2 траўня 2024, Чацвер, 19:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рабочыя страйкуюць пад Слонімам: Нас тут як людзей не разглядаюць

28
Рабочыя страйкуюць пад Слонімам: Нас тут як людзей не разглядаюць

Страйк механізатараў у Слонімскім раёне трывае.

Працаўнікі РУСП «Новадзевятковічы» ў Слонімскім раёне паўсталі супраць свайго кіраўніцтва і адмовіліся выконваць працу. Як развіваліся падзеі – у рэпартажы «Газеты Слонімскай»:

«Тэхніка стаіць на механізаваным двары, рабочыя сядзяць у чаканні кіраўніцтва.

Першым прыехаў дырэктар Слонімскага цэнтра банкруцтва і антыкрызіснага кіравання Віталь Сеч, які папрасіў рабочых прайсці ў залу на сход. Ён работнікам прадставіў новага намесніка дырэктара гаспадаркі Сяргея Іванавіча, пакуль кіраўнік Уладзімір Акуліч знаходзіцца ў лякарні. А таксама распавёў аб тым, што прыедзе старшыня Слонімскага райвыканкама Хоміч і кіраўнікі мясцовых службаў.

— Я вам не дам спаралізаваць працу прадпрыемства. Гэта дзяржаўная ўласнасць, у якую ўкладзеныя дзяржаўныя грошы. Працаваць трэба, — заўважыў, звяртаючыся да людзей, чыноўнік.

Праз некаторы час да рабочых прыехаў старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч, начальніца аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Наталля Юнчыц, старшыня Новадзевятковіцкага сельсавета Аляксандр Канявега, «дэпутат» Новадзевятковіцкай акругі Дзмітрый Блізнюк і прадстаўнік міліцыі.

Кіраўнік раёна пацікавіўся, чаму людзі не хочуць працаваць пад кіраўніцтвам Уладзіміра Акуліча.

— Неаднаразова абражаў лаянкай, быў п’яны, — адказаў адзін з работнікаў гаспадаркі.

— Наш кіраўнік не ўмее з людзьмі працаваць і па-чалавечы размаўляць, абзывае людзей, асабліва жанчын, — дапоўніў калегу іншы рабочы.

— Мы з Акулічам правядзём сур'ёзную гутарку, але мы ў вас, мужыкі, на павадку не пойдзем. Трэба працаваць. Ваш дырэктар сам просіцца сысці, але дзе знайсці яму замену? Вашае прадпрыемства паводле ўсіх паказчыкаў самае горшае ў вобласці. Каго вам сюды даць, каго даслаць, каб ён хоць крыху разабраўся ў пытаннях гаспадаркі? — пытаўся ў работнікаў Генадзь Хоміч.

У гэты дзень адбыўся канструктыўны дыялог кіраўніцтва раёна з працоўнымі гаспадаркі. Рабочыя распавядалі аб сваіх праблемах, а кіраўніцтва выказвала прэтэнзіі да рабочых. Напрыклад, старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч сказаў, што зрабіў усё магчымае, каб гаспадарка працавала і работнікі атрымлівалі заробак.

— Мы далі вам усё, усё ў вас ёсць, толькі трэба працаваць, кожны павінен якасна выконваць сваю працу. А вы хочаце, каб вам далі ўгнаенне, паліва, грошай пабольш.

— Нам трэба добрае стаўленне да людзей, — кінуў рэпліку з залы мужчына.

— Нас тут за людзей не лічаць. Мы з гэтым дырэктарам працаваць не будзем: ён нас не паважае. Амэн — калектыву няма, — дадаў іншы мужчына.

— А як ён жанчын, спецыялістаў, маладых дзяўчат зневажае?! Вы б паслухалі, што ён на іх кажа, — абурана выказвалася жанчына ў зале.

— Мы з ім разбяромся. Але ён, я думаю, сам не захоча пасля ўсяго гэтага працаваць тут, — сказаў Хоміч.

— Ён нам учора сказаў, што будзе тут працаваць, нават калі мы памром, — адказаў мужчына.

Абураліся людзі, што ў саўгасе няма працы, асабліва ў зімовы час, што вывозіць арганіку іншае прадпрыемства, якому трэба плаціць грошы, а яны сядзяць без працы.

Выказаў незадаволенасць кіраўнік раёна на адрас старшыні Новадзевятковіцкага сельсавета.

— Я папрашу мясцовую ўладу вочы не заплюшчваць вочы на праблемы, якія аднолькавыя для ўсіх. Вы павінны дапамагаць, а я бачу, што Вы наогул не бераце ўдзел у працы гаспадаркі. Але калі прадпрыемства распадзецца, то Вам таксама не будзе працы. Што, гэтая тэрыторыя зарасце лесам, не будзем яе апрацоўваць? — цікавіўся Генадзь Хоміч.

— Гэтыя праблемы пачалі ўзнікаць пасля аб'яднання гаспадаркі, — даў зразумець старшыня сельсавета.

Кіраўнік раёна адзначыў, што раней у гаспадарцы было ўсё, але куды яно дзелася?

— Калі кіроўца у саўгасе працуе за 270 рублёў, значыць, нейкая зацікаўленасць у яго ёсць. Я б не працаваў, — заўважыў кіраўнік раёна Генадзь Хоміч.

У гэты дзень на сходзе абмяркоўваліся і многія іншыя вытворчыя пытанні.

У зале знаходзіўся механізатар, які за месяц зарабіў паўтары тысячы рублёў. Пасля сходу карэспандэнтка пацікавілася ў яго, ці сапраўды ён зарабляе ў гаспадарцы такія добрыя грошы. І вось што ён адказаў:

— Я паўгода, з лістапада да красавіка, сядзеў дома без працы. Гэтыя грошы я зарабіў за месяц, працуючы з 7 гадзін да 21 гадзіны, у дзесяць гадзін толькі дадому вяртаюся. Калі гэтыя грошы падзяліць на шэсць месяцаў, то выходзіць больш за трыста рублёў на месяц. Вось на гэтыя грошы зімой я жыву.

— Які сярэдні заробак у Вас у саўгасе?

— Мінімалка выходзіць. Калі б нам хоць бы плацілі па 400-500 рублёў, то было б трывалі, — дадаў, далучыўшыся да размовы, адзін з мужчын, хто сядзеў у зале.

Старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзю Баляслававічу ўсё ж удалося ўгаварыць людзей заняць свае працоўныя месцы. Людзі пайшлі на працу, але заўважылі, што гэта часовы захад: яны будуць далей дамагацца адстаўкі кіраўніка гаспадаркі.

Сумна, што некалі калгас-мільянер паставілі на калені. А што ж далей будзе, калі ў гаспадарцы няма нават ветэрынара, заатэхніка, складана знайсці новага кіраўніка, няма кармоў... Гаспадарка — банкрут. І, дарэчы, такіх гаспадарак у Слонімскім раёне некалькі, сярод якіх СРУСП «Пераможца», СРУСП «Новадзевятковічы», ААТ «Птушкафабрыка Слонімская», дзяржаўнае прадпрыемства «Дзераўноўскі», «Васілевіцкі», «Дружба-Агра» (звесткі сайта Слонімскага цэнтра аб банкруцтве і антыкрызісным кіраванні)».

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках