15 траўня 2024, Серада, 23:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўніца вясковай школы выйграла ў знатакоў «Што? Дзе? Калі?» тры месячныя заробкі

12
Настаўніца вясковай школы выйграла ў знатакоў «Што? Дзе? Калі?» тры месячныя заробкі

На яе пытанне гульцы маскоўскага элітарнага клуба здолелі адказаць толькі з дапамогай калегаў з іншых каманд.

Можна колькі заўгодна казаць вучням пра карысць ад чытання кніг, а можна адным прыкладам давесці, што дадасца не толькі ведаў, але і грошай, піша kp.by. А гэта для многіх дзяцей вызначальны аргумент. Яго сваім вучням цалкам можа прадэманстраваць настаўніца беларускай і расейскай мовы і літаратуры з вёскі Вязаўніцы Асіповіцкага раёна Вольга Куцік. Яна задала маскоўскім знатакам каманды Барыса Белазёрава дзіцячае, і ў той жа час няпростае пытанне з казкі «Тры таўстуны»:

- Што Юрый Алеша параўнаў з шарамі, напоўненымі асляпляльным кіпячым малаком?

За хвіліну знатакі нічога лепшага за аблокі, снег, сонца і г. д. не прыдумалі і звярнуліся па дапамогу да клуба. Такая магчымасць у іх ёсць адзін раз за гульню, калі каманда саступае ў ліку. А лік быў 4:5 на карысць тэлегледачоў. І толькі ўсім калектывам яны далі правільны адказ: «Ліхтары».

На выйграныя грошы паеду ў Еўропу

Але ў выпадку выйгрышу бала з дапамогай клуба тэлеглядач атрымлівае ўзнагароджанне. І Вользе сышлі 100 000 расейскіх рублёў, гэта прыкладна 1500 даляраў.

Але вось тое, як гэтае пытанне трапіла на гульнявы стол, асобная гісторыя.

Пытанне Вольгі выпала, калі стрэлка ваўчка паказала на 13-ы сектар. Ён завецца «Інтэрнэт супраць знатакоў». Падчас жывога эфіру тэлегледачы дасылаюць пытанні, і кампутар выпадковым чынам выбірае адно з іх. На той момант было даслана 86 117 пытанняў! Залішне казаць, якія былі ў Вольгі шанцы згуляць?! Але гэты шчаслівы шанец выпаў.

- Гляджу кожную гульню ў жывым эфіры, бо на беларускім тэлеканале яна ідзе ў запісе на тыдзень пазней. Калі на экране з'явіўся надпіс «Асіповічы», у мяне ледзь сэрца з грудзей не выскачыла. А падчас хвіліны абмеркавання я так хвалявалася, што не разумела, пра што знатакі кажуць. Супакоілася, толькі калі яны адказалі з дапамогай клуба. Так што я і за іх рада, і за сябе. Чаго хітраваць, хочацца і грошы выйграць.

З Масквы Вользе паведамілі, што выйгрыш будзе пералічаны цягам шасці месяцаў.

- Гэта тры мае заробкі. Але кажуць, што расейскі падатак будзе 35%. Так што сума будзе значна меншая. Але на невялікае падарожжа ўсё адно выстарчыць. Паеду з мужам у Еўропу. Цяпер мая мара трапіць у зімовую серыю, у жывы эфір. Таму працую над пытаннем.

«У менскім клубе мае пытанні двойчы прызнавалі найлепшымі»

- Мне 45 гадоў, а «Што? Дзе? Калі?» я гляджу з шостага класа, - прадаўжае Вольга, выкраіўшы для нас час на перапынку. - У беларускім клубе я гуляла шэсць разоў і чатыры разы перамагала. Сваё першае пытанне я задала беларускаму клубу ў 2012 годзе, і яго прызналі найлепшым у восеньскай серыі. І затым, як той казаў, Астапа панесла... Я прыдумвала і высылала пытанні і ў Менск, і ў Маскву. У 2016-м маё пытанне было прызнанае найлепшым у вясновай серыі беларускага клуба.

«У 60-я гады ля ўваходу ў некаторыя ўстановы стаяў ахоўнік з лінейкай у руках. Для чаго яна яму была патрэбная?» Адказ: «У тыя часы міні-спадніца ўважалася за неадпаведны ўбор, і ахоўнік замяраў даўжыню спадніцы: калі яна была занадта кароткай, то дзяўчыну ў кавярню не пускалі»... Знаўцы адказалі, што гаворка ідзе пра штаны клёш. Яшчэ адзін прыклад таго, што і на лёгкім пытанні можна выйграць у знатакоў.

- Я атрымала без выліку падаткаў агулам 9 мільёнаў рублёў (да дэнамінацыі). Частка грошай пайшла на шклопакеты ў кватэры.

Але выбар кампутарам пытання ў 13-м сектары - справа выпадку. Вольга чакае, калі забяруць яе пытанне, якое трапляе на стол у канверце.

- Ужо шэсць гадоў я высылаю пытанні. А тры гады таму мне паведамілі з Масквы, што маё пытанне прайшло адборачны тур, і папрасілі выслаць фатаграфію. І на гэтым пакуль усё. Але цяпер настрой у мяне значна лепшы, - прызналася Вольга.

Аршанец выйграў на пытанні аб марах бінокля

Пытанні беларускіх тэлегледачоў увесь час удзельнічаюць у гульнях маскоўскага клуба. Былі яны і ва ўсіх чатырох гульнях цяперашняй зімовай серыі. Але выйграў толькі адзін. Андрэй Пачанкоў з Воршы падолеў каманду Балаша Касумава ў бліцы. Ён спытаў, пра што марыць бінокль на карыкатуры мастака Tango. Адказ: «Марыць аб акулярах». Аршанец атрымае за 70 000 расейскіх рублёў (блізу 1000 даляраў).

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках