27 красавiка 2024, Субота, 0:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як былая настаўніца арганізавала бізнэс у Слуцку

4
Як былая настаўніца арганізавала бізнэс у Слуцку
Алена Шышко

Прадпрымальніца распавяла, чаму змяніла прафесію.

Уладальніца крамы «Офіс-клас» Алена Шышко працавала настаўніцай у слуцкай школе, але дзевяць гадоў таму сышла ў «канцылярскі» бізнэс. Прадпрымальніца распавяла kurjer.info, чаму змяніла прафесію, з якімі цяжкасцямі сутыкнулася і чаму пэндзаль для малявання можа каштаваць 35 рублёў.

АЛЕНА ШЫШКО У СВАЁЙ КРАМЕ. ЯНА ВЕДАЕ АСАБЛІВАСЦІ ЛЮБОГА ТАВАРУ І МОЖА ПАДАБРАЦЬ НЕАБХОДНЫЯ ДЛЯ ЛЮБОГА ПАКУПНІКА
ФОТА: КАЦЯРЫНА МІХАЙЛАВА

Я з самага дзяцінства любіла пэндзлі, фарбы, алоўкі. Мая сям'я жыла ў Менску. Недалёка ад дома была крама канцылярскіх тавараў, мне падабалася туды прыходзіць і разглядаць тавары ў вітрынах. Калі я скончыла 8 класаў у 1988 годзе, мама ўгаворвала мяне паступаць у тэхнікум савецкага гандлю.

Але я хацела быць настаўніцай, таму паступіла ў педагагічную вучэльню. Пасля шлюбу пераехала ў Слуцк і дзесяць гадоў працавала ў школе.

З педагогікі сышла «ў нікуды», бо не атрымлівала ні матэрыяльнага, ні маральнага задавальнення ад працы. Уладкавалася працаваць у «Інтэрімпульс». Там даведалася асаблівасці і сакрэты вядзення канцылярскага бізнэсу, за што дагэтуль дзякую дырэктару Андрэю Лахмакову.

На тавар попыт ёсць

На адкрыццё свайго бізнэсу наважылася ў 2009 годзе. Уклала ўсё, што назапасіла. Крама была адкрытая на свае ўласныя ашчаджанні. Акрамя таго, пастаўшчыкі, з якімі я тады працавала, давалі адтэрміноўку плацяжу.

Канцылярскія тавары - рэч даволі запатрабаваная і дзецьмі, і дарослымі, і арганізацыямі.

Мастацкая прадукцыя таксама патрэбная як юным, так і прафесійным мастакам.

Тавары закупляю нямецкія, расейскія, польскія, беларускія і кітайскія. «Кітай», насуперак агульнапрынятаму меркаванню, таксама бывае розны, «шырспажыў» не заказваю.

ПАКУПНІК МОЖА ВЫБРАЦЬ ТАВАР «НА ЛЮБЫ КАШАЛЁК»
ФОТА: КАЦЯРЫНА МІХАЙЛАВА

Ёсць незвычайныя тавары

Я стараюся прывозіць навінкі і розныя арыгінальныя тавары, каб прыцягнуць пакупнікоў. Напрыклад, «піўны» кардон, які бяруць для вырабаў. Ён так называецца, таму што ў барах падстаўкі пад піўныя келіхі робяць менавіта з яго.

Ручкі для ляўшэй розных відаў. А таксама ручкі, якія пішуць рознымі колерамі, механічныя тачылкі, тачылкі ў форме жывёл.

Папулярныя маркеры. Яны бываюць з запраўкай чарніла для пісання на белай дошцы, тэкставыдзяляльнікі на нітрафарбе, перманентныя маркеры на спіртавой аснове для подпісу тэчак, тоўстыя і тонкія, са скошаным краем і круглыя, двухбаковыя.

Палімерная гліна для творчасці нямецкай фірмы Fimo. Да мяне часта прыходзяць гурткоўцы з Цэнтра творчасці, купляюць гліну і іншыя матэрыялы для лепкі.

Чаму пэндзлік можа каштаваць 35 рублёў

Ёсць аддзел для мастакоў, які я адкрыла, таму што разумею, наколькі творчыя людзі і школа мастацтваў маюць патрэбу ў якасным і разнастайным тавары. У мяне доўгі час была дылема: адкрываць гэты аддзел ці не. Я не шкадую, што адкрыла.

ПЭНДЗЛІКІ КОШЦЕ АД 3 ДА 35 РУБЛЁЎ
ФОТА: КАЦЯРЫНА МІХАЙЛАВА

Цяпер на вітрыне ляжаць пэндзлікі прыкладна на суму 500 рублёў. Калі мая дачка вучылася ў мастацкай школе, я сутыкнулася з тым, што ў Слуцку складана знайсці прафесійны пэндзаль з вавёрчынага хваста.

Ездзілі ў Менск, каб купіць добры пэндзаль. Яго кошт даволі высокі - 35 рублёў. Гэтыя пэндзлікі вырабляюцца ў Расеі. У Кіраве ёсць вучэльня, дзе чатыры гады навучаюць, як правільна рабіць такія пэндзлі. З якой часткі хваста вавёркі ўзяць поўсць, як яе правільна скласці.

У кітайскі пэндзлі ворс высыпаецца, а ў гэтага - не. Пэндзлі з вавёрчынага ворсу патрэбныя для працы з акварэллю, а для гуашы - пэндзлі з шчаціння і сінтэтыкі.

Для пачаткоўцаў мастакоў ёсць пэндзлі больш простыя і таннейшыя - ад 3 рублёў.

ФАРБЫ ЁСЦЬ РОЗНЫЯ: АКВАРЭЛЬ, ГУАШ, АЛЕЙ. АКРЫЛАВЫЯ ФАРБЫ КАРЫСТАЮЦЦА ПОПЫТАМ У ТЫХ, ХТО ЗАЙМАЕЦЦА ДЭКУПАЖАМ, СУДНАМАДЭЛЬНАЙ СПРАВАЙ, ДЫЗАЙНАМ ПАЗНОГЦЯЎ

Мастацкія фарбы высокай якасці прывозяць з Санкт-Пецярбурга. Іх выпускае завод, створаны яшчэ да рэвалюцыі. У іх якасныя пігменты, якім аддаюць перавагу прафесійныя мастакі.

Як працуем з пакупнікамі

Крама працуе кожны дзень без выхадных. З пакупнікамі прадавец размаўляе, пытаецца, для чаго патрэбен тавар, і прапануе выбар. Калі няма таго, што трэба, шукае альтэрнатыву або замаўляе спецыяльна для гэтага пакупніка.

КОШТ ШАРЫКАВЫХ РУЧАК ПАЧЫНАЕЦЦА АД 35 КАПЕЕК І ДА 48 РУБЛЁЎ (ФІРМЫ PARKER)

Колькі можна зарабіць на канцтаварах

Вялікім прыбытак ад працы крамы канцылярскіх тавараў назваць нельга. Прыкладна 1000 рублёў.

Большую частку даходу даюць замовы прадпрыемстваў на канцтавары. Дадаткова прымаю замовы на выраб пячатак і штампаў.

Даходаў мне стае на ўсе мае патрэбы. Кожны год адпачываю ў санаторыі, утрымліваю машыну, якую набыла таксама за кошт продажу канцылярскіх тавараў.

З абавязковых выдаткаў: 16% ад даходу раз у квартал сыходзіць на падаходны падатак, які адлічваецца ў ФСАН, уношу арэндную плату, за электрычнасць, заробак прадаўца, частка ідзе на закупку тавару.

Хочацца развівацца далей

На базе сваёй крамы планую праводзіць недарагія майстар-класы па розных відах творчасці для дзяцей і дарослых з выкарыстаннем сваіх тавараў. Так людзі даведаюцца пра новыя тавары і паспрабуюць іх у дзеянні. Будуць ведаць, што ім трэба і як выкарыстоўваць.

Планую прыцягваць дасведчаных майстроў, мастакоў, з якімі вяду перамовы. Такія творчыя майстэрні ёсць у вялікіх крамах у Менску. У мяне невялікае памяшканне, але я абавязкова што-небудзь прыдумаю.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках