28 снежня 2024, Субота, 0:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка ў паніцы, дзейнічае спантанна і хаатычна

18
Лукашэнка ў паніцы, дзейнічае спантанна і хаатычна
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ

Самазванец ніяк не можа змірыцца з тым, што беларусы паставілі яго на месца.

Лукашэнка саступае ў інфармацыйнай вайне і, як кожны чалавек у паніцы, дзейнічае спантанна і хаатычна. Пра гэта сайту Charter97.org заявіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч у каментары пра адстаўку галоўных прапагандыстаў рэжыму:

- Гэта перш за ўсё звязанае з адчуваннем росту непапулярнасці рэжыму Лукашэнкі ў беларускім грамадстве.

Гэта вынік таго шоку, які ўлада адчула пасля вяртання ў Беларусь традыцыі масавых вулічных акцый. Я маю на ўвазе маршы абураных беларусаў 2017 года.

Калі Лукашэнка ўбачыў усю ступень неўспрымання ягонага рэжыму, ён запанікаваў. Следствам гэтай панікі сталі і рэпрэсіі напярэдадні і ў Дзень Волі 25 сакавіка мінулага года, але, з іншага боку, і скасаванне дэкрэта №3. Як усялякі чалавек у панічным стане, Лукашэнка дзейнічае спантанна і хаатычна.

Самазванец ніяк не можа змірыцца з тым, што беларусы паставілі яго на месца. Ён прадаўжае «раскручваць» сваю абсалютна неадэкватную ідэю збіраць нейкія грошы з беспрацоўных - замест таго, каб дапамагаць сацыяльна неабароненым.

Дыктатар, напэўна, зусім ужо адарваўся ад рэальнага свету і рыхтуецца зноў увесці ў дзеянне механізм збору падаткаў з беспрацоўных - ужо паводле дэкрэта №1, у выглядзе аплаты за сацыяльныя паслугі.

Зразумела, што ён баіцца і мірнага святочнага шэсця 25 сакавіка, і інфармацыі незалежных СМІ аб ягонай «палітыцы».

Таму быў заблакаваны сайт «Хартыя-97», узламаны сайт прафзвязу РЭП, да гэтага блакаваўся сайт «Беларускі партызан». Міністр інфармацыі загаварыў пра кантроль над сацыяльнымі сеткамі.

Але гэтага падалося мала: рэжым усё адно саступае ў інфармацыйнай вайне. Таму Лукашэнка вызначыў «абнавіць» традыцыйныя сродкі прапаганды. Старых прапагандыстаў палічылі ўжо несучаснымі. Хлопцы не справіліся: не змаглі заглушыць голас незадаволеных беларусаў.

Наіўнасць Лукашэнкі проста смяхотная: ён дагэтуль мяркуе, што калі ў «Саўбеліі» выйдзе нейкі перадавы артыкул - усе зноўку пачнуць яго слухацца.

Але гэтага ўжо не будзе. Часы прапагандыстаў рэжыму прайшлі. І калі іх гаспадар прадоўжыць ціснуць на народ праз падаткі для беспрацоўных ці неяк па-іншаму, людзі зноў паставяць яго на месца. Лукашэнку лепш супакоіцца і адстаць ад беларусаў - чым хутчэй, тым лепш для яго самога.

Нагадаем, што ўчора Лукашэнка зняў Якубовіча, Давыдзьку і Казіятку з пасадаў кіраўнікоў галоўных дзяржаўных СМІ.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках