падзейнічала на маскавітаў, і яны пайшлі наперад. Разгарэлася сеча. Крытычнае становішча склалася на левым флангу. Але нашы ваяры вытрымалі, а затым і пераламалі ход барацьбы на гэтым адрэзку. Асабліва вызначылася пяхота з рушніцамі і цяжкаўзброеная конніца. Мужны гетман на баявым кані і з непакрытай галавой з першай хвіліны быў у самых адказных месцах. Кіраваў бітвай, натхняючы ваяроў прыкладам і словам: «Гэй! Вось цяпер наперад, дзеці!». Выдатна праявілі сябе і іншыя камандзіры - Юры Радзівіл, Іван Сапега, Януш Свярчоўскі.

Іван Чаляднін, думаючы, што нашы асноўныя сілы скаваныя сечай, узмацніў дзеянні свайго другога крыла. Войска Астрожскага, нібыта не вытрымаўшы націску велізарнай масы баярскай конніцы, пачало адступаць да лесу. Вось ён, жаданы міг перамогі! - думалі маскоўцы. Але нечакана «ўцекачы» рассеяліся і нападнікі апынуліся перад артылерыяй і пяхотай з рушніцамі. Залпы ва ўпор неслі ў шчыльных шэрагах маскавітаў жахлівыя спусташэнні. І маскоўскае войска паказала спіну, кінулася ратавацца адчайнымі ўцёкамі. А за імі рушыла наша імклівая конніца. Асабліва лютая сеча была на рацэ Крапіўне. Як сцвярджалі сучаснікі, крывавая рэчка замарудзіла свой бег ад мноства целаў чужынцаў.

«І бысць неспасобіе Божае масквавітам» - бедаваў потым маскоўскі летапісец. Ды такое «неспасобіе», што блізу паловы войска Васіля III лягло на аршанскіх палях, патанула ў Дняпры і Крапіўне. Нашы ж страты налічвалі менш за паўтысячы забітымі. У рукі пераможцаў трапіў маскоўскі абоз, зброя, усе баявыя сцягі. 20 тысяч захопленых коней і палову абозу Астрожскі загадаў раздаць сваім воінам. Сярод больш пяці тысяч палонных былі і амаль усе ваяводы, у тым ліку сам Іван Чаляднін.

Аршанская перамога ў той раз не вярнула Вялікаму княству Літоўскаму захопленага Смаленска. Але яна стала яскравай старонкай беларускай вайсковай гісторыі. Заняла адно з першых месцаў у шэрагу бліскучых трыумфаў нашай зброі.

Вестка пра Аршанскую перамогу разнеслася па ўсёй Еўропе. Яна трапіла на старонкі многіх хронік і летапісаў. Створаны маскоўскім царом Васілём III альянс з еўрапейскімі кіраўнікамі супраць Вялікага княства Літоўскага адразу ж распаўся.

Пазней, пасля таго як наша краіна страціла незалежнасць, акупанты 200 гадоў рабілі ўсё магчымае, каб народ забыўся пра Воршу. Але з пачатку 90-х гадоў беларускія патрыёты праводзілі святочныя мерапрыемствы на Крапівенскім полі пад Воршай.

З нагоды Дня беларускай вайсковай славы ў Менску пройдзе Акцыя папярэджання супраць вучэнняў «Захад-2017». Акцыя пачнецца сёння а 19.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках