25 лiстапада 2024, панядзелак, 1:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: 9 расейскіх тэлеканалаў прамываюць мазгі беларусам

25
Наталля Радзіна: 9 расейскіх тэлеканалаў прамываюць мазгі беларусам
Наталля Радзіна

Каб захаваць Беларусь, патрэбна падтрымка незалежных СМІ.

Усякая ўлада заўсёды саступае журналістам, а блакаванне сайтаў і крымінальныя справы супраць рэдактараў і блогераў, пераслед журналістаў сведчаць пра «апошнія дні Пампеі» рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, сцвярджае ў інтэрв'ю літоўскаму парталу DELFI галоўная рэдактарка Беларускага незалежнага выдання Наталля Радзіна, якое працуе за мяжой.

Паводле яе слоў, Лукашэнка не кантралюе сітуацыю і рэсурсаў для падаўжэння ўлады няма, і галоўны хаўруснік Беларусі – Масква – гэта разумее: «У Расеі гэта ведаюць — адсюль гэтыя сталыя размовы пра тое, што Крэмль шукае яму замену. І, сапраўды, гэта можа адбыцца. Але аб Беларусь Пуцін можа абламаць зубы. Беларусы будуць супраціўляцца: і ўнутры краіны, і за мяжой».

У той жа час, мяркуе Радзіна, неразуменне еўрапейскімі чыноўнікамі рэальнай сітуацыі і палітыка еўрапейцаў у дачыненні да Беларусі прыводзіць да таго, што пакутуюць дэмакратычныя арганізацыі і незалежныя СМІ, якім адмаўляюць у дапамозе, «каб не раздражняць» адчувальных «беларускіх чыноўнікаў». З такімі цяжкасцямі сутыкнуўся і ўзначалены беларускай журналісткай рэсурс.

— Сёлета ваша выданне было заблакаванае. Гэта не ў першы і, магчыма, не ў апошні раз, як вы думаеце?

- Хацелася б, каб у апошні! Сёлета сайту «Хартыя-97» споўнілася 20 гадоў. Усе гэтыя гады нам не давалі спакойна працаваць ніводнага дня: блакаванні, траплянне ў розныя «чорныя спісы» інтэрнэт-цэнзараў, спробы ўзлому, DdoS-атакі, нарэшце, арышты журналістаў і забойства заснавальніка сайта Алега Бябеніна.

Радуе толькі адно: мы выстаялі і прадоўжылі працаваць, здабыўшы яшчэ большую папулярнасць і ў Беларусі, і ў свеце. Усякая ўлада заўсёды саступае журналістам, якімі б метадамі яна з імі ні змагалася.

Хваля рэпрэсій, якая сёння абрынулася на беларускія незалежныя медыі - і блакаванне «Хартыі», і крымінальныя справы супраць рэдактараў і блогераў, і пераслед фрылансераў - сведчаць пра «апошнія дні Пампеі».

Час Лукашэнкі скончыўся. У «атамана» няма не толькі залатога запасу, у яго наогул няма ніякіх рэсурсаў для падаўжэння ўлады. Дыктатура, якая выбудоўвалася цягам 24 гадоў, сёння нагадвае картачны дамок.

Людзі дыктатара ненавідзяць, стыхійныя пратэсты ўспыхваюць паўсюдна і стабільна некалькі разоў на тыдзень. Відаць, што цярпенне народа на мяжы. Праз скарачэнне расейскіх датацый нерэфармаваная эканоміка развальваецца: заробкі сёння ў краіне 100-200 даляраў, пенсіі яшчэ меншыя, кошты надзвычай высокія, беспрацоўе расце, але замест дапамогі людзям у найлепшых савецкіх традыцыях прымаецца закон супраць «дармаедства». Вядома, Беларусь пакуль яшчэ не Венесуэла, але кірунак руху адзін - да немінучага краху.

Так што блакаванне «Хартыі» ніяк рэжыму не дапаможа, а толькі наадварот дадасць праблем на міжнародным фронце.

— Вы казалі, што фонды, якія традыцыйна падтрымліваюць незалежныя СМІ, перасталі падтрымліваць вас. З чым вы гэта звязваеце і што рэальна было з гэтымі адмовамі?

- Звязваю, у першую чаргу, з абсалютным неразуменнем рэальнай сітуацыі ў Беларусі заходнімі бюракратамі. Па-другое, з той палітыкай, якую чыноўнікі ЕЗ сёння праводзяць у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, дарэмна спрабуючы пра нешта дамаўляцца з банкрутам, марыянеткай Крамля і паталагічным хлусам.

Вынік такой палітыкі - нуль, але, як гэта ўжо было не раз падчас ранейшых «дыялогаў» Захаду з Лукашэнкам, першымі пакутуюць дэмакратычныя арганізацыі і незалежныя СМІ. Нам пачынаюць паўсюдна адмаўляць у дапамозе, каб не раздражняць «адчувальных» беларускіх чыноўнікаў, а то, не дай Бог, тыя тупнуць ножкай і ўцякуць у нервовым расстройстве з чарговага этапу перамоваў. І гэта не проста маё меркаванне.

Адзін заходні дыпламат мне так проста і сказаў: «калі мы вядзем перамовы з вашымі ўладамі, у першую чаргу, пакутуюць такія арганізацыі, як ваша». Гэта значыць, без падтрымкі застаюцца тыя, хто мае прынцыповую пазіцыю ў пытаннях парушэння правоў чалавека ў Беларусі, кажа пра неабходнасць правядзення ў краіне палітычных і эканамічных рэформаў і намагае на правядзенні новых свабодных выбараў, бо Лукашэнка не з’яўляецца легітымным прэзідэнтам Беларусі ўжо 20 гадоў.

Не выключаныя таксама некампетэнтнасць і нядбалае стаўленне да сваіх абавязкаў некаторых кіраўнікоў і мэнэджараў фондаў. Паверце, я іх пабачыла нямала. Шчасце, калі Беларуссю займаюцца людзі неабыякавыя, якія перажываюць за краіну, сапраўды хочуць, каб жыццё змянілася да лепшага, паважаюць шматгадовую працу беларускіх журналістаў, праваабаронцаў і актывістаў, якім часта даводзіцца ісці на вялікія ахвяры. Няшчасце — калі займаюцца Беларуссю бюракраты.

А вось хто сёння на Захадзе падтрымлівае стварэнне беларускімі спецслужбамі ГОНГА (Government-Organized Non-Governmental Organization-DELFI) - адкажыце на гэтае пытанне самі. На жаль, апошнім часам такая практыка стала паўсюднай. Дэмакратычныя арганізацыі ледзь выжываюць, а ўлады кладуць сабе ў кішэню грошы, прызначаныя для грамадзянскай супольнасці.

- Нядаўна ў Еўрапарламенце абмяркоўвалася праблема прапаганды. Вы там былі. Якія ў вас адчуванні - у Еўропе ўсведамляюць сутнасць праблемы?

- У Еўрапейскім парламенце дакладна ўсведамляюць. Цягам гэтага года Еўрапарламент прыняў дзве рэзалюцыі з патрабаваннем неадкладна разблакаваць сайт Charter97.org і спыніць ціск на незалежныя СМІ. Пры гэтым праходзілі зусім выдатныя паводле напалу дыскусіі, падчас якіх еўрадэпутаты баранілі права беларусаў на свабодную інфармацыю і заклікалі да ўвядзення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Дарэчы, хацела б выказаць вялікую падзяку літоўскаму еўрадэпутату Пятрасу Аўштравічусу, які самым актыўным чынам падымае беларускія пытанні ў Еўразвязе.

Аднак, мяркуючы з таго, што незалежныя СМІ сёння ў постсавецкіх краінах знаходзяцца ў гаротным становішчы, пагроза расейскай прапаганды не ўсведамляецца цалкам іншымі еўрапейскімі структурамі. Аб праблемах з фінансаваннем абвясціла не толькі беларуская «Хартыя». У той жа дзень (так супала!) аб зборы сродкаў абвясціў найстарэйшае расейскае незалежнае выданне «Новая газета».

Я часта сустракаюся з рэдактарамі незалежных СМІ Украіны, Расеі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Грузіі, Азербайджана, Малдовы. І паверце, усе яны скардзяцца на цяжкую фінансавую сітуацыю, якая не дазваляе іх медыям не тое што развівацца - прадаўжаць працу!

Пра якое супрацьстаянне расейскай прапагандзе могуць пасля гэтага казаць еўрапейскія палітыкі? Яго проста не існуе ў прыродзе. Ёсць толькі скалынанне паветра.

— Што вы можаце сказаць аб сітуацыі ў інфармацыйным полі Беларусі? Якая сітуацыя ў вашай краіне?

— Катастрафічная. Мазгі беларусаў прамываюць 9 расейскіх тэлеканалаў, расейскія радыёстанцыі, газеты і сайты, якія цяпер плодзяцца, як грыбы пасля дажджу. Лукашэнка ж у адказ знішчае беларускія дэмакратычныя СМІ, якія стаяць на ідэях незалежнасці Беларусі.

Ягоная ўласная «калгасная» прапаганда працуе толькі для ўсхвалення правадыра, адкрыта хлусіць аб узроўні жыцця беларусаў і яе ўжо ніхто не глядзіць, каб не пляваць у тэлевізар. А вось да ўплыву расейскай хлусні беларусы схільныя: пуцінская прапаганда больш выдасканаленая, заснаваная на псіхалогіі і лёгка заражае розумы людзей, якія не атрымліваюць альтэрнатыўнай інфармацыі.

- Што, на вашу думку, магло б змяніць сітуацыю?

— У краінах, у якіх найбольш моцны ўплыў расейскай прапаганды, у першую чаргу, трэба падтрымаць незалежныя медыі, якія працуюць дзесяцігоддзямі, якія маюць вялікую і дакладную аўдыторыю, якім людзі давяраюць.

Трэба бараніць права народаў на атрыманне свабоднай інфармацыі, жорстка патрабуючы ад такіх дыктатараў, як Лукашэнка, спынення рэпрэсій супраць незалежных журналістаў. Напрыклад, за блакаванне такога папулярнага сайта, як «Хартыя-97, трэба ўводзіць санкцыі. Хутка і без размоў. Вось тады гэта будзе барацьба з расейскай прапагандай, а не фікцыя.

- Мяркуючы з усяго, дыялог з беларускімі ўладамі з боку ЕЗ прадаўжаецца. Як вы на гэта глядзіце?

- Гэта не дыялог. Гэта размова сляпога з глухім. Гляджу я на гэта вельмі адмоўна. Ні да якіх зменаў у лепшы бок гэта не прыводзіць. Наадварот - праз тое, што захоплены «дыялогам» Захад перастае звяртаць належную ўвагу на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, дыктатарскі рэжым канчаткова раз’юшыўся. СМІ знішчаюць, прафсаюзных лідараў арыштоўваюць, апазіцыя ўвесь час пад прэсам, выбары таксама нахабна фальсіфікуюць. А еўрапейскія чыноўнікі сваімі ваяжамі ў Менск усё гэта бязладдзе легітымізуюць.

Хоць давайце будзем сумленнымі: многія ездзяць сюды не толькі для таго, каб угаворваць састарэлага дыктатара. Праз Беларусь сёння ідуць плыні кантрабанды ў абыход расейскіх і еўрапейскіх санкцый, і некаторыя чыноўнікі з'яўляюцца банальнымі лабістамі інтарэсаў бізнэсу.

— Ёсць пытанне будаўніцтва расейскага праекта Астравецкай АЭС у Беларусі. Рашучага процідзеяння гэтаму праекту, акрамя як з боку Літвы, у ЕЗ не назіраецца. З чым гэта звязанае?

- Я думаю, літоўскія палітыкі лепш адкажуць вам на гэтае пытанне. Я магу толькі сказаць, што, безумоўна, у супрацьдзеянні запуску АЭС у Беларусі Літву сёння павінны падтрымаць усе еўрапейскія краіны. АЭС пры Лукашэнку можа быць страшнейшай за Чарнобыль.

- Не так даўно Уладзімір Пуцін выказаўся аб будаўніцтве АЭС у Беларусі «на шкоду сабе». На шкоду каму або да чыёй выгады, на вашу думку, усё ж гэты праект?

- Безумоўна, гэта палітычны праект. Будаўніцтвам АЭС за расейскія крэдыты Пуцін яшчэ больш «звязвае» Беларусь. Потым, гэта таксама можа быць інструмент для шантажу і застрашвання еўрапейцаў. Стае ж сёння ў Пуціна розуму палохаць свет ядзернай зброяй.

- У Менску прайшло адно з мерапрыемстваў у рамках Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы. Як гэта варта расцэньваць?

- У мяне адна аналогія - Мюнхен-1938 і Менск-2018. І лічбы падобныя, і сутнасць тая ж. Праводзіць такія мерапрыемствы ў дыктатарскай краіне - чарговая параза еўрапейскай палітыкі. Да чаго прыводзіць супакаенне дыктатараў, мы ведаем з гісторыі.

Лукашэнка ж на адкрыцці Мюнхенскай канферэнцыі адкрыта трызніў. Вось вам толькі некалькі цытат:

«Давайце паглядзім, што адбываецца з дэмакратыяй у Заходняй Еўропе. Калі ўжо немцы не ацанілі ролю Ангелы Мэркель у гісторыі і гатовыя яе выкінуць на задворкі, то я вас віншую».

«Вы неўзабаве прыедзеце да нас, вучыцца нашай дэмакратыі. Таму што ў нас ёсць стабільнасць для нармальнага жыцця людзей. Дзяўчынкі не павінны баяцца ў школу хадзіць у спадніцы».

«Размовы пра ядзерную зброю, пра размахванні ракетамі шкодныя, а Дональд гэтага, як малады палітык, не разумее».

Вось аб чым заходнія чыноўнікі могуць размаўляць з гэтым чалавекам? Аб чым яны з ім дамаўляюцца? Тут жа дыягназ у наяўнасці.

— Што вы можаце сказаць аб палітыцы суседніх з Беларуссю краін ЕЗ – Літвы, Латвіі, Польшчы ў дачыненні да Беларусі?

- Літве і Польшчы мы ўдзячныя за падтрымку незалежных СМІ Беларусі. Думаю, што астатнія еўрапейскія краіны павінны таксама «ўраўнаважыць» свае стасункі з беларускімі ўладамі.

— Як расцэньваць, да прыкладу, стасункі Латвіі ды Беларусі? Беларусі і Украіны?

- І ўлады Латвіі, і ўлады Украіны сёння, на жаль, загуляліся ў «рэал-палітык», ставячы эканамічныя інтарэсы вышэй за ўсё. Адсутнасць выразных маральных прыярытэтаў, прынцыповага стаўлення да пытанняў дэмакратыі ў замежнай палітыцы непазбежна прыводзіць да ўзнікнення праблем ва ўнутранай палітыцы.

У выніку мы бачым сёння, наколькі непапулярны ва Украіне прэзідэнт Парашэнка, які рэгулярна абдымаецца з Лукашэнкам, і наколькі вялікі ўплыў прарасейскіх сіл у Латвіі. Нельга ўсядзець на двух крэслах - непазбежна правалішся.

- Што цяпер з'яўляецца галоўным для Беларусі ў яе стасунках з Расеяй? Кантралюе Лукашэнка сітуацыю?

- Лукашэнка не ў стане кантраляваць сябе, не тое што сітуацыю. Ён палітычны і эканамічны банкрут. У Расеі гэта ведаюць — адсюль гэтыя сталыя размовы аб тым, што Крэмль шукае яму замену. І, сапраўды, гэта можа адбыцца. Але аб Беларусь Пуцін можа абламаць зубы.

Беларусы будуць супраціўляцца: і ўнутры краіны, і за мяжой. Усё ж, дзякуй Богу, не 1938-ы, аншлюс краіны ў цэнтры Еўропы пацягне сур'ёзныя наступствы.

Гарантам незалежнасці Беларусі сёння з'яўляюцца праеўрапейскія дэмакратычныя сілы. А ім цяпер вельмі патрэбная падтрымка і салідарнасць свету.

Нагадаем, 3 верасня галоўная рэдактарка Наталля Радзіна заявіла пра пагрозу працы сайта «Хартыя-97» праз рэзкае скарачэнне фінансавання і заклікала чытачоў да салідарнасці. Вы можаце дапамагчы сайту наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках