3 траўня 2024, Пятніца, 23:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справу збітай АМАПам актрысы хочуць спусціць на тармазах

9
Справу збітай АМАПам актрысы хочуць спусціць на тармазах
СВЯТЛАНА САКАЛОЎСКАЯ

Паводле інцыдэнта вядзецца праверка, але следчыя зацягваюць яе.

У СМІ выклікала шырокі грамадскі рэзананс гісторыя аб збіцці супрацоўнікам АМАП актрысы на масавых гуляннях у Менску падчас навагодніх святаў. Але гэтая гісторыя міліцэйскага беззаконня прадаўжаецца.

Нагадаем, Святлана Сакалоўская (на просьбу суразмоўніцы называем яе сцэнічны псеўданім) у навагоднюю ноч атрымала дубінкай па галаве і патрапіла ў лякарню са страсеннем мазгоў. Цяпер дзяўчына хоча дамагчыся справядлівага пакарання для супрацоўніка АМАПу, які ўдарыў яе дубінкай.

Паводле гэтага інцыдэнту вядзецца праверка, але следчыя зацягваюць яе. Яны перакідваюць гэтую справу адзін аднаму, пры гэтым губляюць дакументы ці выносяць апавяшчэння аб прадаўжэнні тэрміну правядзення праверкі, піша spring96.org.

1 студзеня 2018 г Святлана звярнулася ва УСК Заводскага раёна г. Менска з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці супрацоўніка АМАПу, які прычыніў ёй цялесныя пашкоджанні. У гэты ж вечар дзяўчына сустрэлася са следчым Аскеравым, якому распавяла ўсе акалічнасці справы. Але на наступны дзень 2 студзеня высветлілася, што яе заяву перадалі іншаму супрацоўніку следчых органаў Несцяровічу.

5 студзеня Святлана Сакалоўская сама пайшла ў лякарню, каб зняць пабоі, але ў яе запатрабавалі пастанову, які павінен быў выдаць следчы. Ва УСК Заводскага раёна актрыса даведалася, што Несцяровіч перадаў дакументы іншаму следчаму, які ў сваю чаргу проста згубіў іх.

Дзяўчына дамаглася выдачы накіравання на судмедэкспэртызу ад следчых органаў толькі праз 5 дзён пасля атрымання пашкоджанняў (!), але ўласнаручна азнаёміцца з вынікамі Святлане не далі.

11 студзеня акторка атрымала ліст са Следчага камітэта за подпісам старэйшага следчага аддзела А.Федарэнкі, згодна з якім праверку працягнулі да аднаго месяца (у апавяшчэнні аб падаўжэнні тэрміну правядзення праверкі: «да 2018.01.01»).

Такім чынам, праверка працягваецца ўжо трэці месяц. Крымінальная справа дагэтуль не распачатая. Але пры гэтым следчыя праводзяць фактычныя дзеянні, якія магчымыя толькі ў рамках крымінальнага расследавання і на падставе крымінальна-працэсуальнага заканадаўства.

Так, 15 сакавіка Святлану выклікалі на месца здарэння (пляцоўка перад «Чыжоўка-Арэнай») для апісання людзей, рэчаў, для фіксацыі месцаў на фотаапарат у прысутнасці двух сведак. Але на справе правядзенне дзеянняў у дачыненні да Святланы ўяўляла сабой следчы эксперымент.

У эксперыменце закрыцця дзвярэй аўтобуса следчы прымусіў акторку выконваць дзеянні супрацоўніка АМАПу, то бок, асобы, якая траўмавала яе. Эксперымент супрацоўнікі следчых органаў здымалі на відэа. Пры гэтым следчы адмовіўся фіксаваць у пратаколе ўсе вынікі эксперыменту, напрыклад тыя, якія маглі б легчы ў аснову довадаў віны супрацоўніка АМАПу.

Акрамя таго, следчы папярэдзіў Святлану пра адказнасць за разгалашэнне вядомых ёй звестак праверкі. Такія дзеянні з'яўляюцца незаконнымі, бо следчыя органы могуць узяць падпіску з папярэджаннем аб крымінальнай адказнасці толькі пра неразгалошванне звестак папярэдняга следства і дазнання.

Такім чынам, зацягнутая праверка можа стаць прычынай таго, што вінаватыя ў прычыненні цялесных пашкоджанняў акторцы сыдуць ад адказнасці.

Святлана Сакалоўская ўжо накіравала скаргу раённаму пракурору, у якой просіць прызнаць незаконнымі дзеянні следчага пры праверцы, скасаваць пастанову пра падаўжэнне тэрміна праверкі і распачаць крымінальную справу аб факце прычынення ёй цялесных пашкоджанняў. Аналагічную скаргу начальніку аддзела СК Заводскага раёна г. Менска накіраваў Аляксандр М., які з'яўляўся сведкам яе збіцця.

«Мяркую, што чалавек, які апрануў форму праваахоўных органаў, павінен абараняць людзей, у тым ліку і ад гвалту, а не самому чыніць гвалт, прыкрываючыся формай. Я ўявіць сабе не магла, што ў навагоднюю ноч на ялінцы буду збітая АМАПам...хачу, каб супрацоўнікі АМАП, якія збіваюць людзей проста так, наогул не працавалі ў сілавых структурах. Тады мы не будзем баяцца міліцыі», - агучвае актрыса, здавалася б, відавочныя рэчы, але пакуль недасяжныя ў Беларусі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках