Абмежаванне доступу да «Хартыі-97» можа быць сігналам пра сур'ёзныя намеры Крамля
6- Збігнеў Буяк
- 9.02.2018, 9:19
- 28,539
Герой польскай «Салідарнасці» падтрымаў беларускі незалежны сайт.
Міжнародная сітуацыя можа многае нам расказаць пра матывы беларускага рэжыму. Пра гэта заявіў адзін са стваральнікаў і лідараў падпольнай «Салідарнасці» Збігнеў Буяк, каментуючы блакаванне сайта Charter97.org:
- «Хартыя-97» - галоўная незалежная крыніца інфармацыі для беларусаў. Лукашэнка спрабуе навязаць людзям сваю інтэрпрэтацыю ўсяго таго, што адбываецца ў Беларусі, Еўропе, палітыцы Расеі, сітуацыі ў свеце. Таму Charter97.org - нязручны сайт для ўсяго рэжыму Лукашэнкі, які імкнецца да татальнага кантролю і абсалютнай улады.
Чаму «Хартыю-97» заблакавалі менавіта цяпер - самае галоўнае пытанне. Ці адбываецца нешта ў Еўропе, Беларусі, нешта мяняецца ў палітыцы Пуціна, што менавіта стала прычынай таго, што Лукашэнка надумаў адрэзаць беларусаў ад крыніцы незалежнай інфармацыі?
Я чуў ад многіх украінскіх экспэртаў, што 2018 год стане пераломным у падзеях, якія адбываюцца на Данбасе. Што гэта можа быць? Можа гэта будзе вайсковая агрэсія з удзелам рэгулярных войскаў, або развіццё ўжо сённяшняй гібрыднай вайны. Мы не можам дакладна ведаць. Усе карты цяпер у руках Уладзіміра Пуціна.
Безумоўна, калі рыхтуецца нейкая вайсковая аперацыя супраць Украіны, то стратэгічна важна кантраляваць беларуска-ўкраінскую мяжу. У такім выпадку, Украіна павінна разглядаць небяспеку адкрыцця «другога фронту» на мяжы з Беларуссю.
Абмежаванне доступу да Charter97.org можа быць сігналам пра сур'ёзныя намеры Крамля. Таксама хочацца адзначыць, што на міжнародным узроўні адбываецца шмат змен ва ўкраінскім пытанні. Гаворыцца пра тое, што ЗША павінны ўмяшацца ў працэc, што менскія пагадненні ўжо не дзейнічаюць і будуць шукацца іншыя пляцоўкі і прылады для развязання канфлікту ва Украіне. Гэта таксама можа быць прычынай блакаванне Charter97.org, каб не дапусціць з'яўлення альтэрнатыўных пунктаў гледжання на тэму менскіх пагадненняў і Менска, як пляцоўкі для перамоў аб Украіне. Лукашэнка баіцца пераносу менскіх перамоў. Міжнародная сітуацыя можа многае нам расказаць пра матывы беларускага рэжыму.
У падтрымку рэдакцыі Charter97.org і вашых чытачоў магу сказаць: я не ведаю іншага беларускага партала, які б так эфектыўна працаваў і меў такую вялікую аўдыторыю, як «Хартыя-97». Трымайцеся, зычу вам стойкасці духу. Для мяне, як і для сотняў тысяч беларусаў, Сharter97.org - крыніца аператыўнай і якаснай інфармацыі пра сітуацыю ў Беларусі.
Нагадаем, што 24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Міністэрства інфармацыі ўзначальвае Аляксандр Карлюкевіч.
Абысці блакаванне можна і вось інструкцыі:
- Новыя простыя спосабы абысці блакаванне сайта Charter97.org
- Самы просты спосаб чытаць «Хартыю'97»
- Як абысці блакаванне сайта «Хартыя-97»
- Як абысці блакаванне сайта на Android і iOS