4 чэрвеня 2024, aўторак, 5:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

150 гадоў таму нарадзіўся прэм'ер-міністр БНР Раман Скірмунт

1
150 гадоў таму нарадзіўся прэм'ер-міністр БНР Раман Скірмунт
Раман Скірмунт

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч нарадзіўся 25 красавіка 1868 года ў родавым маёнтку Парэччы пад Пінскам.

Раман Скірмунт быў адным з 9 дзяцей у сваіх бацькоў. Юнацтва ён прысвяціў навучанню - скончыў Рыжскую класічную гімназію, вывучаў юрыспрудэнцыю ў Варшаўскім універсітэце, затым спасцігаў філасофію ва ўніверсітэце ў Вене, піша сайт «Медыя-Палессе».

Добрая класічная адукацыю зрабіла яго чалавекам шырокага кругагляду, гнуткага розуму і дала адэкватнае ўспрыманне рэчаіснасці.

«Я сам ураджэнец беларускага Палесся, нашчадак літоўскай сям'і, са старажытных часоў, спакон веку аселай у гэтым краі, і мае продкі да 17 стагоддзя карысталіся беларускай мовай як хатняй... Просты мужык», - пісаў Скірмунт пра свае карані.

У 1907-1917 гадах Скірмунт быў намеснікам Прэзідэнта менскага Таварыства сельскай гаспадаркі, з'яўляўся дэпутатам 1-й Дзяржаўнай думы Расеі, чальцом Дзяржаўнай Рады Расейскай імперыі.

У 1915-1917 гадах узначальваў Беларускі нацыянальны камітэт у Менску, быў сябрам Менскага беларускага народнага прадстаўніцтва. У 1918-м працаваў у камітэце падрыхтоўкі першага агульнабеларуская з'езду. Быў сябрам Рады і Прэм'ер-міністрам Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Палітыцы ён быў адданы целам і душой, не шкадаваў для яе ні фізічных, ні маральных высілкаў. Чалавек, бясспрэчна, з вялікай духоўнай культурай, шырокім светапоглядам, Скірмунт належаў ў тыя часы да групы тых рэдкіх абшарнікаў Беларусі, для якіх беларускі селянін быў бліжэйшы за селяніна... Выступы Скірмунта на беларускіх сходах вылучаліся і зместам і формай. Яны былі заўсёды высокапатрыятычныя, грунтаваныя на беларускім пункце гледжання і нават проста рэвалюцыйныя, што выклікала ў прысутных віхуру захаплення», - пісаў рэлігійны дзеяч Беларусі Вінцэнт Гадлеўскі.

Пасля разгрому БНР і падзелу Беларусі паводле Рыжскага трактату Раман Скірмунт жыў у сваім маёнтку ў Парэччы, тады на тэрыторыі Польшчы. Дапамагаў выдаўцам беларускай прэсы. У 1930-1935 гадах быў сэнатарам польскага Сэйму.

7 кастрычніка 1939 года ён быў забіты мясцовымі бальшавікамі ў Парэччы.

У вёсцы Парэччы, на ўскраіне парку, створанага Скірмунтам, знаходзіцца адразу дзве магілы. Рэч у тым, што Скірмунта расстралялі недалёка ад вёскі па дарозе ў Пінск, там жа забойцы - мясцовыя прыхільнікі бальшавікоў - прыкапалі цела. Удзячныя сяляне, якія не здолелі выратаваць жыццё пану, перавезлі цела ў парк і пахавалі. На месцы пахавання паставілі важкі драўляны крыж. Ён захаваўся пахілы да пачатку 1990-х гадоў. Рэшткі драўлянага крыжа прыбралі і ўсталявалі металічны крыж, ён захаваўся дагэтуль.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках