1 траўня 2024, Серада, 6:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Арыяна Фейгіна распавяла ўсёй Амерыцы пра беларускую кухню

Як Арыяна Фейгіна распавяла ўсёй Амерыцы пра беларускую кухню

13-гадовая ўраджэнка Беларусі ўдзельнічала ў папулярным амерыканскім кулінарным шоў.

Гэтая дзяўчынка са штата Мінесота, якая нарадзілася ў беларускай сям'і, ледзь не выйграла папулярны ў ЗША тэлеконкурс MasterChef Junior, у якім дзеці спаборнічаюць у кулінарным мастацтве, піша Belmir.by.

Арыяна Фейгіна, якой цяпер 13 гадоў, удзельнічала ў шостым сезоне гэтага рэаліці-шоў, якое транслюе вядомы канал Fox, і дэманстравала ў ім традыцыі менавіта беларускай кухні.

Сезон здымаўся яшчэ год таму, але выйшаў на экраны толькі цяпер, і апошні эпізод быў паказаны на днях. Увесь папярэдні час юныя ўдзельнікі, якім ад 8 да 13 гадоў, згодна з умовамі кантракту захоўвалі маўчанне.

Здымкам папярэднічаў пільны адбор. Бо заяўкі на яго падалі амаль 10 тысяч дзяцей з розных куткоў краіны. Пасля адсеву засталіся толькі 40 – палова хлопчыкі, палова дзяўчынкі.

Яны і змагаліся за званне найлепшага юнага шэф-кухара ЗША, гатуючы ў рэжыме цэйтноту разнастайныя стравы, смак і выгляд якіх ацэньвалі трое вядоўцаў – рэстаратары Гордан Рэмзі, Джо Басціяніч і Крысціна Тосі.

Пераможца конкурсу атрымаў не толькі ўсеамерыканскую славу, але і вялікую для дзіцяці суму прызавых – 100 тысяч даляраў.

Арыяна была адной з нязменных фаварытак шостага сезону гэтага рэаліці-шоў. Яе прызналі найлепшай ужо ў першым выпрабаванні – гатаванні стэйку «філе міньён».

– Люблю рабіць стэйкі, – распавяла дзяўчынка. – Я з беларускай сям'і, і мы ямо іх з бульбай увесь час.

Падчас конкурсу юная кулінарка ўвесь час падкрэслівала сваё паходжанне. Напрыклад, у адным з выпрабаванняў трэба было прыгатаваць страву, якая адлюстроўвае сямейную гісторыю.

Фейгіна зрабіла свіную адбіўную, фаршыраваную яблыкамі, з бульбяным пюрэ і грыбамі ва ўласным соку. І яшчэ раз патлумачыла вядоўцам:

– Мяса і бульба – гэта тое, што ў асноўным ядуць у Беларусі.

Самай жа зорнай гадзінай Арыяны стала выпрабаванне, падчас якога дзеці, падзяліўшыся на дзве каманды, гатавалі ў палявых умовах стравы для гасцей рэальнага вяселля.

Дзяўчынка з беларускімі каранямі стала капітанам адной з каманд, і дзякуючы яе выразнаму кіраўніцтву дзецям дасталася перамога, што адзначылі і вядоўцы.

Да дзясятага эпізоду ўдзельнікаў конкурсу засталося толькі 12, прычым пазіцыі Фейгінай, здавалася, былі непарушныя. Але менавіта тут яна дапусціла памылку, якая каштавала далейшага ўдзелу ў конкурсе.

Абалонка прыгатаваных дзяўчынкай пельменяў з жаўтком выявілася занадта цвёрдай і не спадабалася Джо Басціянічу.

У выніку Арыяна не змагла ўвайсці ў лік 9 пакінутых юных кулінараў. Нарэшце перамогу ў гэтым сезоне тэлешоў атрымала 9-гадовая Бені Квякала з Чыкага.

Арыяна Фейгіна жыве ў горадзе Эксельсіоры недалёка ад Мінеапаліса з мамай, татам, двума братамі і сястрой і вучыцца ў сёмым класе. Яе бацькі – Лэні і Юлія – у свой час прыехалі ў Амерыку з Менска.

Яшчэ ў 5 гадоў дзяўчынка захапілася выпечкай. І бацька з маці не занадта былі ў захапленні, бо не вельмі хацелі, каб яна дзейнічала вялізным нажом, а ўжо тым больш падыходзіла да духавой печы.

Аднак паступова тата і мама змірыліся. «Трэба давяраць дзецям, – кажа Лэні. – І дазваляць ім рабіць памылкі, адышоўшы ўбок».

І цяпер Арыяна у свае 13 гадоў – гатовы кулінарны прафесіянал. У сям'і выключна яна гатуе ежу, і нават калі куды-небудзь з'язджае, пакідае стравы ў запас.

Да таго, як трапіць на тэлеконкурс MasterChef Junior, дзяўчынка ўжо папрацавала памочніцай у адной з рэстарацый, уладальнік якой жыве па суседстве, і яшчэ пасябравала з парай знакамітых шэф-кухараў Гэвінам Кейсенам і Эндру Цымернам.

Дарэчы, на рэаліці-шоў Фейгіна прайшла толькі з трэцяй спробы, і гэта быў апошні шанец праз павялічэнне ўзросту. Прычым кожны раз ўгаворвала бацькоў з'ездзіць на адбор, а яны праходзілі ў іншых гарадах – Феніксе, Лос-Анжэлесе, Джэксанвілі.

Усе, хто ведаюць Арыяну, кажуць: яе мэтанакіраванасць падобная на тую, што бывае толькі ў дарослых. Напрыклад, яшчэ да тэлешоў Фейгіна пачала займацца дабрачыннасцю і сабрала амаль 200 тысяч даляраў для маленькіх пацыентаў, хворых на рак.

Для таго, каб атрымаць гэтыя сродкі, яна прадавала ліманад, хатняе масла, арганізавала мноства мерапрыемстваў. У тым ліку сабрала дзіцячую каманду ў трыятлоне, якая прыцягвала грошы, удзельнічаючы ў спаборніцтвах.

У дабрачынных справах дзяўчынцы дапамагаюць сястра Гэбі і брат Майкл, якім 10 і 6 гадоў. Быў прыцягнуты нават самы маленькі сямейнік – двухгадовы Ніка.

У 2017 годзе Арыяна ўвайшла ў спіс ста самых актыўных валанцёраў ЗША і атрымала ў Вашынгтоне ўзнагароду і віншаванні ад шматразовага алімпійскага чэмпіёна Майкла Фелпса.

І нарэшце, цяпер дзяўчынка ў свае 13 гадоў адкрыла кулінарны бізнэс – кампанію пад назвай Ariana's Kitchen, якая займаецца кейтэрынгам. Цікава, што бацька Фейгінай нават кінуў сваю працу, каб дапамагаць дачцэ са справай.

Нядаўна Арыяна з'явілася на вокладцы часопіса Minnesota Business, увайшоўшы ў спіс самых уплывовых жанчын-лідараў штата.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках