115 гадоў таму нарадзіўся выдатны беларускі паэт 20-х гадоў Тодар Кляшторны
1- 11.03.2018, 15:49
- 14,287

Нарадзіўся паэт на Віцебшчыне.
Беларуская літаратура сёння адзначае 115-годдзе з дня нараджэння паэта Тодара Кляшторнага. Ён быў адным з самых выбітных паэтаў Беларусі 20-х гадоў, паведамляе «Радыё Рацыя». Нарадзіўся паэт 11 сакавіка 1903 года ў вёсцы Парэчча Лепельскага раёна Віцебскай губерні ў сялянскай сям'і.
Лёсам яму наканавана было пражыць толькі 34 гады. У 1936-м паэт трапіў у крывавыя жорны сталінскага тэрору. Як сведчыць даследчык беларускай літаратуры Міхась Скобла, уся віна расстраляных у Курапатах пісьменнікаў была ў тым, што яны з'яўляліся беларускімі пісьменнікамі.
- З успамінаў Максіма Лужаніна перад вайной у Саюзе беларускіх пісьменнікаў было, калі я не памыляюся 112 сяброў. Пасля вайны, калі ўсе з'ехаліся ў Менск, прыехалі крыху больш за сорак. Больш за 60 чалавек загінула. Выявілася, што на вайне загінулі лічаныя, астатнія былі забітыя ў трыццатыя гады: расстраляныя, знішчаныя, - распавёў Скобла.
29 кастрычніка 1937 Тодар Кляшторны быў асуджаны пазасудовым органам НКВД як «чалец антысавецкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны вайсковай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 чэрвеня 1957 года.