Наталля Радзіна сустрэлася з дэпутатам Еўрапарламента ад Швецыі Гунарам Хёкмаркам
- 27.02.2018, 20:29
- 18,371
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org праводзіць сустрэчы ў Еўрапарламенце.
Сёння Наталля Радзіна сустрэлася з дэпутатам Еўрапейскага парламента ад Швецыі, прадстаўніком самай буйной групы ў ЕП - Еўрапейскай Народнай Партыі - Гунарам Хёкмаркам.
Галоўная рэдактарка «Хартыі-97» распавяла Еўрадэпутату пра сітуацыю з блакаваннем сайта ў Беларусі.
Са слоў Радзінай, сёння неабходная жорсткая рэакцыя Еўразвязу на блакаванне самага папулярнага ў Беларусі незалежнага сайта і ўзмацненне ціску на вольныя медыя краіны.
Радзіна заклікала ўвесці забарону на ўезд у Еўразвяз беларускім чыноўнікам, адказным за блакаванне сайта, а таксама ўвесці эканамічныя санкцыі супраць лукашэнкаўскага Парку высокіх тэхналогій.
Гунар Хёкмарк выказаў салідарнасць з сайтам Charter97.org і гатоўнасць дапамагаць свабодзе слова ў Беларусі. Еўрадэпутат паабяцаў, што будзе прыцягваць увагу да праблемы і тлумачыць калегам неабходнасць адэкватна рэагаваць на сітуацыю ў Беларусі.
Гунар Хёкмарк у 1989 годзе актыўна падтрымліваў барацьбу народаў Літвы, Латвіі і Эстоніі за незалежнасць і мае ўзнагароды ад гэтых краін. З 2015 года еўрадэпутату забаронены ўезд у Расею.