Наталля Радзіна: Дзяржаўных прапагандыстаў спісалі ва ўтыль
41- 7.02.2018, 9:49
- 62,998
Сістэма паступова раскідваецца.
Звальненне галоўных прапагандыстаў Паўла Якубовіча, Генадзя Давыдзькі і Юрыя Казіяткі ў інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» пракаментавала галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна.
- Размова хацелі пачаць з цытаты з вашага профілю ў Фэйсбуку: «Ведаю, што Лукашэнку паклалі на стол аналітычную нататку, дзе параўноўваюцца бюджэты і аўдыторыі «Хартыі'97» і дзяржаўных СМІ. Таварыш дыктатар прыйшоў у лютасць. Гэтыя адстаўкі не апошнія». Ці можна падрабязней?
- Сістэма паступова раскідваецца. Так, мы сапраўды атрымалі інфармацыю, што Лукашэнку паклалі на стол гэтую аналітычную нататку, і ён убачыў, што сайт «Хартыя'97» сёння больш папулярная за сайты ўсіх дзяржаўных СМІ разам узятых. Толькі за апошнія паўгода «Хартыю» прачытала 4 мільёнаў унікальных наведвальнікаў. Фактычна сёння Беларусь робіць выбар. Краіна чытае незалежныя сайты. Людзі хочуць ведаць, што напраўду адбываецца ў краіне і не вераць лукашэнкаўскім прапагандысцкім каналам, газетам і сайтам. І менавіта таму Лукашэнка звольніў сваіх гэбельсаў. Яны зазналі паразу ў інфармацыйнай вайне.
- І таму Лукашэнка хоча ўзмацніць сваю прапаганду? Намеснікі гэтых гэбельсаў мацнейшыя, чым яны?
- Без шанцаў. Што б Лукашэнка сёння ні рабіў, народ яму ўжо не верыць. Ён выдатна ведае, у яго ёсць інфармацыя, што народ яго ненавідзіць, ягоны рэйтынг вельмі нізкі, і ніякая хлусня сёння не ў стане выратаваць яго. Людзі ўсё адно абыходзяць блакаванне таго ж сайта «Хартыя'97». І мы бачым, што беларусам трэба менавіта свабоднае слова: людзі розных узростаў, уключаючы пенсіянераў, вучацца сёння абыходзіць блакаванне, імкліва падвышаецца кампутарная пісьменнасць усяго насельніцтва Беларусі. Людзі выходзяць на акцыі пратэсту. І ў Беларусі, і ва ўсім свеце. У краіне распаўсюджваюцца ўлёткі, малююцца графіці, вывешваюцца расцяжкі практычна кожны дзень у людных месцах гарадоў. І Лукашэнка гэта таксама бачыць.
- Не дарма ён кажа, што нам трэба хтосьці ў інтэрнэце, моладзь мы не выцягнем з тэлефонаў. Нам, значыць, трэба ў гэтыя тэлефоны ўвайсці. Наколькі дзяржаўныя сродкі масавай прапаганды маюць хоць нейкі патэнцыял да зменаў, хоць бы тэарэтычна?
- Пакуль яны хлусяць, у іх няма ніякага патэнцыялу. Але, натуральна, за дыктатурай прапаганда можа толькі хлусіць.
- Яшчэ адзін момант. Вельмі цікавая ракіроўка адбылася. Якубовіч ідзе ў грамадскую раду пры міліцыі, а былы міліцыянт ідзе ў «Советскую Белоруссию», я хачу гэты момант прагаварыць. Можа, Лукашэнка напраўду махнуў рукой на сваю прапаганду. Таму што: сапраўды, саступаюць прапагандысты медыйныя і «Хартыі», і Белсату, і наогул незалежным журналістам, гэтак жа як і расейскай прапагандзе. Таму можа рабіць стаўку на тых, хто, палкамі будзе махаць, і тут Якубовіч акурат спатрэбіўся, каб задурыць галовы канчаткова міліцыянтам, каб яны не паўсталі супраць яго. Наколькі гэтая версія мае права на жыццё?
- Відавочна, што Лукашэнка сёння знаходзіцца ў стане велізарнага стрэсу. І як сказаў Юрый Хашчавацкі, робіць «неўратычнае тузанне». Ён спісаў сёння ва ўтыль фактычна сваіх старых прапагандыстаў. І таму, што яны не ў стане што-небудзь зрабіць, і таму што ён вельмі баіцца за сваю будучыню.
Гэта пацвярджае тое, што дыктатар сёння прызначыў свайго асабістага ахоўніка дарадцам у агульных пытаннях. А тое, што ён прызначыў міліцыянта камандаваць Беларускай тэлевізіяй кажа і аб узроўні неадэкватнасці, і пра ўзровень страху, які сёння яго пераследуе. Але зноў жа паўтару, гэта яго ніякім чынам сёння не ўратуе.
А куды сышлі Давыдзька, Якубовіч або Казіятка — усё адно, іх спісалі ва ўтыль за непрафесіяналізм. І я бачу, што той жа Якубовіч у шоку. Ён не ведаў аб сваёй адстаўцы. І як бы ён сёння не хлусіў, што быццам ён ведаў пра гэта раней. Нічога ён не ведаў. Гэта відаць з ягонага першага інтэрв'ю, якое ён кінуўся даваць незалежным медыя. Звярніце ўвагу, ён сказаў фразу «мне не дадуць пісаць мемуары, бо я занадта шмат ведаю».
- Сапраўды, вельмі цікавая фраза. Атрымліваецца Лукашэнка таму і кажа, што галоўнае не страціць гэтых людзей. Каб яны былі на кароткім павадку.
- Думаю, што мемуары Якубовіч ужо напісаў і, напэўна, прыхаваў у якім-небудзь надзейным месцы, бо ён сёння сам баіцца за сваю бяспеку. Але я хачу падкрэсліць, што Якубовіч, Давыдзька, Казіятка – злачынцы і ў нармальнай, цывілізаванай краіне іх трэба судзіць, бо гэтыя людзі хлусілі ўсёй краіне цягам двух дзясяткаў гадоў.
Гэтыя людзі дапамагалі фальсіфікаваць крымінальныя справы супраць апазіцыі. Гэтыя людзі пакрывалі палітычныя забойствы. І таму, калі сёння я ўбачыла, што многія мае калегі з незалежных медыя кінуліся браць у іх інтэрв'ю і фактычна іх «ачалавечваць», задаваць лаяльныя пытанні... Напраўду, хлопцы, гэта страшна. Бо нават у мяне, галоўнай рэдактаркі найбуйнейшага незалежнага сайта, які заблакавалі ў краіне, не бралі такіх вялікіх, разгорнутых, выдатных інтэрв'ю.
Вось гэта страшна, што сёння адбываецца, у тым ліку і з незалежнымі медыя. Я хачу нагадаць, што самацэнзура – гэта самазнішчэнне. Грэбаванне прынцыпамі ў выніку прывяло да таго, што ў іншых незалежных сайтаў такая нізкая аўдыторыя, бо людзі ім не вераць, таму што бачаць, што журналісты вельмі моцна не дагаворваюць.
- Атрымліваецца Лукашэнка ў пэўным сэнсе дамогся сваіх мэтаў, калі казаў, што трэба заткнуць раты «нячэсным» журналістам і зрабіць іх «чэснымі»?
- На шчасце, не ўсе такія журналісты. І заткнуць рот усім не атрымаецца, і не атрымаецца ў тым ліку заблакаваць сайт «Хартыі». І сёння такімі дзеяннямі, як блакаванне сайта Хартыя, дыктатар найперш шкодзіць самому сабе. Бо нельга прымаць дэкрэт пра лічбавую эканоміку і блакаваць незалежныя сайты.
Мы бачым, што сёння пра блакаванне сайта напісалі ўсе сусветныя медыі. Гэтую тэму абмяркоўваюць у Еўрапарламенце. Пра гэта ведаюць у пасольствах усіх еўрапейскіх краін і ЗША. Гэтую інфармацыю мы данеслі да Дзярждэпартамента ЗША. Заявы пратэсту ўжо робяць МЗСы еўрапейскіх краін, АБСЕ і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. У гэтай сітуацыі Лукашэнка робіць самагубны крок, спрабуючы знішчыць свабоду слова ў інтэрнэце ў Беларусі.
- Наталля, шчыра дзякую за каментар. І ад нашай усёй рэдакцыі таксама словы салідарнасці парталу «Хартыя'97». Сапраўды, прарвемся, як ты пісала шмат разоў.