26 снежня 2024, Чацвер, 6:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўракамісар Ёханэс Хан адказаў галоўнай рэдактарцы «Хартыі-97» Наталлі Радзінай

13
Еўракамісар Ёханэс Хан адказаў галоўнай рэдактарцы «Хартыі-97» Наталлі Радзінай

ЕЗ заклікае беларускія ўлады забяспечыць бесперашкодны доступ да сеткі Інтэрнэт.

Падчас апошняга візіту ў Менск камісара Еўрапейскага Звязу ў еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні Ёханэса Хана яму быў перададзены ліст галоўнай рэдактаркі сайта Charter97.org Наталлі Радзінай, у якім журналістка заклікала еўракамісара запатрабаваць ад беларускіх уладаў неадкладна спыніць блакаванне сайта Charter97.org у Беларусі і спыніць рэпрэсіі супраць незалежных медый. Ліст быў падпісаны лідарамі беларускіх апазіцыйных палітычных партый і арганізацый, якія прысутнічалі на сустрэчы з Ханам.

26 красавіка Наталлі Радзінай прыйшоў ліст ад кіраўніка Кабінета камісара Ёханэса Хана Міхаэля Kaрнітшніга, у якім паведамляецца, што камісар ЕЗ у еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні асуджае рэпрэсіўныя захады ў дачыненні да беларускіх незалежных СМІ.

Падаем тэкст ліста цалкам:

«Дарагая спадарыня Радзіна,

Ад імя камісара Хана я хацеў бы падзякаваць вам за перададзены яму падчас візіту ў Менск ліст з інфармацыяй пра тое, што 24 студзеня беларускія ўлады заблакавалі незалежны навінавы сайт Charter97.org.

Мы напоўніцу ўсведамляем вашыя асцярогі і вашую ацэнку сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі.

Я хацеў бы запэўніць вас у тым, што пры кожным адпаведным выпадку ЕЗ узаемадзейнічае з беларускімі ўладамі ў сувязі з пытаннямі, звязанымі з правамі чалавека, асноватворнымі свабодамі, сярод іншага, са свабодай СМІ. ЕЗ неаднаразова заклікаў беларускія ўлады забяспечыць бесперашкодны доступ да сеткі Інтэрнэт.

У сувязі з гэтым сталая падтрымка незалежных СМІ будзе па-ранейшаму мець важнае значэнне. Мы выдатна разумеем, што некалькі незалежных сродкаў масавай інфармацыі напружана працуюць над дасягненнем адчувальных вынікаў у развіцці крытычнага мыслення і прасоўванні дэмакратычных каштоўнасцяў.

Падчас свайго нядаўняга візіту ў Менск на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх уладаў на самым высокім узроўні камісар Хан падкрэсліваў, што гэтыя рэпрэсіўныя захады супярэчаць прынятым Беларуссю абавязанням у адпаведнасці, у тым ліку, з міжнародным пактам грамадзянскіх і палітычных правоў. Акрамя таго, падчас апошняй сустрэчы каардынацыйнай групы ЕЗ-Беларусь 19-20 снежня 2017 года ў Брусэлі і дыялогу аб правах чалавека ЕЗ-Беларусь 20-21 лiпеня 2017 года ў Брусэлі ЕЗ падкрэсліваў неабходнасць захавання асноўных свабод, у тым ліку свабоду слова, выказвання меркаванняў, свабоду СМІ.

Я хацеў бы запэўніць вас, што далейшае развіццё стасункаў паміж ЕЗ і Беларуссю будуць залежаць ад таго, ці распачне Беларусь рэальныя крокі для выканання правоў чалавека, павагі усеагульных асноватворных свабод і ўмацавання вяршэнства права ў краіне.

Прынцыповая пазіцыя ЕЗ у дачыненні да свабоды слова, свабоды выказвання меркаванняў і свабоды СМІ як асноватворных правоў кожнага чалавека будзе займаць важнае месца ў двухбаковым парадку дня».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках