Леанід Заіка: Камунальныя паслугі вырастуць у паўтара раза
58- 2.01.2018, 13:38
- 159,046
Улады самі заганяюць сябе ў «пастку».
З 1 студзеня ў Беларусі ўводзіцца стоадсоткавая кампенсацыя насельніцтвам жыллёва-камунальных паслуг. Вынікі гэтага беларусы адчуюць у лютым, калі атрымаюць студзеньскія рахункі.
Якім будзе сапраўдны 100% -ы кошт камунальных паслуг, вызначыць складана праз тое, што сістэма налічэння платы за паслугі ЖКГ у Беларусі абсалютна непразрыстая.
Колькі напраўду будуць плаціць беларусы ў студзеньскіх рахунках, і якімі могуць быць наступствы?
На гэтыя пытанні Charter97.org адказвае эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка:
- Калі ўлады зробяць аплату паслуг ЖКГ на ўзор таго, як гэта цяпер ёсць у Еўропе (а нам заўсёды «ківаюць» на Еўропу ў гэтым пытанні), то выявіцца, што «камуналка» будзе складаць 20% даходаў хатняй гаспадаркі.
Праўда, каб было «як у Еўропе», давядзецца зрабіць нармальныя водаправоды з якаснай пітной вадой, надзейныя энэргасеткі і павысіць якасць і камфорт саміх дамоў і кватэр.
Таксама трэба ўлічваць, што ў еўрапейцаў зусім іншыя прынцыпы падыходу да таго, колькі павінна каштаваць сярэдняя плата за кватэру для стандартнай сям'і. Беларусь у гэтым сэнсе знаходзіцца ў стадыі «афрыканскага сацыялізму». Мы вымяраем квартплату на падставе квадратных метраў.
Еўрапейцы ж на квадратныя метры вымяраюць магілы і тэрыторыю, якую выдаюць кітайцам. А жыллё там вымяраюць па колькасці пакояў на аднаго чалавека. Таму, калі камунальныя паслугі ў нас будуць «як у Еўропе», трэба ўлічваць, што там на аднаго чалавека прыпадае 1,9 пакоя.
Калі я назваў гэтыя лічбы аднаму беларускаму прафесару, ён здзівіўся: «У мяне на гэтай плошчы тры чалавекі жыве!» - і замоўк. І дагэтуль маўчыць. Адпаведна з еўрапейскімі стандартамі ён павінен быў бы займаць плошчу, як у прафесара Прэабражэнскага...
Дык вось, за нашы куды меншыя, чым у Еўропе, «квадраты» давядзецца выкласці 20% ад даходаў сям'і. Калі ўзяць набліжаныя да рэальнасці звесткі пра заробкі сям'і дзяржслужбоўцаў у Менску, то атрымаецца, што камунальная плата будзе складаць агулам $140 з кватэры.
Што ж тычыцца рэгіёнаў нашай краіны, то ў розных абласцях мясцовыя ўлады будуць па-рознаму вылічваць паказчыкі ў аплаце паслуг ЖКГ. Агулам магу сказаць, што ў многіх месцах квартплата ў найлепшым выпадку павялічыцца адсоткаў на 30-50. Гэта значыць, у некаторых гарадах і раёнах яна рэальна можа вырасці ў паўтара раза.
Пры гэтым заробак у людзей хутчэй за ўсё не будзе павышаны. Беларуская эканамічная рэальнасць такая, што нават калі ўлады з папулісцкіх меркаванняў захочуць «падвысіць» заробак - то гэта атрымаецца не больш, чым на 2%. А «камуналка» пры гэтым вырасце на 20!
Калі людзі атрымаюць рахункі з высокімі камунальнымі аплатамі, яны пачнуць абурацца. Але справа не толькі ў гэтым. Шмат хто проста не зможа аплаціць такую «камуналку». Адразу паўстане вялікая колькасць неаплатнікаў. А гэта для бюджэту будзе яшчэ горш, чым тое, што цяпер насельніцтва аплачвае не 100%.
Таму ўлада проста заганяе сябе ў пастку. Яны б і хацелі збіраць з народа за «камуналку» паводле еўрапейскіх мерак, але калі людзі атрымаюць рахункі з лічбамі - у нас пачнецца «лічбавая эканоміка». Я прадказваю, што людзі пачнуць лічыць і думаць. І гэта будзе самае вялікае дасягненне «лічбавай эканомікі» ў Беларусі.