Максім Вінярскі: Свабодныя людзі могуць уздзейнічаць на многае
- 20.02.2018, 15:34
- 29,690
Беларусы павінны даць бой і дэкрэту №1.
Пра гэта сайту Сharter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі ў каментары наконт мінулагодняй акцыі пратэсту супраць дэкрэта №3:
- Я мяркую, што Маршы абураных беларусаў сталі выпрабаваннем годнасці беларусаў. Частка беларускага грамадства прайшла гэты іспыт на выдатна.
Бо ганебны дэкрэт не быў уведзены ў дзеянне, больш за тое, быў фактычна скасаваны. Скасаванне падатку на «дармаедства» - дасягненне кожнага ўдзельніка пратэстаў, незалежна ад таго, дзе яны праходзілі. Ціск грамадства і выхад людзей на вуліцы гарадоў зрабілі сваю справу. Не трэба забываць пра гэта і ў будучыні.
- На замену дэкрэту №3 прыйшоў дэкрэт №1, які практычна нічым не адрозніваецца ад папярэдняга. Мікалай Статкевіч заявіў, што калі на акцыі 25 сакавіка свет убачыць шмат людзей, улады не адважацца прывесці ў дзеянне абноўлены падатак на «дармаедства». Вы згодныя з такім меркаваннем?
- Справа ў тым, што паводле новага дэкрэту, па кожнага з беларусаў прыйдуць паасобку, каб спагнаць грошы ці накінуць ярмо на шыю. Улады спадзяюцца, што пры такім падыходзе людзі не стануць бараніць адзін аднаго. Адным падымуць кошты «камуналкі», іншых - паспрабуюць загнаць у ЛПП. А сутнасць адна: узяць у закладнікі, зрабіць залежнымі тых грамадзян, якія яшчэ не прызнаюць над сабой «панскі бот». Ці пагодзяцца беларусы вяртацца ў часы прыгоннага права? Паглядзім.
Хочацца адзначыць, што сёлетні Дзень Волі - вялікае свята. Дыктатара злуе, што народ святкуе на сваё ўласнае жаданне, а не паводле прызначэння. Свабодныя людзі, якія хочуць адсвяткаваць 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі - могуць уздзейнічаць на многае.