«Калі пачалі трэсці гэтую шайку, значыць, ёсць сур'ёзныя прычыны»
50- 8.02.2018, 9:23
- 76,485
Станіслаў Шушкевіч пра апошнія кадравыя перастаноўкі Лукашэнкі.
Звальненне галоўных прапагандыстаў - Якубовіча, Давыдзькі ды Казіяткі - можна разглядаць як прамежкавую перамогу. Але трэба старанна аналізаваць дзеянні беларускіх уладаў. Пра гэта Charter97.org заявіў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч:
- Пачну з таго, што звольненыя прапагандысты - гэта агідныя пачвары. У іх не засталося нічога чалавечага. Таму не думаю, што Лукашэнка проста так адмовіцца ад іх. Трэба сачыць за тым, каб не адбылося нейкага нечаканага «выкрунтасу» з боку ўлады.
А тое, што адбылося, мне вельмі падабаецца. Узгадайце, як гэты «Клуб рэдактараў» у поўным складзе радаваўся таму, што заблакаваны сайт «Хартыя-97». І так іх адставіць без тлумачэнняў - гэта як «эфект бумерангу».
Галоўнае, каб цяпер не адбылося нейкага прызначэння, якое б іх апраўдвала. Таму такім агідным стварэнням прапагандысцкага фронту апраўдання няма.
Хачу павіншаваць «Хартыю-97» і незалежныя СМІ з тым, што гэта адбылося. Гэта, вядома, прамежкавая перамога на сённяшні дзень. Але не будзем занадта захапляцца гэтай перамогай. Будзем уважлівымі.
Бо і Якубовіч, і Казіятка - гэта такія персанажы, якіх у чалавечае грамадства і пускаць нельга. Яны - тое ж, што і Салаўёў з Кісялёвым у Расеі, аднаго поля ягады. І калі пачалі трэсці гэтую шайку, нейкія сур'ёзныя прычыны таго павінны быць. Бо больш верна служыць нелегітымнаму правадыру, чым яны, у сваёй прафесійнай і інтэлектуальнай абмежаванасці - наўрад ці магчыма.
Таму трэба быць вельмі ўважлівымі і глыбока аналізаваць сітуацыю. Улада можа зрабіць нейкі нечаканы «фінт».