Патрыёт Андрэй Бяляўскі: Немагчыма прадказаць, якую пастанову прыме суддзя
2- 3.01.2018, 14:49
- 16,548
Андрэй Бяляўскі спадзяецца, што на «судзе за патрон» улічаць ягоны арышт паводле «справы патрыётаў».
Крымінальная справа аб захоўванні баявога патрона, заведзеная ў снежні мінулага года на былога фігуранта «справы патрыётаў» Андрэя Бяляўскага, перададзеная ў Ленінскі раённы суд Менска.
Як распавёў «Радыё Свабода» Андрэй Бяляўскі, пра дату судовага працэсу яму яшчэ не паведамілі. Пры гэтым патрыёт сказаў, што спадзяецца на станоўчы для сябе прысуд:
«Немагчыма прадказаць, якую пастанову прыме суддзя, але спадзяюся, што ён улічыць мой арышт паводле «справы патрыётаў», - сказаў Андрэй Бяляўскі.
Нагадаем, баявы патрон ад аўтамата Калашнікава быў знойдзены сярод рэчаў Андрэя Бяляўскага падчас ператрусу пасля ягонага затрымання ў сакавіку 2017 года ў «справе патрыётаў».
На следстве Бяляўскі паведаміў, што захоўваў патрон у якасці сувеніра. Паводле артыкула аб незаконным абарачэнні зброі Бяляўскаму пагражаюць папраўчыя работы, арышт да трох месяцаў альбо да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Андрэй Бяляўскі прабыў пад арыштам 2,5 месяцы.