3 чэрвеня 2024, панядзелак, 22:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У нас заробкі $60 - а да нас прыходзяць, пагражаюць адабраць дзяцей»

37
«У нас заробкі $60 - а да нас прыходзяць, пагражаюць адабраць дзяцей»

Крык душы вяскоўцаў з Віцебскай вобласці.

Іржавая вада, ды і тое толькі 2 разы на тыдзень. Жыхары вёскі Вярхоўе Бешанковіцкага раёна пакутуюць ад бяздзейнасці ЖКГ. У дамах, збудаваных яшчэ ў 80-ых гадах, ні разу не было капітальнага рамонту - жылыя будынкі працякаюць, балконы могуць абрынуцца ў кожнае імгненне. Чыноўнікі ж замест дапамогі запалохваюць жыхароў вёскі і нагадваюць аб неабходнасці плаціць камунальныя паслугі, паведамляе «Белсат».

Парослыя мохам балконы, пад'езды, як з фільмаў жахаў. У такіх варунках вымушаныя жыць жыхары дамоў нумар 29а і 29б на вуліцы Савецкай у вёсцы Вярхоўе Бешанковіцкага раёна. Цяжка паверыць, але вокны на цвіках, пастаўленыя ЖКГ у гэтым годзе ў студзені, замянілі ранейшыя - з дзіркамі.

«Яны збітыя так, і гэта нармальна. А што вы хочаце? У нас у дом падключылі ацяпленне ў пад'ездах. Уявіце, шчыліны такія, вецер гуляе, а яны ацяпляюць! А мы плацім!», - распавядае мясцовая жыхарка Святлана Арцюх.

Людзям не стае нармальнай вады

Між тым, гэта яшчэ зусім не самая важная праблема. Не ў Сахары, не ў Аўстраліі, а ў беларускай вёсцы людзям не стае нармальнай вады. З кранаў цячэ іржа, а падагрэў наогул стаў нечуванай раскошай.

«Як толькі лета пачынаецца, вада ў нас гарачая толькі бывае два дні - пятніца і субота. З 4-х да 10-ці гадзін вечара. Як сказаць, не зусім яна гарачая. Пакуль яны яе нагрэюць, гэта гадзін так восем. Ну і там гадзіны 2-3 толькі вада», - кажа жыхар вёскі Вярхоўе Сяргей Кавалеўскі.

Вяскоўцы ўжо даўно дамагаюцца ад камунальнікаў належнага рамонту дома і чалавечага стаўлення. Між тым у Бешанковіцкім райвыканкаме да гэтых прэтэнзій ставяцца надзвычай грэбліва.

«А што павінна змяніцца? А самі грамадзяне потым у стане будуць плаціць? Вам паскардзіліся неплацельшчыкі сістэматычныя. А яны потым у стане будуць аплаціць, калі вада будзе падавацца кожны дзень? Яны перыядычныя неплацельшчыкі і завінавачаныя за камунальныя паслугі», - сцвярджае начальніца аддзела ЖКГ Бешанковіцкага раёна Наталля Аўчыннікава.

Чыноўніца дадала, што дзяржава і так пабудавала для жыхароў гэтых дамоў асобную кацельню. Відавочна, на думку чыноўнікаў, людзям летам дастаткова памыцца два разы на тыдзень.

«У нас заробкі 200-300 рублёў, бывае, што і 120. У пазыках жывем тут, да нас прыходзяць, патрабуюць, пагражаюць адключэннем, адбіраннем дзяцей, апекай палохаюць. Яны не бачаць таго, што яны нам вінныя. Яны бачаць толькі тады, калі мы ім вінныя», - са слязамі на вачах кажа Святлана Арцюх.

Да скаргаў на стан дамоў дадаецца патрабаванне Пятра Яначкіна. Ён у сувязі з інваліднасцю вымушаны перасоўвацца на вазку. Пятро ўжо год безвынікова дамагаецца, каб у пад'ездзе аднавілі зламаны хуліганамі пандус, а ямкі ў двары засыпалі.

«Гэта невыносна! Я ж жывы пакуль чалавек, я ўжо і так прашу сабе смерці! Надакучыла ўсё!», - скардзіцца Пятро Яначкін.

Характэрна, што сярод усеагульнага запусцення і шэрасці ў Вярхоўе вылучаецца толькі адзін будынак - сельсавет. На ягоны рамонт грошы ў бюджэце знайшліся.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках