Віцэ-прэзідэнт Еўрапарламенту: Мы павінны абараніць свабоду слова ў Беларусі
3- 7.03.2018, 9:59
- 24,872
Віцэ-прэзідэнт Еўрапарламенту ад Гішпаніі Рамон Луіс Валькарсэль накіраваў запыты ў Еўракамісію ў сувязі з блакаваннем сайта Charter97.org у Беларусі.
Адзін ліст накіраваны Еўрапейскаму камісару ў пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Ёханэсу Хану, другі ліст аналагічнага зместу - Вярхоўнай прадстаўніцы Еўрапейскага Звязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыцы Магерыні.
У лісце Рамона Луіса Валькарсэля падкрэсліваецца важнасць свабоды прэсы ў Беларусі як неабходнай умовы для ўзнікнення свабоднай дэмакратычнай Беларусі. Акрамя таго, тлумачыцца значэнне «Хартыі-97» для абароны бяспекі ў рэгіёне ад уплыву крамлёўскай прапаганды.
Віцэ-прэзідэнт Еўрапарламенту пытаецца, ці мае намер Еўракамісія прыняць захады ў сувязі з блакаваннем «Хартыі-97» і просіць даслаць яму інфармацыю пра гэтыя захады. Заканчваецца ліст словамі: «Калі мы сёння не абаронім свабоду слова ў Беларусі, дык з часам у краіне не застанецца свабод, якія можна будзе абараняць».
Падаем тэкст ліста віцэ-прэзідэнту Еўрапарламенту Фрэдэрыцы Магерыні і Ёханэсу Хану цалкам:
«Дазвольце мне звярнуцца да вас у сувязі з цяжкай сітуацыяй, у якой знаходзіцца свабода прэсы ў Беларусі. Вядучы ў краіне незалежны навінавы сайт «Хартыя-97» быў заблакаваны 24 студзеня. Міністэрства інфармацыі абвінаваціла сайт у публікацыі матэрыялаў, «здольных чыніць шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», не ўказаўшы пры гэтым канкрэтных публікацый. «Рэпарцёры без межаў» ды іншыя арганізацыі выступілі з асуджэннем блакавання.
Вядомая за прыхільнасць прасоўвання дэмакратыі і правоў чалавека «Хартыя-97» стала апорай свабоды слова ў Беларусі. Таму для «Хартыі» гэта далёка не першая перашкода, якую даводзіцца пераадольваць за час свайго існавання. Напрыклад, галоўная рэдактарка Наталля Радзіна (уладальніца Міжнароднай узнагароды за свабоду прэсы 2011 года) жыве за межамі краіны пасля знаходжання ў турме КДБ.
Аднак, гэты новы акт цэнзуры выклікае здзіўленне ў кантэксце цяперашніх стасункаў Беларусь-ЕЗ, бо ён супярэчыць дэклараванай пазіцыі Менска ў дачыненні да ЕЗ. Больш за тое, блакаванне выклікае асцярогі з нагоды бяспекі ва ўсім рэгіёне, бо большасць чытачоў «Хартыі-97» пачалі атрымліваць навіны з іншых СМІ, большасць з якіх кантралююцца дзяржавай або знаходзяцца пад кантролем Крамля. У сярэдняй і доўгатэрміновай перспектыве гэтая тэндэнцыя можа яшчэ больш падарваць сацыяльную базу, якая абараняе свабоды ў Беларусі.
Цалкам усведамляючы ўсе цяжкасці, з якімі сутыкаецца грамадзянская супольнасць у Беларусі, Еўрапейскі Звяз абраў абноўлены падыход, дзе палітыка ў дачыненні да краіны арыентаваная, перш за ўсё, на людзей, напрыклад, заахвочваючы праграмы навучання і абменаў. У рамках гэтага абноўленага падыходу, які ўключае скасаванне санкцый у 2016 годзе, мы павінны, і гэта важна, прадаўжаць праяўляць цвёрдую, пастаянную і непахісную падтрымку для тых беларускіх грамадзян, якія смела бароняць правы чалавека ды імкнуцца да дэмакратызацыі краіны. Гэта абавязкова мае на ўвазе безумоўную падтрымку свабоды прэсы.
Гэтак жа, як Еўрапейскі Завяз не можа здраджваць надзеі вялікай часткі беларусаў, якія вераць у дэмакратычную і свабодную Беларусь, таксама мы не можам заплюшчваць вочы на гэты новы акт цэнзуры. Таму, нягледзячы на тое, што я ўсведамляю, што праз далікатнасць стасункаў паміж ЕЗ, Беларуссю і, у асаблівасці, Расеяй Еўрапейская Камісія павінна дзейнічаць з асцярожнасцю, я хацеў бы ў вас спытаць, ці мае намер Еўрапейская Камісія прымаць якія-небудзь захады ў гэтай справе. Я застаюся ў вашым поўным распараджэнні і чакаю ад вас адпаведнай (на ваша меркаванне) інфармацыі аб сітуацыі.
Я перакананы, што калі мы сёння не абаронім свабоду слова ў Беларусі, то можа надысці час, калі ў краіне не застанецца свабод, якія можна будзе абараняць».