Базу «дармаедаў» сфармуюць да 1 снежня 2018 года
21- 6.04.2018, 10:17
- 19,813
Cпіскі будуць сфармаваны і перададзеныя ў камісіі і мясцовым органам.
База звестак працаздольных грамадзян, незанятых у эканоміцы, будзе сфармаваная да 1 снежня 2018 года. Пра гэта заявіў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч у эфіры беларускай тэлевізіі, піша сайт «Беларусы і рынак».
Цягам гэтага года будуць збірацца звесткі аб грамадзянах, якія не занятыя ў эканоміцы. У канцы мінулага месяца ўрад зацвердзіў пункт аб размеркаванні грамадзян да працаздольных, незанятых у эканоміцы. Пра змест пастановы стала вядома ўчора.
У адпаведнасці з дэкрэтам №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» з такімі грамадзянамі будуць працаваць спецыяльныя камісіі, дапамагаючы ім працаўладкавацца. Людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, камісіі змогуць адпраўляць у ЛПП. Не занятыя ў эканоміцы павінны будуць аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі без уліку дзяржаўных субсідый. Так для іх у 5 разоў можа вырасці плата за ацяпленне.
- База будзе сфармаваная і перададзеная ў камісіі і мясцовым органам улады да 1 снежня. Тыя грамадзяне, якія трапяць у гэтыя спісы, будуць кампенсаваць паслугі са студзеня 2019 года, - сказаў Лабовіч.
Чыноўнік дэклараваў індывідуальны падыход да кожнага «дармаеда». Камісіі надзеленыя правам вызваляць іх ад аплаты паслуг у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй.