27 снежня 2024, Пятніца, 22:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Севярынец: Лукашэнка баіцца, што неўзабаве людзі выставяць яму рахунак

25
Павел Севярынец: Лукашэнка баіцца, што неўзабаве людзі выставяць яму рахунак
ПАВЕЛ СЕВЯРЫНЕЦ

У краіне пашыраецца акно магчымасцяў для пераменаў.

На днях беларускі дыктатар заявіў, аб тым, што «ў краіне пачынаецца палітычная вакханалія».

«Будучы год - гэта год сур'ёзны. У нас пачынаецца палітычная «вакханалія», якая прадоўжыцца мінімум паўтара года. І выбары парламента, і прэзідэнта. Яны ніколі не дадавалі стабільнасці і спакою ў нашым грамадстве», – сказаў Лукашэнка падчас чарговых кадравых прызначэнняў.

Заяву дыктатара сайту Charter97.org каментуе адзін з лідараў аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец:

- Па-першае, палітычная вакханалія прадаўжаецца ў нас амаль 25 гадоў - з таго часу, як Лукашэнка пачаў кіраваць Беларуссю.

Ягонае праўленне, без усялякіх жартаў, у самым наўпроставым сэнсе - палітычная вакханалія. Выбараў у краіне няма, замест іх фальсіфікацыі. Людзей хапаюць і саджаюць за тое, што яны проста выказваюць свае думкі або праводзяць мірныя акцыі. Знішчаныя ўсе галіны ўлады, акрамя выканаўчай. А выканаўчая ўлада знявечаная да такой ступені, што людзі яе проста ненавідзяць. Тое, што мы бачым - гэта сапраўды палітычная вакханалія.

Тое, як Лукашэнка казаў гэтыя словы, паказвае на тое, што ён баіцца. Баіцца таго, што беларускі народ падчас кампаніі палітызацыі, званай «выбарамі», выставіць яму свой рахунак. Людзі неўзабаве выставяць рахунак дыктатару за ўсё. За «закручаныя гайкі», за знішчаных праціўнікаў, за падатак на «дармаедаў», за Берасцейскі акумулятарны завод, Светлагорскі цэлюлозны – за ўсё.

І, вядома, Лукашэнка ўсяго гэтага баіцца. Баіцца ён сам і баіцца ягоная «хеўра».

- У інтэрв'ю «Радыё Свабода» вы сказалі, што гатовыя стаць «беларускім Пашынянам». Вы будзеце ўдзельнічаць у палітычнай кампаніі пад назвай «прэзідэнцкія выбары»?

- Я сказаў не зусім такую фразу. Гэта, хутчэй, журналісцкая канструкцыя. Але, у прынцыпе, я гатовы выконваць сваю ролю, як яе выканаў сённяшні прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян.

Што тычыцца найбліжэйшай палітычнай кампаніі, то «выбарамі» яе назваць немагчыма. Выбараў у Беларусі няма - ёсць суцэльная фальсіфікацыя.

Аднак падчас правядзення ўладамі выбарчага спектакля ёсць некалькі месяцаў, падчас якіх раскрываецца акно магчымасцяў. Той, хто праявіў сябе лідарам у гэты час - не важна, будзь гэта лідар кампаніі байкоту, або адзіны кандыдат ад апазіцыйных сіл, або незалежны кандыдат - гэты чалавек мае шанец стаць адкрытай альтэрнатывай Лукашэнку.

І калі штосьці адбываецца, здараецца нейкі форс-мажор – такі лідар становіцца новым кіраўніком Беларусі.

Магчымасць такога развіцця падзей здаецца сёння не вельмі высокай, але беларускі народ павінен быць да яе гатовым. Я ведаю многіх людзей у Беларусі, якія сталі б нашмат найлепшымі кіраўнікамі, чым Лукашэнка. Я думаю, што мы здолеем сабраць такую каманду ў найбліжэйшыя год-два. Людзей, якія гатовыя і хочуць ажыццяўляць перамены, мы заклікаем далучацца да гэтай палітычнай кампаніі.

- Чаму вы думаеце, што акно магчымасцяў для пераменаў цяпер шырэйшае, чым у мінулыя гады і мінулыя кампаніі?

- Па-першае, таму што час ідзе, і час працуе не на Лукашэнку і ягоны рэжым. Лукашэнка старэе, зношваецца яго рэпрэсіўная машына. Расце колькасць людзей, якія бачаць, наколькі лепш жывуць грамадзяне суседніх краін, асабліва Польшчы, Літвы, Латвіі.

Нарэшце цярпенне беларусаў, якім бы вялікім і легендарным яно ні было, заканчваецца. Гэта паказалі леташнія масавыя акцыі пратэсту супраць дэкрэта аб «дармаедах».

Таму я думаю, што акно магчымасцяў для пераменаў пашыраецца. Магчыма, яшчэ трэба некаторы час, каб падрыхтаваць альтэрнатыву Лукашэнку.

- Што гэта азначае - падрыхтаваць альтэрнатыву?

- У першую чаргу падрыхтаваць каманду. Затым - альтэрнатыўныя праекты законаў. Акрамя таго, трэба рыхтавацца маральна. Беларусі патрэбна маральная рэвалюцыя – нават, напэўна, больш, чым вулічная рэвалюцыя. Беларусы павінны зразумець, што жыць паводле нормаў хлусні, крадзяжу і п'янства, як у цяперашняй РБ, проста немагчыма. Калі беларускі народ напоўніцца такім разумеем - перамены будуць непазбежнымі.

- Як хутка будзе гатовая альтэрнатыва? Колькі часу вы яшчэ адводзіце рэжыму Лукашэнкі?

- Такога адкрыцця ў мяне няма. Скажу толькі: як толькі мы будзем гатовыя ўзяць адказнасць за Беларусь, Бог дасць нам яе ў рукі.

- У чым палягае ваш план? З кім разам вы збіраецеся дзейнічаць? На чыю падтрымку разлічваеце?

- Ёсць дамоўленасць паміж кандыдатамі, якія ўваходзяць у правацэнтрысцкую кааліцыю. Гэта азначае абранне адзінага лідара сярод усіх, хто пажадае прыняць удзел у гэтым адкрытым спаборніцтве.

Думаю, што ў пачатку наступнага года мы пачнём палітычную кампанію. Магчыма, Лукашэнка, спалохаўшыся, і назваў гэта «вакханаліяй». Людзі пачнуць адкрыта выказваць сваё меркаванне. Лічыць галасы будзе не Ярмошына - лічыць будуць самі людзі, пратэстуючы супраць фальсіфікацый.

Спадзяюся, што падчас гэтай кампаніі ў Менску і рэгіёнах паўстане цэлая хваля людзей, якія гатовыя не толькі падтрымліваць нас выхадам на акцыі, але і праяўляць ініцыятыву.

Бо калі чакаць героя, які прыйдзе і ўсё зробіць – можна прачакаць вельмі доўга. А калі станавіцца побач, плячом да пляча, як у Курапатах, то разам мы зможам перамагчы.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках