3 траўня 2024, Пятніца, 1:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі распачалі справу ў дачыненні да службовых асоб «Матор Січ»

18
У Беларусі распачалі справу ў дачыненні да службовых асоб «Матор Січ»

«Матор Січ» - адзін з найбуйнейшых сусветных вытворцаў рухавікоў для авіяцыйнай тэхнікі.

Генпракуратура Беларусі распачала крымінальную справу ў дачыненні да былога гендырэктара заводу і службовых асоб ПАТ «Матор Січ» праз перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якія прывялі да цяжкіх наступстваў, паведамляецца на сайце Генпракуратуры.

Падчас праверкі дзейнасці акцыянераў ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» супрацоўнікі ўпраўлення ў барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генпракуратуры агледзелі памяшканні прадстаўніцтва ПАТ «Матор Січ» (Украіна) у Беларусі і канфіскавалі дакументы, якія належаць да дзейнасці ўкраінскага інвестара на тэрыторыі нашай краіны.

«Паводле вынікаў праверачных мерапрыемстваў Генеральнай пракуратурай у дачыненні да былога генеральнага дырэктара завода і службовых асоб ПАТ «Матор Січ» распачатая крымінальная справа ў прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.3 арт. 426 КК (перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якое пацягнула цяжкія наступствы)», - гаворыцца ў паведамленні.

У Генпракуратуры адзначылі, што падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла прычыненне службовымі асобамі заводу шкоды ў асабліва буйнай суме, а таксама істотнай шкоды яго інтарэсам.

Для арганізацыі папярэдняга расследавання крымінальная справа накіраваная ў цэнтральны апарат Следчага камітэта. Праверка выканання заканадаўства пры выкананні ПАТ «Матор Січ» інвестыцыйнай дамовы, а таксама ажыццяўлення фінансава-гаспадарчай дзейнасці ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» працягваецца.

Нагадаем, 27 красавіка Прэзідэнт украінскай кампаніі «Матор Січ», якой належыць блізу 60% акцый Аршанскага авіярамонтнага завода, Вячаслаў Багуслаў пакінуў Беларусь пасля сходу акцыянераў, але яго асабісты самалёт не выпусцілі з краіны і ён застаўся на аэрадроме ў пасёлку Балбасава, дзе базуецца завод. 28 красавіка на сайце Генпракуратуры з'явілася паведамленне пра распачатую праверку на ААРЗ.

Раней праходзіла інфармацыя, што агульная запазычанасць Аршанскага АРЗ складае 35 млн даляраў, пры гэтым даход за 2017 год быў блізу 25 млн рублёў. Як вынікала з матэрыялаў КДК, датаваных канцом мінулага года, аршанскі завод завінаваціўся акцыянерам-інвестарам звыш 20 млн даляраў (з іх «Матор Січ» 18,7 млн даляраў).

Акрамя «Матор Січ», акцыянерам Аршанскага авіярэмзавода выступае таксама кампанія «Сістэмы інвестыцый і інавацый» беларускага бізнэсоўцы Аляксандра Садовага. ААРЗ быў прададзены беларуска-ўкраінскаму тандэму ў 2012 годзе.

Пытанні да «Матор Січ» паўсталі і ў Службы бяспекі Украіны. Нядаўна Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева наклаў арышт на 56,5% акцый запарожскага прадпрыемства. Гэтыя акцыі набылі кітайскія інвестары, якія, паводле звестак СБУ, планавалі нанесці шкоду прадпрыемству, якое з'яўляецца стратэгічным для абараназдольнасці Украіны, перамясціўшы за мяжу ўкраінскую вытворчасць і тэхналогіі.

«Матор Січ» - адзін з найбуйнейшых сусветных вытворцаў рухавікоў для авіяцыйнай тэхнікі, а таксама прамысловых газатурбінных установак. Кампанія ўдзельнічае ў рэалізацыі дзяржабаронзамоў і мае стратэгічнае значэнне для эканомікі і абараназдольнасці Украіны.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках