27 снежня 2024, Пятніца, 8:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка патрапіў у цугцванг

25
Лукашэнка патрапіў у цугцванг
ФОТА: SVABODA.ORG

Уладзе давядзецца мець справу з непрадказальным апанентам.

Жыхары Берасця заявілі, што калі цягам тыдня не спыніцца будаўніцтва акумулятарнага завода «АйПаўэр», то яны гатовыя вынесці свой пратэст на галоўную плошчу горада.

Пракаментаваць гэта сайт Сharter97.org папрасіў каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», аднаго з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Яўгена Афнагеля:

- Зусім нядаўна я, як прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, удзельнічаў у акцыі ў Светлагорску. Жыхары гэтага горада змагаюцца супраць завода сульфатнай беленай цэлюлозы, які прычыняе шкоду навакольнаму асяроддзю і замінае людзям жыць.

Гэта не адзінкавы выпадак, калі ўлады, на шкоду здароўю і дабрабыту ўласнага народа будуюць шкодныя прадпрыемствы. Радуе тое, што людзі не згаджаюцца жыць у такіх варунках і гатовыя да рашучых дзеянняў.

Жыхары Светлагорска выбралі самы дзейсны метад барацьбы: яны не абмежаваліся зборам подпісаў, лістамі і зваротамі да чыноўнікаў, а выйшлі на вуліцу. Маршы абураных беларусаў, якія прайшлі летась, сталі добрай школай для ўсяго народа. Людзі зразумелі, якія аргументы найбольш эфектыўныя ў спрэчцы з уладай і, думаю, будуць усё часцей імі карыстацца.

Хачу адзначыць яшчэ адзін момант, пра які мы папярэджвалі раней. Вясной 2017 года, на першым Маршы абураных беларусаў мы прапаноўвалі дыялог. У Лукашэнкі была магчымасць сесці за стол перамоваў з лідарамі апазіцыі. Мы папярэджвалі, што калі ўлады праігнаруюць нашу прапанову, то ім давядзецца мець справу з абуранымі і даведзенымі да крайнасці звычайнымі жыхарамі беларускіх гарадоў. А аргументы працоўнага, які некалькі месяцаў не можа атрымаць свой жабрацкі заробак і не ведае, як звесці канцы з канцамі, зусім іншыя. І гутарка, хутчэй за ўсё, будзе вельмі кароткай, калі наогул будзе. Гэта вельмі непрадказальны праціўнік.

Сёння мы бачым абураных жыхароў Светлагорска, бачым берасцейцаў, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, менчукоў, якія пратэстуюць супраць ушчыльнення. Людзі даведзеныя да крайнасці, і цяжка спрагназаваць той момант, калі абурэнне выльецца на вуліцы.

Стыхійныя і бунты і рэвалюцыі пачыналіся з-за дробных, бытавых падзей. Дзесьці не завезлі хлеб у крамы, дзесьці крыху выраслі кошты, дзесьці жаўнерам выдалі непрыдатны для ежы суп. Бостанскае чаяванне - пратэст супраць дыскрымінацыйных падаткаў - стала пачаткам Амерыканскай рэвалюцыі. На жаль, беларускія ўлады дрэнна вывучылі ўрокі гісторыі.

- Пратэстоўцы ў Берасці падкрэслілі, што яны вылучаюць менавіта ультыматум. Як вы пракаментуеце такія акцэнты ў размове з уладай?

- Я падкрэслю яшчэ раз, што пратэсты ў Берасці - не прыватны выпадак, а заканамернасць. Такія пратэсты мы назіраем ва ўсёй краіне. І гэта рэаліі, з якімі ўладам давядзецца мірыцца, бо беларусы навучыліся размаўляць з імі з пазіцыі сілы.

Мы былі сведкамі гэтага летась. Беларусы вызначылі, што могуць скасаваць падатак на «дармаедства» - выйшлі на вуліцы і скасавалі. Людзі вельмі добра засвоілі гэты ўрок і рэагуюць на недальнабачныя пастановы ўладаў ва ўльтыматыўнай форме.

А з Лукашэнкам, як мне здаецца, хтосьці сыграў злы жарт. Прыняць дэкрэт №1, які фактычна з'яўляецца калькай дэкрэта №3 - хіба гэта кажа пра разуменне сітуацыі ў Беларусі? Многія экспэрты сыходзяцца ў тым, што дыктатар зусім не арыентуецца ў тым, што напраўду адбываецца ў краіне.

- Якім можа быць выйсце з гэтай сітуацыі?

- У Лукашэнкі ёсць два варыянты дзеянняў: тэрміновае рэфармаванне эканомікі, немагчымае без рэфармавання палітычнай сістэмы і сумленных свабодных выбараў прэзідэнта і парламента, правядзення якіх патрабуе Беларускі Нацыянальны Кангрэс. Зразумела, што ў такой сітуацыі ён губляе ўладу, але гэта адбываецца мірна.

Другі варыянт - прадаўжэнне спробаў вытрасці апошнія грошы з беларусаў. Гэта адбываецца шляхам падвышэння коштаў, кошту камунальных паслуг, змяншэння пенсій і дапамог, увядзення новых пабораў. З дапамогай незаконных будоўляў, якія мы назіраем у Берасці і Светлагорску, бо без хабараў і карупцыйных схем у гэтых выпадках відавочна не абышлося.

Калі Лукашэнка выбірае другі шлях, то рана ці позна адбудзецца сацыяльны выбух. Людзі выйдуць на вуліцы і знясуць уладу. Але гэты шлях больш балючы для рэжыму і можа дрэнна скончыцца для многіх яго прадстаўнікоў. Ёсць два прыклады з нядаўняга мінулага: падзеі ў Польшчы і Румыніі ў канцы 80-х гадоў. У генерала Войцэха Ярузэльскага хапіла смеласці сесці за стол перамоваў з апазіцыяй, у Нікалае Чаўшэску - не. Як прайшлі перамены ў гэтых краінах, мы ўсе памятаем.

Лукашэнка знаходзіцца ў цугцвангу, вялікага поля для дзеянняў у яго няма. Як казаў Эклезіяст, прыйшоў час збіраць камяні.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках