4 траўня 2024, Субота, 6:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Жыву ў Берасці, а ў школу хаджу ў Менску»

«Жыву ў Берасці, а ў школу хаджу ў Менску»

Адзін з самых перспектыўных беларускіх футбалістаў пра сваё жыццё.

На днях нацыянальная каманда Беларусі (U-18) адправілася на турнір у Партугалію. Падрыхтоўчы збор наша каманда па традыцыі правяла на базе сталічнай Акадэміі футбола, склікаўшы туды найлепшых футбалістаў краіны ва ўзросце, не старэйшым за 2000 год нараджэння. У іх ліку і нападнік Кірыл Кірыленка, які год таму перабраўся са сталіцы ў Берасце, дзе ўсё часцей трапляе ў заяўку на матчы асноўнага складу «Дынама». Пры гэтым ён нядрэнна знаёмы з уладкаваннем дзіцяча-юнацкай футбольнай структуры берасцейскага клуба - як, вядома ж, і з умовамі ў сталічнай футбольнай акадэміі. Перад ад'ездам беларускіх юнакоў у Партугалію карэспандэнт pressball.by сустрэўся з Кірыленкам і распытаў яго пра некаторыя падабенствы і адрозненні ягонага рэжыму дня ў берасцейскім «Дынама» і менскай Акадэміі футбола.

Абуджэнне, сняданак, абед, вячэра

У Берасці я жыву самастойна з шаснаццаці гадоў: адзін здымаю кватэру. Абуджэнне залежыць ад часу пачатку трэніроўкі: магу ўстаць а восьмай раніцы, а магу і а дванаццатай. Паколькі жыву халасцяцкім жыццём, то гатую сам. Звычайна мой сняданак складаецца са шматкоў і банана. А потым еду на трэніроўку. Пасля яе ў нас заўсёды абед. А пасля вячэрніх заняткаў - вячэра.

Нашы пажаданні наконт меню заўсёды ўлічваюцца. Доктар перад трэніроўкай увесь час цікавіцца: хто пойдзе есці з камандай, а хто паедзе дадому. Пытаецца пра нашыя перавагі. Свініна, курыца - ежа на ўсякі густ. Зразумела, нашы калорыі кантралююць. Таму лішнюю вагу не набіраем.

Падчас збораў юнацкай нацыянальнай каманды Беларусі прачынаемся а дзявятай. У акадэміі БФФ сняданак пачынаецца а 9.30. У меню ёсць сасіскі, яйкі і кашы.

Трэніроўкі

Колькасць трэніровак за дзень адрозніваецца. Бліжэй да гульняў - па адной на дзень. Калі пачынаецца тыднёвы цыкл падрыхтоўкі да матчаў - па два заняткі. Заўсёды па-рознаму.

Ранішнюю размінку я праспаў адзіны раз: пераблытаў час і не прыйшоў на яе. Тады гэта быў, напэўна, самы страшны і адначасова смешны дзень у маім жыцці. Абмяркоўвалі гэтую сітуацыю з татам. Ён мяне супакоіў і сказаў, што такое адбываецца з кожным. Напэўна, ён мае рацыю. Ва ўсякім выпадку гэта стала добрым урокам.

У Берасці шмат замежных спецыялістаў. Напраўду праблем у камунікацыі наогул не ўзнікае. З часам знайшлі агульную мову. Трэнеры падвучылі расейскую мову, футбалісты прывыклі да іх манеры гаварыць.

У акадэміі «Дынама» шмат гішпанскіх трэнераў. А хлопцы, якіх у яе запрасілі, жывуць у гатэлі «Пяць кольцаў». Цэнтр побач, дайсці можна за 10-15 хвілін. Берасце - кампактны горад, усё блізка. Хлопцам, якія там жывуць, зручна.

Школа

Хоць і жыву ў Берасці, прадаўжаю вучыцца ў сталічнай школе. У мяне тут завочная форма, індывідуальны графік. У канцы кожнага месяца прыязджаю на вучобу, здаю іспыты. Хачу падзякаваць настаўнікам, якія з разуменнем ставяцца да мяне і прафесіі футбаліста.

У акадэміі БФФ хлопцы разам едуць на вучобу. Усе ходзяць у адну школу. Наколькі ведаю, у Берасці сітуацыя аналагічная. Прадметы ў школах нічым не адрозніваюцца ад звычайных. Хоць у замежных акадэміях нярэдка выкладаюць псіхалогію або вучаць камунікаванню з прэсай. Думаю, і для нас такія прадметы былі б карысныя.

Ангельскую мову, вядома, штудзіруюць: без яе цяпер наогул складана. Плюс у Берасці шмат легіянераў, трэба старацца з імі камунікаваць, падтрымліваць размову. Я ведаю «інгліш» даволі добра, з усімі знаходжу агульную мову. Калі бываў на адпачынку ў Еўропе, праблем з камунікацыяй не ўзнікала.

Вольны час

У акадэміі БФФ ён пачынаецца пасля 19.00 і сканчаецца а 22.30. Хлопцы займаюцца сваімі справамі. Малодшыя хлопцы ходзяць з выхавацелямі ў краму. У Берасці сапраўды гэтак жа: там ёсць выхавальнікі, якія сочаць за хлопцамі і дапамагаюць ім. Думаю, у іх цяпер такі ж расклад, як і тут. Яшчэ на замежных зборах клуба весела. У нас шмат моладзі па 18-19 гадоў. Бывае, збярэмся пасля трэніровак і бярэм напракат аўтамабіль. Весела пакатацца па Турэччыне.

У акадэміі БФФ надалі вялікую ўвагу нашым захапленням. Тут ёсць гульнявы пакой з прыстаўкамі і кампутарамі. Часта туды ходзім, гутарым, гуляем. У «Дынама» такога яшчэ няма. Але трэба разумець, што ў Берасці акадэмія толькі пачынае развівацца, і далей будзе толькі лепш!

У Берасці стараюся выбірацца ў свет. Кавы папіць, з хлопцамі час прабавіць. Тым больш цяпер вясна - надвор'е добрае. А яшчэ і горад прыгожы! Улюбёныя месцы - «Korova» і «Golden coffee». Калі прыязджаю ў Менск, дома таксама сяджу рэдка: хочацца і з сябрамі пабачыцца, і з сям'ёй часта кудысьці выбіраемся.

А за парушэнне рэжыму, думаю, усюды ёсць санкцыі. У нацыянальнай камандзе асабліва! Хоць хлопцы і самі разумеюць, што можна рабіць, а што не вітаецца. Стараемся выконваць графік. Бывае, з дзяўчынкай хтосьці можа прайсціся побач з акадэміяй перад адбоем, але ўсё адно вяртаешся своечасова. Трэнеры не прымаюць спазненняў. Мы гэта таксама добра разумеем.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках