Валер Карбалевіч: Улада прайграла інфармацыйную вайну
8- 6.02.2018, 18:25
- 30,638
Палітолаг патлумачыў, чаму дыктатар адправіў у адстаўку кіраўнікоў найбуйнейшых дзяржаўных СМІ.
У экспрэс-каментары «Салiдарнасцi» палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч пракаментаваў гучную адстаўку Генадзя Давыдзькі, Паўла Якубовіча і Юрыя Казіяткі.
- Я думаю, што гэта аддаленае рэха падзей вясны 2017 года, - заўважыў ён. - Калі былі масавыя акцыі недармаедаў, калі ўлады ўбачылі, што яны прайграюць інфармацыйную вайну... Калі анлайн рэпартажы незалежных СМІ глядзелі да двух мільёнаў чалавек, што значна больш штодзённых праглядаў інфармацыйных перадач на беларускай тэлевізіі.
Улады наважылі, што трэба нешта рабіць. Гэта спроба нейкім чынам выйграць гэтую інфармацыйную вайну ў незалежных СМІ.
На думку Карбалевіча, гэта паказвае, што кіраўніцтва краіны «незадаволенае стаўленнем грамадства да ўлады».
Палітолаг звяртае ўвагу, што Лукашэнка «так заўсёды рабіў» і нагадвае выпадак, калі паводле вынікаў «прэзідэнцкай кампаніі» 2010 года ў адстаўку былі адпраўлены кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі» Аляксандр Зімоўскі, намесніца кіраўніка адміністрацыі ўпраўлення Наталля Пяткевіч, якая кіравала ідэалогіяй.
- Таму што тады гэта быў пройгрыш. Цяпер улада разумее, што таксама прайграе - таму і спрабуе змяняць нешта, - упэўнены ён.
Са слоў Валера Карбалевіча, нядаўняе блакаванне «Хартыі-97» і «Партызана» ўладамі таксама лагічна ўпісваецца ў такую карціну:
- Больш за тое, напярэдадні міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч заявіў, што будуць сур'ёзныя змены ў закон аб СМІ, таму варта чакаць цэлага комплексу пастаноў.
Палітолаг мяркуе, што пры такім развіцці падзей не варта выключаць і іншых магчымых сюрпрызаў ад улады - ужо найбліжэйшым часам.