4 траўня 2024, Субота, 1:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У людзей на «Белшыне» адразу ж утрымалі па $55 з заробку на камуналку»

8
«У людзей на «Белшыне» адразу ж утрымалі па $55 з заробку на камуналку»

У Бабруйску праходзяць сходы з нагоды ўвядзення платы за карыстанне пакоямі ў інтэрнатах.

Прадстаўнікі камунальных службаў горада праводзяць сустрэчы з жыхарамі інтэрнатаў, адказваючы на іх пытанні з нагоды павелічэння платы за карыстанне жылымі памяшканнямі, піша «Вечерний Бобруйск». Два такіх сходы 19 красавіка адбыліся ў інтэрнаце ААТ «Белшына» на вуліцы Ульянаўскай, 94 і ў інтэрнаце БУКДПАЖФ Першамайскага раёна на вуліцы Ульянаўскай, 90.

Мэтазгоднасць падвышэння аплаты, якая фактычна з'яўляецца арэндай, выклікае ў бабруцаў, якія ўклалі дамову найму жылых памяшканняў з прадпрыемствамі, сумневы. Канстанцін, які пражывае з сям'ёй у інтэрнаце ўжо трэці год, прызнаецца, што за 180 рублёў, якія яму налічылі за сакавік разам з камунальнымі аплатамі, можна зняць двухпакаёвую кватэру на тым жа Даманскім.

- Гэта будзе нармальнае жыллё з рамонтам, а не тая халупа з агульнай кухняй на калідоры. Самае непрыемнае, што ў людзей на «Белшыне» адразу ж утрымалі па 110 рублёў з заробку, якія пойдуць на камуналку. Падстрахаваліся на выпадак, калі людзі ўзбунтуюцца і адмовяцца плаціць, - кажа Канстанцін.

Вольга не першы год жыве ў інтэрнаце на вуліцы Ульянаўскай, 90, які раней належаў ААТ «Бабруйскаграмаш». У ейным пакоі прапісаныя тры чалавекі, у тым ліку былы муж, які пражывае асобна. У рахунку, які атрымала жанчына за красавік, значыцца сума 130 рублёў.

- Плаціць давядзецца больш на 53 рублі. Я адна гадую дзіця, заробак - 300 рублёў. Яшчэ 40 рублёў кожны месяц аддаю за групу падоўжанага дня. На якія грошы жыць?

Як і хто распарадзіцца грашыма?

«Белшынаўцы» пацікавіліся, куды менавіта пойдуць сродкі, якія ім давядзецца плаціць у радку рахунка «за карыстанне жылымі памяшканнямі». Сума з інтэрната на месяц атрымліваецца вялікая, калі ўлічваць, што з кожнага блока ў залежнасці ад метражу і колькасці зарэгістраваных чалавек дадаткова давядзецца плаціць ад 40 да 70 рублёў.

- Магілёўскі аблвыканкам даў тлумачэнні з гэтай нагоды, сродкі за карыстанне жылымі памяшканнямі будуць накіраваныя на развязанне пытанняў эксплуатацыі і добраўпарадкавання інтэрната, - паведаміла галоўная бухгалтарка ЖЭУ ААТ «Белшына» Людміла Кавальская.

Што хочуць атрымаць за свае грошы жыхары інтэрнатаў?

Бабруйцы, якія пражываюць у інтэрнаце №9 ААТ «Белшына», у адзін голас сцвярджаюць, што за апошнія 20 гадоў касметычны рамонт у будынку рабіўся ўсяго двойчы.

- Дах зрабілі, але ён як цёк, так і цячэ, - абурылася жыхарка дзявятага, апошняга паверху.

На думку жыхароў «дзявяткі», грошы трэба выдаткаваць на «добры рамонт унутры і звонку», пры гэтым выключыўшы з рахункаў дзве іншыя пазіцыі - тэхнічнае абслугоўванне і капітальны рамонт.

- Мы дагэтуль не ведаем, куды ідуць гэтыя грошы, і за што мы плацім, - мяркуюць удзельнікі сустрэчы.

Жыхары інтэрната БУКДПАЖФ Першамайскага раёна таксама просяць навесці парадак. Людзі скардзяцца на тое, што ў кухнях не працуюць пліты, а ў блоках усё даводзіцца мяняць за свой кошт, уключаючы сантэхнічнае абсталяванне.

- Калі я арэндую кватэру, там ёсць і дзверы, і вокны, і ўнітаз - я ведаю, за што плачу, - кажа 37-гадовая Таццяна. - А тут з мяне патрабуюць арэнду, але прапануюць неўладкаванае памяшканне, у якое трэба ўкладаць грошы. Калі вы ўжо бераце такія сумы за карыстанне памяшканнем, то прывядзіце яго ў парадак!

Таксама жыхары абодвух інтэрнатаў намагаюць на тым, каб у іх пакоях былі ўсталяваныя лічыльнікі на электрычнасць і ваду. Зрабіць гэта, як патлумачыла начальніца ЖЭУ №8 Яўгенія Марчанка, немагчыма праз нормы дзейнага заканадаўства. А вось навесці парадак са здыманнем звестак з агульнага лічыльніка, пры якім могуць прысутнічаць жыхары інтэрната, яна паабяцала.

Абодва сходы праходзілі на падвышаных тонах: жыхары інтэрнатаў раз-пораз перакрыквалі адзін аднаго і апанентаў, выказвалі сваё абурэнне і патрабавалі справядлівасці. Аднак пытанне з увядзеннем платы за карыстанне жылымі памяшканнямі разглядалася на ўзроўні Магілёўскага аблвыканкама, бо нешта змяніць прадпрыемствы-ўласнікі інтэрнатаў не могуць.

- Ад таго, што вы крычыце, што-небудзь зменіцца? - пацікавілася ў «аграмашаўцаў» начальнік планава-эканамічнага сектара УКПП ЖКГ «Бабруйскжылкамгас» Надзея Клімкова.

Праўда, кіраўніцтва ААТ «Белшына» накіравала ў аблвыканкам ліст з просьбай разгледзець зварот жыхароў інтэрнатаў аб зніжэнні каэфіцыента пры разліках платы за жылыя памяшканні. Адказу бабруйцы пакуль не атрымалі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках