Берасцейскія вакансіі: І прыбіральшчыцы, і навуковаму супрацоўніку - па 305 рублёў
9- 12.03.2018, 15:05
- 14,779
Чаму 4 тысячы берасцейскіх «дармаедаў» не ідуць на працу.
«Брестская Газета» падлічыла, што ў якасці аплаты ў 63 вакансіях са 117 прапанаваных суіскальнікаў свеціць толькі мінімальны заробак.
«У нас вельмі шмат лайдакоў, якія не працуюць»
На канец студзеня гэтага года ў вобласці колькасць зарэгістраваных беспрацоўных склала 4,3 тысячы чалавек. Пры гэтым узровень зарэгістраванага беспрацоўя, паводле звестак аблстатуправы, быў роўны 0,7% ад колькасці працоўнай сілы. Аднак прагнозны паказчык беспрацоўя для нашага рэгіёну на 2018 год вызначаны ўрадам у 1,2%. У чым логіка? Ці не дасць такі расклад службам занятасці магчымасць спачываць на лаўрах?
«Што ў гэтым дрэннага? - адказаў пытаннем на пытанне старшыня камітэта працы, занятасцi i сацыяльнай абароны аблвыканкама Генадзь Скробат. - Вы хочаце, каб яго (прагнозны паказчык - заўв. Аўт.) меншым зрабілі? Дык калі лічыць паводле сістэме МАП (Міжнародная арганізацыя працы - заўв. Аўт.), то ў рэспубліцы беспрацоўе 5,6%. Я і паставіў бы такі прагнозны паказчык. Але гэта маё асабістае меркаванне».
Ён растлумачыў, што 0,7% - гэта афіцыйна зарэгістраванае беспрацоўе. Значыць, гаворка ідзе толькі пра тых, хто прыйшоў у цэнтр занятасці і заявіў, што ён - беспрацоўны. А колькі яшчэ тых, што не прыйшлі ?! Але ва ўрадзе ўсё пралічылі, раз далі такі прагнозны паказчык.
«У нас вельмі шмат лайдакоў, якія не працуюць, - мяркуе Генадзь Скробат. - Кожны чалавек, які хоча працаваць, ён будзе і можа гэта зрабіць, а тыя, хто не хоча, яны працаваць не будуць. Яны на працу ў Польшчу ездзяць, у Расею, а падаткі не плацяць. Я да коскі не кажу, але ў нас ёсць, дапусцім, 6,5 тысячы вакансій і 4,2 тысячы афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. Вось і атрымліваецца каэфіцыент напружанасці 0,7. Чаму гэтыя 4 тысячы пры наяўнасці 6 тысяч вакансій не ідуць на працу?!»
На Берасцейшчыне, паводле звестак аблстатуправы, узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў адсотках ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва складаў: 2012 год - 0,9, 2013-ы - 0,7, 2014-ы - 0,7, 2015-ы - 1,1, 2016-ы - 0,9.
Мы паспрабавалі звярнуць увагу суразмоўцы на тое, што існыя вакансіі могуць цалкам не падыходзіць таму, хто мае патрэбу ў працы. Ну, да прыкладу, не можа ж беспрацоўны філолаг працаўладкавацца, атрымаўшы вакансію лекара, якіх у базе звестак нямала.
«Гэта зразумела, - пагадзіўся старшыня камітэта працы. - Але філолаг, калі ў яе няма за што жыць, можа стаць, да прыкладу, швачкай».
Карэспандэнтка дала зразумець, што швачкай можа быць не кожны, бо да гэтай спецыяльнасці таксама павінны быць здольнасці.
«Ну, няхай не швачкай, а, дапусцім, бібліятэкарам ці яшчэ кім-небудзь, калі ласка, - паправіў сам сябе Генадзь Скробат. - Нарэшце, нават паляводам. Калі няма за што жыць, то і гэта было б нармальна, ну, і паралельна шукаць працу. Дык не, дайце мне адразу высокааплатную працу, бо я філолаг! Але ніхто не падасць нічога на сподачку з блакітнай аблямоўкай. Трэба сябе зарэкамендаваць, паказаць. А то нічога няма, акрамя хачу. Ды яшчэ і аплату падавай годную, добрую. І вось яны (трэба разумець, беспрацоўныя - заўв. Аўт.) гэта ўскладаюць на плечы дзяржавы».
Працаўладкаванне не гарантуюць!
Са слоў старшыні камітэта, ён нядаўна пабываў у Баранавічах, дзе на баваўнянае аб'яднанне патрабуецца вялікая колькасць швачак. Курсы на навучанне гэтай спецыяльнасці бясплатныя. За 3 месяцы можна асвоіць прафесію швачкі і пайсці працаваць.
«Вы думаеце, там ужо стаіць чарга? Не! - паведаміў ён. - Хоць, калі ёсць жаданне прайсці перанавучанне, то, калі ласка! І ў Берасці ў навучальным цэнтры, размешчаным у Паўночным гарадку, вучаць на цырульнікаў, візажыстаў, газаэлектразваршчыкаў, токараў, будаўнікоў-аддзелачнікаў...І гэта ўсё за кошт дзяржавы! Там і жыллё выдаецца бясплатнае, толькі вучыся! За мінулы год там прайшлі навучанне новым спецыяльнасцям прыблізна 1700 чалавек».
Мы пацікавіліся, ці гарантаваная пасля навучання праца па новай спецыяльнасці. І пачулі ў адказ, што такіх гарантый няма, але службы занятасці займаюцца з наймальнікамі. Да прыкладу, управа працы занятасці і сацабароны Берасцейскага гарвыканкама рэгулярна праводзіць кірмашы вакансій.
«Яна запрашае да сябе прадпрыемствы, якія маюць патрэбу ў працоўнай сіле ў пэўных спецыяльнасцях, - растлумачыў Генадзь Скробат. - Калі чалавек выказаў жаданне, наймальнік мае яго на ўвазе, шле нам заяўку на навучанне, і тут стоадсоткавае працаўладкаванне пад заказ наймальніка».
У Беларусі вызначаныя прагнозныя паказчыкі ва ўзроўнях зарэгістраванага беспрацоўя ў рэгіёнах. У Берасцейскай і Гомельскай абласцях прагнозны паказчык цягам года не павінен перавышаць 1,2% ад колькасці працаздольнага насельніцтва. У Віцебскай - 1,3%, у Гарадзенскай і Магілёўскай - 1,1%, у Менскай - 1%, у Менску - 0,5%. Агулам у Беларусі гэты паказчык не павінен перавысіць 1%.
І прыбіральшчыцы, і навуковаму супрацоўніку - па 305 рублёў
«БГ» прааналізавала 117 вакансій з абласнога банка звестак, размешчанага на сайце Мінпрацы. Выявілася, звыш 60 з іх прапаноўваюць суіскальнікам альбо мінімальны заробак 305 рублёў, альбо вышэйшы за яго ўсяго на дзясятку-другую. Прычым, ураўноўваюць у аплаце працу санітаркі-прыбіральшчыцы, кухоннага работніка харчаблока з інжынерам-праграмістам і інжынерам-электронікам з досведам працы. «Мінімалку» прапануюць і навуковаму супрацоўніку. Або, да прыкладу, работнікаў некваліфікаванай працы ў аплаце папросту прыраўноўваюць да майстра вытворчага навучання, рэнтгеналаборанта, маляра, станочніка дрэваапрацоўчых станкоў.
Больш за ўсё з прапанаванага пераліку вакансій, па тысячы рублёў, наймальнікі гатовыя заплаціць кіроўцам-міжнароднікам са стажам не менш чым 2 гады і галоўнаму эканамісту з досведам працы ў сістэме ЖКГ 5 гадоў і больш. Але такіх вакансій усяго дзве.
Праўда, прапануецца яшчэ працаўладкаванне і заробак 950 рублёў начальніку аддзела ў банкаўскай сферы з досведам кіраўніцтва людзьмі. Ёсць таксама свабодная пасада наладчыка кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі з досведам ад 5 гадоў і аплатай 800 рублёў. Токару-паўаўтаматчыку і фрэзероўшчыку прапануюць па 700 рублёў.
Адшукалася ўсяго пяцёрка вакансій на 600 рублёў. Так ацэньваюць працу дырэктара філіяла Энэрганагляду з досведам 15 гадоў, майстра змены, начальніка аддзела, пекара і кухара. Астатнім суіскальнікам, сярод якіх бухгалтары, кіроўцы, кандытары, кухары, лекары, начальнік кацельні, абіўшчык мэблі і іншыя, прапануюць ад 400 да 500 рублёў.
Нулявы вынік пры наяўнасці вакансій
Карэспандэнтка «БГ» паспрабавала сярод 10 вакансій прыбіральніка вытворчых памяшканняў знайсці нешта для сваёй сяброўкі-пенсіянеркі, якая з працоўным стажам 35 гадоў ледзь выжывае на маленечкую пенсію. Заробак усюды прапаноўваўся прыкладна адзін і той жа - мінімальны. Дзве вакансіі адпалі адразу ж праз тое, што знаходзяцца не ў Берасці, а ў в. Шэбрын і Ваўкі. Немалая частка заробленага сыдзе на праезд.
Яшчэ дзве не падышлі праз пазменны рэжым працы. У адной з іх нават высветліць, колькі гадзін давядзецца працаваць, не здолелі. «Рэжым устанаўлівае начальнік! Прыязджайце і даведвайцеся!» - прагучала ў адказ.
Дзве вакансіі прыбіральшчыцы фактычна выявіліся не імі, там патрабаваліся мыйшчык посуду і кухонны працаўнік. Яшчэ на адным з прадпрыемстваў усе тры вакансіі выявіліся не занятымі, але яны былі ў ліку броні (для абавязаных асоб, для тых, што вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі - заўв. Аўт.) і звычайных суіскальнікаў туды не бяруць. У адной адмовілі, ледзь даведаўшыся, што прэтэндуе на вакансію пенсіянерка. Вось такі рэальны расклад!