Вываз капіталу з Расеі пабіў рэкорд з 2014 года
- 13.11.2018, 16:35
- 8,106
У кастрычніку ён паскорыўся ўдвая - да 10,3 мільярдаў даляраў.
Адток капіталу з Расеі паскараецца, пазбаўляючы эканоміку і рынак валютных паступленняў ад высокіх коштаў сыравіны, піша сайт finanz.ru.
За кастрычнік чысты прыток валюты ў краіны склаў 12,1 млрд даляраў - на такую суму ЦБ РФ ацаніў прафіцыт існага рахунку аплатнага балансу, або розніцу паміж асноўнымі валютнымі плынямі ў краіну і з яе.
Амаль цалкам гэтыя сродкі пакінулі РФ у выглядзе адтоку прыватнага капіталу: за кастрычнік ён склаў 10,3 млрд даляраў, удвая перавысіўшы ўзровень верасня.
Назапашаным вынікам з пачатку года з Расеі выцекла 42,2 млрд даляраў - на траціну больш, чым за ўвесь мінулы год (31,3 млрд даляраў).
Да канца 2018 года, згодна з прагнозам ЦБ, які з пачатку года пераглядаўся тройчы і быў павялічаны ўтрая, гэтая лічба дасягне 66 млрд даляраў, або рэкорднага з 2014 года ўзроўню.
Значную частку адтоку фармуюць аперацыі з вонкавым абавязкам, кажа дырэктар аналітычнага дэпартамента «Лока-Інвест» Кірыл Трэмасаў: узмацненне жорсткасці санкцый істотна ўскладніла рэфінансаванне пазык карпарацыям і банкам.
За два кварталы - з красавіка да верасня - яны былі вымушаныя вярнуць заходнім крэдыторам 53,1 млрд даляраў. У кастрычніку гэты працэс, магчыма, прадоўжыўся, адзначае аналітык Райффайзенбанка Дзяніс Парывай: паводле графіку ЦБ, на кастрычнік прыпадалі выплаты на 5,9 млрд даляраў, з якіх 4,15 млрд - крэдыты.
Астатнюю суму маглі вывесці нерэзідэнты, якія распрадаюць расейскую дзяржзапазычанасць праз пагрозу санкцый, а таксама фізічныя асобы і карпарацыі, якія эвакуююць капітал за мяжу, адзначае Трэмасаў.
Трэці фактар - гэта, імаверна, няпоўнае паступленне экспартнага прыбытку на расейскія рахункі, прадаўжае Парывай: у ліпені «Раснафта» вызвалілі ад абавязку пералічваць у РФ даходы ад продажу нафты, якую на кампанію ўсклалі на піку крызісу ў 2014-м годзе.
У выніку рубель застаецца нестабільным, бо адток капіталу «з'ядае» ўсю валюту, якую пакінулі рынку Мінфін і ЦБ, якія спынілі скупку ў верасні, адзначае Парывай.
На ягоную ацэнку, у найбліжэйшыя два месяцы чысты прыток валюты па існым рахунку складзе 12,5 млрд даляраў, тады як на выплату запазычанасці неабходна 14,5 млрд (са снежаньскім пікам 8 млрд даляраў).
Акрамя таго, валюту, імаверна, прадоўжаць выводзіць нерэзідэнты, якія распрадаюць АФЗ. У гэтых варунках курс даляра можа перавысіць 70 рублёў нават без падзення коштаў нафты, кажа Парывай.