27 снежня 2024, Пятніца, 22:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Севярынец: Я гатовы стаць беларускім Пашынянам

70
Павел Севярынец: Я гатовы стаць беларускім Пашынянам
Павел Севярынец

Ёсць рэальная магчымасьць змены ўлады ў краіне.

Госьць «Інтэрвію тыдня» на «Радыя Свабода» сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец. Ён адказвае на пытаньне, навошта зьбіраецца ўдзельнічаць у выбарах, якіх няма, тлумачыць, чаму апазыцыі патрэбны вядомы і раскручаны лідэр, і заяўляе, што калі ён ідзе ў гэтую прэзыдэнцкую кампанію — то фактычна ідзе на крыж.

Прэзыдэнцкая кампанія прадстаўляе рэальную магчымасьць зьмены ўлады

— Нацыянальная Рада БХД вылучыла вас у якасьці патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты на будучых выбарах. І паколькі вакол гэтай падзеі ў сацыяльных сетках ужо ідуць палкія дыскусіі, то для пачатку я хацеў бы папрасіць вас дакладна распавесьці, як выглядае тая фармулёўка, зь якой вас вылучылі.

— У першую чаргу трэба расставіць акцэнты. Прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі няма — Беларуская хрысьціянская дэмакратыя зыходзіць з гэтага. Я паўтару фармулёўку з рашэньня Нацыянальнай рады. «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя заяўляе, што анансаваныя Лідзіяй Ярмошынай „парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары“ насамрэч не зьяўляюцца свабоднымі і сумленнымі выбарамі. Адсутнасьць зьменаў у выбарчае заканадаўства і шматгадовая практыка татальных фальсыфікацыяў ужо зараз дазваляюць зрабіць выснову, што рыхтуюцца чарговыя спэктаклі з прызначэньнем „дэпутатаў“ і „прэзыдэнта“».

Далей — некаторыя сябры БХД гатовыя ўдзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў у якасьці прамоўцаў, шэраг гатовыя байкатаваць. Мы падтрымліваем і адну, і другую тактыку. Бо для нас галоўнае — даказаць, што свабодных і справядлівых выбараў няма, і ўсе нашыя прадстаўнікі ў першую чаргу будуць казаць пра фальсыфікацыі.

Што тычыцца «прэзыдэнцкай кампаніі», то яна, нягледзячы на зрэжысіраваны характар, прадстаўляе рэальную магчымасьць зьмены ўлады ў выпадку непрадбачаных сацыяльных узрушэньняў, зьнешняга ўмяшаньня або нейкіх унутраных збояў у сыстэме (здароўе правіцеля, палацавы пераварот і да т.п). І дэмакратычныя сілы павінны быць гатовыя да гэтага сцэнару.

Спатрэбіцца раскручаны лідэр, як Пашыньян у Армэніі

— БХД вылучае вас на праймэрыз у рамках правацэнтрысцкай кааліцыі. Значыць, будуць і іншыя кандыдаты — ад АГП, руху «За свабоду». У каго, на вашу думку, больш шанцаў?

— Ацэньваць будуць тыя, хто будзе ўдзельнічаць у праймэрыз. І мы лічым, што гэта павінны быць дзясяткі тысяч людзей — ня толькі партыйныя актывісты ці ўдзельнікі акцыяў.

Але я хачу зрабіць важны акцэнт. Увесь час гучыць, што гэта «прэзыдэнцкая кампанія». На самой справе лідэр, якога вылучаць правацэнтрысты — і, магчыма, гэта будзе асноўны дэмакратычны лідэр — ён можа быць як лідэрам удзелу, гэтак і лідэрам байкоту. Ёсьць умовы, і іх даволі шмат, пры якіх гэта будзе ня проста кампанія ўдзелу. Калі зьменіцца сытуацыя — здароўе кіраўніка дзяржавы, унутраныя прычыны, замежны ціск, сацыяльныя ўзрушэньні — то спатрэбіцца раскручаны лідэр, як Пашыньян у Армэніі.

І таму той, хто будзе гатовы да гэтых нечаканых падзеяў, хто будзе падрыхтаваны ў пляне бачаньня, у асабістым, праграмным пляне, у пляне водгуку на запатрабаваньні людзей — ён і стане пераможцам.

— Вы гатовыя да гэтай ролі?

— Я гатовы да гэтай ролі. Інакш бы я не вылучаўся.

— То бок зараз вы лічыце больш важным для дэмакратычных сілаў вылучыць свайго лідэра, яго раскруціць — а ўдзел у выбарах ужо залежыць ад сытуацыі?

— Абсалютна. Думаю, гэта будзе няпростае рашэньне. Такое, каб проста праштампаваць удзел некалькіх кандыдатаў, — гэта не сцэнар для БХД.

Трэба апярэдзіць усе тыя сілы, якія захочуць скарыстацца такой сытуацыяй

— Мяркую, пасьля вашага вылучэньня вы прачыталі дзясяткі камэнтароў у стылі «псэўдаапазыцыя», «падыгрываеце дыктатару» і гэтак далей. Вы думаеце, вам удасца дастукацца да тых людзей, якія не ўспрымаюць ніякі ўдзел у выбарах, у любой форме?

— Я думаю, што калі будзе сустрэча з прыхільнікамі і сябрамі БХД, альбо размовы зь людзьмі ў рамках праймэрыз, — мы здолеем данесьці гэтую пазыцыю. Але я хачу патлумачыць: ёсьць літаральна некалькі месяцаў, калі рэальна, юрыдычна магчыма зьмяніць сытуацыю. Калі нешта здараецца — магчымасьці ёсьць у тых, хто набраў поўную хуткасьць і мае моцную каманду. Гэта і ёсьць шанец. Калі штосьці здараецца нават пасьля праведзенага спэктакля, але да інаўгурацыі — гэта таксама магчымасьць.

І нельга думаць, што толькі беларуская апазыцыя зацікаўленая ў нейкай зьмене. І Расея зацікаўленая ў зьмене. Трэба апярэдзіць усе тыя сілы, якія захочуць скарыстацца такой сытуацыяй. І нам трэба мець расплянаваны сцэнар, лідэра, які гатовы будзе рэалізоўваць сцэнар пераменаў. Умоўна кажучы, нашага Пашыняна.

— Сярод беларускіх апазыцыйных палітыкаў ёсьць два тыпы. Адны кажуць, што перш за ўсё трэба слухаць людзей, слухаць пра іхнія, найперш матэрыяльныя, праблемы — і, адпаведна, змагацца за «лавачкі каля пад’ездаў». Іншыя палітыкі маюць моцную ідэйную скіраванасьць, яны нясуць свае падыходы, свае палітычныя і нават маральныя прынцыпы ў грамадзтва. Вы вось штодня праводзіце варту ў Курапатах, на якую прыходзіць некалькі дзясяткаў чалавек. Калі вы станеце абраным лідэрам, які павінен будзе прадстаўляць усе агульнадэмакратычныя сілы — вы застаняцеся на сваёй прынцыповай ідэйнай плятформе ці будзеце прадстаўляць шырокае кола выбарнікаў?

— Паслухайце, летась былі магутныя сацыяльныя ўзрушэньні, маршы недармаедаў. Я быў на плошчах зь людзьмі. Гэта былі зусім ня тыя людзі, якія звычайна ходзяць на мітынгі, на Дзяды ў Курапаты. Гэта былі людзі з заводаў, пэнсіянэры, большасьць зь іх я бачыў першы раз.

Вядома, калі рух пойдзе — шмат у чым людзі самі будуць фармуляваць парадак дня. Але зразумела, што гэты рэжым усіх дастаў. Дастала людзей гэтая норма хлусіць, палохаць, закручваць гайкі. Патрэбная маральная рэвалюцыя, пра якую я ўжо даўно кажу.

— Ёсьць меркаваньне, што маральныя рэвалюцыі не адбываюцца за адзін дзень.

— Яны не адбываюцца за адзін дзень. Але калі грамадзтва гатовае і калі людзі падрыхтаваныя масавымі кампаніямі — гэта робіцца хутка. Мандэла казаў: «Грамадзтва зьмяніць нескладана, складана зьмяніць сябе». І тут мы падыходзім да сарцавіны пасланьня хрысьціянскіх дэмакратаў — нам не абысьціся без таго, як мяняць саміх сябе. Калі мы будзем гатовыя — як народ, апазыцыя, асобы — узяць адказнасьць за гэтую краіну, то Гасподзь Бог нам гэтую адказнасьць дасьць.

— Акрамя правацэнтрысцкай кааліцыі, ёсьць і іншыя. Але Партыя БНФ, напрыклад, заяўляе, што будзе мець свайго кандыдата на выбары, ёсьць яшчэ некалькі сацыял-дэмакратычных партыяў, асобна стаіць «Гавары праўду». Вы хацелі б, каб быў адзіны кандыдат ад усёй апазыцыі, ці можа быць і некалькі?

— Калі будзе зацьверджаная працэдура праймэрыз, мы абавязкова запросім да ўдзелу ў ёй БНФ, сацыял-дэмакратаў, зялёных, іншых. Мы хочам, каб на праймэрыз былі прадстаўленыя ўсе варыянты. Але камуністы — я, напрыклад, супраць. Тыя, хто ўжо супрацоўнічаў з рэжымам — ад Гайдукевіча да іншых — іхны ўдзел не лічу патрэбным, яны гуляюць на іншым баку.

І таму, калі я іду ў гэтую кампанію, — фактычна я іду на крыж

— Вы калісьці ў момант чарговага затрыманьня казалі, што прадстаўнікі спэцслужбаў цікавіліся, ці не зьбіраецеся вы ісьці на прэзыдэнцкія выбары.

— Такія пытаньні задаюцца досыць часта. Дзесьці мацаюць праз знаёмых — гатовы я ці не гатовы. Калі б былі прэзыдэнцкія выбары — я б у іх ужо ўдзельнічаў, пасьля таго як споўнілася 35 гадоў. У нас прэзыдэнцкіх выбараў няма — з гэтага я і зыходжу.

І таму, калі я іду ў гэтую кампанію, — фактычна я іду на крыж. І падстаўляю сваю сям’ю, блізкіх людзей. Гэта можа быць кампанія масавых вулічных акцыяў, кампанія супраціву, грамадзкага непадпарадкаваньня. А гэта зусім іншы фармат, гэта не кабінэтныя прамовы, рэйтынгі. У Беларусі гэтага няма, няма палітыкі.

— Вы ў выніку сваёй біяграфіі (сядзелі, былі на «хіміі») маеце імідж чалавека прынцыповага, у пэўным сэнсе нават нематэрыяльнага. Але прэзыдэнцкая кампанія — фонды, грошы, траты — ці можа яна гэты імідж сапсаваць? Ужо гучаць такія выказваньні, што ў выніку выбараў Павал Севярынец можа хоць грошыкі атрымаць — не для сябе, вядома, а на добрыя справы.

— Не. У рэальнасьці мэты зарабіць, вядома ж, ня ставіцца. У нашай сытуацыі ўдзел у такой кампаніі — гэта суцэльныя выдаткі, пачынаючы ад здароўя і заканчваючы асабістымі грашыма. У мяне грошай і так няма, але нават тыя дробязі, якія зьяўляюцца ад продажу кніг, будуць траціцца на гэтую кампанію.

Беларуская палітыка павінна рабіцца за беларускія грошы. Калі людзі будуць гатовыя ахвяраваць на каманду пераменаў, кампанію ўдзелу, кампанію непадпарадкаваньня — ёсьць спосабы, як гэта можна зрабіць. Калі за 25 гадоў вас гэта дастала — сябры, давайце разам. Хто можа, хто ўмее — удзельнічайце ў арганізацыйных момантах, выходзьце на Плошчу. Хто ня можа выходзіць на Плошчу — падтрымлівайце матэрыяльна.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках