3 траўня 2024, Пятніца, 18:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сваякі японскага мастака: Гісторыя з Даічы паўплывала на стаўленне многіх да Беларусі

5
Сваякі японскага мастака: Гісторыя з Даічы паўплывала на стаўленне многіх да Беларусі
МАМА І БРАТ ДАІЧЫ ЁШЫДА.
СКРЫНШОТ БЕЛСАТА

У Японіі ўсе былі шакаваныя, калі даведаліся пра затрыманне Даічы Ёшыда ў Беларусі.

Блізкія японскага мастака Даічы Ёшыда, які амаль два гады правёў у беларускіх калоніях, прыляцелі ў Менск. 22 траўня, яго нарэшце адпусцілі і сям’я зможа вярнуцца ў Японію. Напярэдадні belsat.eu пагутарыў з маці і братам Даічы.

У жніўні 2016 года Даічы прыбыў у Нацыянальны аэрапорт Менск транзітам з Кіева. З сабой ён вёз састаўныя часткі антыкварнай зброі, якую набыў ва Украіне для прыватнай калекцыі. Даічы сцвярджаў, што служба бяспекі ў аэрапорце Кіева праверыла іх, сфатаграфавала і дазволіла пранесці на борт самалёту. Аднак у Менску мужчыну затрымалі па падазрэнні ў нелегальным перамяшчэнні агнястрэльнай зброі. Як распавядаюць ягоныя блізкія, у пратаколе затрымання ўсё было напісана па-расейску, пісьмовага перакладу ні на ангельскую, ні на японскую мову, замежнаму грамадзяніну не прапанавалі.

У красавіку 2017 года Кастрычніцкі раённы суд Менску пакараў японца 4 гадамі і 6 месяцамі зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

«Калі Даічы затрымалі, нам патэлефанаваў нейкі загадкавы чалавек, які назваўся «адвакатам» і сказаў, што здарылася, але без дэталяў. Я патэлефанавала ў амбасаду Японіі ў Менску, і там пацвердзілі затрыманне. Мы не разумелі, як такое магло адбыцца, у нас пачалася паніка. Гэта была сапраўдная паніка, мы былі так далёка і не ведалі, ці можна неяк увогуле дапамагчы Даічы», – кажа маці, Ёка Ёчыда.

Паводле слоў брата, Сэя Ёчыда, усе знаёмыя і сябры сям’і вельмі здзівіліся, калі даведаліся пра затрыманне Даіці ў Беларусі:

«У Японіі гэта было б абсалютна немагчыма! Пасля гісторыі з Даічы шмат у каго ў Японіі склалася негатыўнае ўражанне пра Беларусь».

Асобна Сэя распавядае, што кожны раз, каб пабачыць Даічы, маці даводзілася атрымліваць пісьмовы дазвол праз пракурора і амбасаду. Усяго Ёка дазволілі пабачыць сына каля дзесяці разоў.

СВАЯКІ ДАІЦІ ПАКАЗВАЮЦЬ НА ТЭЛЕФОНЕ ЯГОНЫЯ МАЛЮНКІ, СКРЫНШОТ БЕЛСАТ

«Самая жудасная турма была ў Жодзіна. Брат распавядаў, як у камеру на 10 месцаў саджалі па 15 асобаў. Людзі ляжалі проста на жалезных ложках, матрацаў не хапала. Па камеры поўзалі прусакі, шмат прусакоў», – кажа Сэя.

«Яшчэ пасля затрымання сын правёў тыдзень у шпіталі з расстройствам страўніка, і пасля ў турме ён пакутаваў праз антысанітарыю», – дадае Ёка.

Маральны і фізічны стан Даічы, паводле слоў блізкіх, моцна пагоршыўся за час, праведзены ў турмах.

Каб прыцягнуць увагу грамадскасці і дамагчыся міжнароднага рэзанансу, блізкія асуджанага японца стварылі ў сацсетках суполку «Support for Daichi», дзе публікавалі малюнкі Даічы, ягоныя паштоўкі, дакументы.

«Большасць тых, хто падтрымліваў нас – беларусы. Яны разумелі – Даічы патрапіў у несправядлівую сітуацыю. Людзі казалі цёплыя словы, дасылалі брату ежу, ліставаліся з ім», – кажа Сэя.

Маці і брат мастака двойчы звярталіся асабіста да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай паспрыяць вызваленню. Яны ўпэўненыя, што гэта дапамагло. Прайшло амаль два гады, і ўрэшце судовая калегія Вярхоўнага суду ў крымінальных справах разгледзела справу Ёчыда на пратэст старшыні Вярхоўнага суду. Старшыня ВС звярнуў увагу на празмерную жорсткасць пакарання для замежніка і суд пастанавіў змякчыць пакаранне.

Як распавялі belsat.eu сваякі Даічы, сёння яго вывезлі з папраўчай калоніі Віцьба-3 і накіравалі ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі ў Віцебску. Там ён мусіць прабыць 24 гадзіны.

«Мы не паехалі ў Віцебск, бо не бачым сэнсу. Пабачыцца ў міграцыйным цэнтры ўсё адно не дазволілі, таму будзем чакаць сустрэчы ўжо ў аэрапорце, куды сына даставяць заўтра прыкладна а 12-й гадзіне дня», – гаворыць Ёка.

Яна сцвярджае, што супрацоўнікі міліцыі, імаверна, давядуць Даічы наўпрост да пашпартнага кантролю і толькі пасля сям’я зможа зноў аб’яднацца і разам вылецець у Варшаву, а потым у Токіё.

***

За апошні час у Беларусі адбыліся яшчэ дзве рэзанансныя гісторыі з затрыманнем замежных грамадзянаў. Гэтак, у 2017 годзе брытанца Алана Пола Сміта асудзілі за арганізацыю незаконнай міграцыі на 2 гады. Ягоныя блізкія таксама шукаюць падтрымання праз сацсеткі і збіраюцца накіраваць зварот да Лукашэнкі.

Затрыманаму ў верасні на беларуска-украінскай мяжы французу Жалану Віё пагражала да 7 гадоў зняволення. У яго знайшлі адзін патрон. Праз ціск грамадскасці і дыпламатаў, а таксама вялікі розгалас у замежнай прэсе, Віё прызналі невінаватым і 20 лістапада 2017-га адпусцілі з залі суду.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках