Блакаванне «Хартыі-97» абмеркавалі ў Еўрапейскай службе замежных дзеянняў
4- 2.03.2018, 19:13
- 22,897
Еўрапейскія дыпламаты занепакоеныя ціскам на свабоду слова ў Беларусі.
У апошні дзень свайго візіту ў Брусэль галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна сустрэлася ў Брусэлі з кіраўніком падраздзялення Усходняга партнёрства ў Еўрапейскай службе замежных дзеянняў (European External Action Service) Дзіркам Шубелем (Dirk Schuebel).
Падчас сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя з блакаваннем папулярнага незалежнага сайта ў Беларусі і дзеянні, якія Еўракамісія можа распачаць для развязання гэтай праблемы.
Дзірк Шубель выказаў заклапочанасць ціскам на свабоду слова і заявіў, што мае намер прыняць адпаведныя меры. Палітык добра ведае сітуацыю ў Беларусі, бо нядаўна знаходзіўся з візітам у Менску разам з Вярхоўным камісарам ЕЗ у пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Ёханесам Ханам.
У гэты ж дзень Наталля Радзіна таксама правяла сустрэчы ў Еўрапейскай Народнай Партыі і з былым віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага Парламента, еўрадэпутатам ад Польшчы Яцэкам Сарыюшам-Вольскім.
У Брусэлі Наталля Радзіна абмеркавала сітуацыю з блакаваннем «Хартыі-97» і магчымасць увядзення санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў і лукашэнкаўскага Парку высокіх тэхналогій з віцэ-прэзідэнтам Еўрапарламента Паўлам Тэлічкам, кіраўніцай Камітэта Еўрапарламента ў бяспецы і абароне Ганнай Фатыгай, з намесніцай кіраўніка фракцыі Еўрапейскай Народнай Партыі ў Еўрапейскім парламенце, былой міністаркай замежных спраў Латвіі Сандрай Калніетэ і намеснікам кіраўніка фракцыі Кансерватараў і рэфарматараў, еўрадэпутатам ад Латвіі Робертам Зіле, еўрадэпутатамі ад Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Латвіі, Эстоніі і Швецыі.