28 снежня 2024, Субота, 15:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міклаш Харашці: У Беларусі назіраецца вялікі рэгрэс у галіне правоў чалавека

5
Міклаш Харашці: У Беларусі назіраецца вялікі рэгрэс у галіне правоў чалавека
Міклаш Харашці

Павінен захоўвацца пільны міжнародны кантроль за сітуацыяй у краіне.

Спецдакладчык ААН па Беларусі паведаміў, што яго апошні на гэтай пасадзе даклад Радзе правоў чалавека будзе прысвечаны неабходнасці падаўжэння краінавага мандата. Сваё меркаванне Міклаш Харашці выказаў падчас кансультацыйнай сустрэчы з беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі, якая прайшла ў Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні 31 студзеня, паведамляе сайт ПЦ «Вясна».

Паўнамоцтвы Міклаша Харашці на пасадзе Спецыяльнага дакладчыка ААН аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі завяршаюцца ў канцы кастрычніка гэтага года. Дагэтуль ён падрыхтуе свой апошні даклад і прэзентуе яго на чэрвеньскай сесіі Рады правоў чалавека ў Жэневе, а затым на Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Спецдакладчык распавёў сайту ПЦ «Вясна», што ён прэзентуе не толькі існую сітуацыю паводле стану на сакавік 2018 года [гэта тэрмін падрыхтоўкі справаздачы - рэд.], але і агляд усяго шасцігадовага перыяду дзеяння мандата з довадамі цыклічнасці праблем у галіне правоў чалавека ў Беларусі.

«2017-ы год быў годам вялікага рэгрэсу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Але гэта не стала сюрпрызам, таму што тыя, хто сачыў за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі на працягу ўсяго перыяду праўлення Лукашэнкі, заўважаў, што яна мае цыклічны характар, што праз чатыры - пяць гадоў яна зноў становіцца трагічнай, з масавымі аўтарытарнымі рэпрэсіямі. Аўтарытарнымі - у сэнсе незаконнасці, невытлумачальнасці і беспадстаўнасці, але і ў тым сэнсе, што гэтыя меры прымаюцца самімі ўладамі, такімі як міліцыя і іншыя. Затым наступае перыяд надзей, які, на жаль, так і не прыносіць прававых паляпшэнняў у сістэмным сэнсе. Проста ўсё становіцца не так дрэнна, як было раней».

ФОТА: SPRING96.ORG

Міклаш Харашці кажа, што такі цыкл ён як раз назіраў падчас свайго мандату:

«Мой мандат быў выкліканы гвалтам у снежні 2010 года, масавымі затрыманнямі, з'яўленнем палітычных зняволеных, і ўсё гэта скончылася ў пэўным сэнсе тым жа самым у лютым і сакавіку 2017-га. Тымі ж рэчамі: масавым гвалтам міліцыі супраць мірных дэманстрантаў, з'яўленнем новых палітычных зняволеных. І тады зноў з'явіліся чаканні, што, магчыма, яны могуць быць вызваленыя і сітуацыя зменіцца. Такім чынам, мой мандат мае цяпер двайную перспектыву. З аднаго боку, гэта перыядычны, доўгатэрміновы рэгрэс, а таксама нязменнае прававое сістэмнае вымярэнне. З іншага боку, гэта фактычная колькасць людзей, якія павінны быць выратаваны ад помсты ўладаў».

Пералік парушэнняў у галіне правоў чалавека ў Беларусі доўгія гады застаецца нязменным, падкрэслівае спецдакладчык.

Паколькі Беларусь не з'яўляецца сябрам Рады Еўропы, мандат краінавага спецдакладчыка ААН з'яўляецца адзіным спосабам ажыццяўлення міжнароднага кантролю за сітуацыяй у краіне, падкрэслівае экспэрт.

ФОТА: SPRING96.ORG

«Я настойліва рэкамендую, каб гэты мандат быў падоўжаны. І мой апошні даклад Радзе правоў чалавека ААН будзе прысвечаны менавіта гэтай тэме», - падсумаваў Харашці.

Нагадаем, мандат Спецыяльнага дакладчыка ў пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Рада правоў чалавека ААН увяла ў 2012 годзе ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Урад Беларусі не прызнае мандат спецдакладчыка і адмаўляецца ад узаемадзеяння з ім. За ўсе гады на пасадзе спецдакладчыка Міклаш Харашці не меў магчымасці наведаць Беларусь, бо для гэтага неабходна афіцыйнае запрашэнне ўладаў. Але ў пачатку ліпеня 2017 года Харашці прыехаў у Менск на запрашэнне АБСЕ да ўдзелу ў мерапрыемствах 26-й сесіі ПА АБСЕ і таксама стаў госцем паралельнага форуму грамадзянскай супольнасці. Тады ён выказаў надзею, што візіт у Беларусь стане першым крокам на шляху да афіцыйнага прызнання мандата краінавага спецдакладчыка ААН, аднак МЗС Беларусі заявіла, што пазіцыя афіцыйнага Менска не зменіцца.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках