Святкаванне 100-годдзя абвяшчэння БНР пройдзе ў цэнтры Менска
6- 8.01.2018, 21:56
- 24,963
Адбылося пасяджэнне працоўнай групы для правядзення Дня Волі.
8 студзеня адбылася сустрэча грамадскіх і палітычных дзеячаў, якія падтрымалі ідэю Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу стварыць аб'яднаны аргкамітэт для падрыхтоўкі масавага святкавання 100-годдзя БНР 25 сакавіка ў Менску.
У пасяджэнні працоўнай групы ўдзельнічалі Яўген Афнагель, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Мікола Статкевіч і Генадзь Фядыніч.
«Працоўная група мяркуе магчымай формай масавага святкавання шэсце ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Незалежнасці з наведваннем месцаў, звязаных з гісторыяй БНР – але ў той самы час адкрытая да абмеркавання іншых варыянтаў. Працоўная група мяркуе мэтазгодным падаць заяўку на святочнае шэсце ў Менгарвыканкам, каб даць магчымасць і ўладам пацвердзіць дакляраваную прыхільнасць незалежнасці Беларусі», – гаворыцца ў паведамленні, якое размясціў Мікола Статкевіч на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».
16 студзеня ў офісе прафзвяза РЭП адбудзецца першае пасяджэнне аргкамітэта для святкавання 25 сакавіка ў Менску. Створаная працоўная група запрасіла на пасяджэнне прадстаўнікоў арганізацыяў, якія падтрымліваюць ідэю супольнага святкавання юбілейнага Дня Волі.
«Дзень Волі мусіць прадэманстраваць моц і адзінства беларускага народа», – гаворыцца ў паведамленні.
Мікола Статкевіч сказаў карэспандэнту «Радыё Свабода», што чальцы працоўнай групы вітаюць працу грамадскага аргкамітэта пад кіраўніцтвам Радзіма Гарэцкага і могуць стаць ягонай структурнай часткай.
«Аргкамітэт масавага святкавання мы таксама будзем прапаноўваць узначаліць вядомым людзям Беларусі. Але, вітаючы ўсе формы святкавання, канцэрты і гэтак далей, мы гатовыя заняцца падрыхтоўкай масавага святкавання, каб яно прайшло годна. Мы адразу гатовыя да кампрамісаў. Мы спыніліся на варыянце пачатку святкавання на плошчы Якуба Коласа, а не на Кастрычніцкай, як звычайна. Мы гатовыя, хоць я ўстрымаўся пры галасаванні, нават на тое, каб падаць заяўку».
Мікола Статкевіч сказаў, што кіраўніцтва грамадскага аргкамітэта запрошанае на пасяджэнне 16 студзеня і яму будзе прапанавана надалей узначаліць супольную працу.
«Але тыя людзі, якія сёння сабраліся, маюць пэўны досвед, і яны мяркуюць, што патрэбная годная масавая акцыя. Мы не разумеем супрацьпастаўлення пакаёвым мерапрыемствам мерапрыемствы публічныя. Мы за тое і за тое. Калі нехта прапануе абмежаваць святкаванне выпіўкай, то гэта, бадай, не зусім тое, што мы падтрымліваем. Мы таксама разумеем тых, хто перажыў пэўныя стрэсы, меў непрыемнасці з уладай і баіцца ўдзельнічаць у любым публічным святкаванні. Мы разумеем і не папракаем такіх людзей. Але мы не разумеем сітуацыі, калі людзі супрацьпастаўляюць гэтыя рэчы. Калі яны проста спрабуюць сарваць публічную акцыю і, як я кажу, схавацца за бутэлькай. Я не магу назваць гэта годнымі паводзінамі. Такія паводзіны выклікаюць толькі спачуванне».