Украінскага журналіста Паўла Шаройку за зачыненымі дзвярыма судзяць за «шпіянаж»
2- 12.02.2018, 16:17
- 13,602
Пра пачатак разгляду рэзананснай міжнароднай справы стала вядома толькі сёння.
Аб правядзенні судовага працэсу 12 лютага сайту Беларускай асацыяцыі журналістаў baj.by паведаміла прэс-сакратарка Вярхоўнага суда Юлія Ляскова.
Працэс паводле справы ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі праходзіць у Вярхоўным судзе Беларусі ў закрытым рэжыме.
На пытанне, чаму пра пачатак разгляду рэзананснай міжнароднай справы стала вядома толькі сёння, Ляскова паведаміла, што ў судах Беларусі штодня разглядаецца блізу 4 тысяч спраў, і яна не можа ведаць пра пачатак кожнага працэсу.
Пра тое, калі пачаўся працэс над Шаройкам, Юлія Ляскова паведамляць адмовілася.
Нагадаем, акрэдытаваны ў Беларусі карэспандэнт «Украінскага радыё» Павел Шаройка быў затрыманы КДБ 25 кастрычніка 2017 года і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ. Вядома пра гэта стала толькі праз тры тыдні, 17 лістапада, пасля паведамлення кіраўніка Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны Зураба Аласаніі ў Facebook.
20 лістапада стала вядома, што ў дачыненні да Шаройкі распачата справа паводле артыкула «шпіянаж», ён узяты пад варту.
Паводле інфармацыі КДБ, Шаройка «стварыў агентурную сетку з грамадзян Беларусі, якія за грашовае ўзнагароджанне выконвалі ягоныя заданні для збору звестак выведвальнага характару ў вайскова-палітычнай сферы». Ягоную дзейнасць каардынаваў супрацоўнік галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны Ігар Скварцоў, які дзейнічаў пад прыкрыццём на пасадзе дарадцы амбасады Украіны. Скварцоў быў абвешчаны персонай нон-грата і 25 кастрычніка высланы з Беларусі.