1 траўня 2024, Серада, 0:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апошні дом у раёне, дзе здымаўся фільм «Белыя Росы», знеслі

2
Апошні дом у раёне, дзе здымаўся фільм «Белыя Росы», знеслі

Ад вёскі з легендарнага фільма засталіся толькі ўспамін і назва вуліцы.

Пасля пабудовы чарговага шматпавярховага дома ў Горадні ад вёскі з легендарнага фільма застанецца толькі ўспамін і назва вуліцы, піша «Белсат».

- Я з Белых Рос.

- Што, не знеслі яшчэ?

- Збіраюцца, кажуць, у гэтым месяцы. Неўзабаве гарадскім буду. Праз балкон людзям на макаўкі пляваць.

Пасля амаль 35 гадоў гэтая вядомая цытата з фільма «Белыя Росы» Ігара Дабралюбава неўзабаве стане сапраўднай. Яшчэ ў 2017 годзе каля калодзежа, дзе Фёдар Філімонавіч з дапамогай сякеры вучыў Мішку Кісяля, як трэба жыць, гарадскія ўлады ўсталявалі невялікую памятную дошку.

«Натурай для «экранных» Белых Рос стала рэальная вёска Дзявятаўка. Сёння гэта назва гарадскога мікрараёна. На месцы вясковых дамоў на вуліцы Курчатава цяпер пабудавалі шматпавярховыя», - паведамляе памятная табліца.

Аднак апошні вясковы дом, які стаяў за калодзежам, пачалі зносіць нядаўна. Саму пляцоўку расчысцяць пад будаўніцтва жылога комплексу, які паводле пашпарту будаўніцтва павінен паўстаць у 2019 годзе.

Гэтая страта, вядома, не гістарычная, а настальгічная. Асабліва для тых, хто ў свой час глядзеў фільм і перажываў за яго герояў: за карову, якую трэба было прадаць ці здаць на бойню, за дзеда Фёдара, які не мог да канца прыняць, што застанецца без свайго лапіка зямлі, і іншых. Хоць здымаўся фільм даўно, сутыкненне гарадской інфраструктуры з вёскай, якой няма чым змагацца з бетоннымі волатамі, кранае і сёння.

Кадры з фільма «Белыя росы» (1983)

І шыльда не там, і дом не тая?

Гарадзенскі мастак Алесь Сураў знесенага дома не шкадуе зусім, бо мяркуе, што сам фільм здымаўся ў зусім іншым месцы, а шыльду ўлады паставілі толькі дзеля таго, каб неяк адзначыцца.

«Дамы, дзе здымаўся фільм, стаялі крыху далей за вуліцай Курчатава. На момант здымак сама вёска была ўжо выселеная. Кінастудыя яе арандавала і проста дадала дэкарацый. І гэтыя дамы ўжо даўно былі знесеныя. А тое, што шыльду паставілі, - гэта імітацыя і бутафорыя нашых гарадскіх уладаў, бо не ў тым месцы і не вядома навошта. Гэта проста высмактаная з пальца легенда», - кажа Алесь Сураў.

Аднак, адзначаны калодзеж вельмі падобны на той, што засвяціўся ў фільме. Каля яго нават пакінулі калоду, на якой Хвядос сякерай пагражаў Кісялю. Гарадскія ўлады сцвярджаюць, што пасля будаўніцтва шматпавярховіка месца з калодзежам пакінуць як своеасаблівы «турыстычны аб'ект».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках