4 чэрвеня 2024, aўторак, 7:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр амерыканскі астранаўт Алан Бін, які пабываў на Месяцы

4
Памёр амерыканскі астранаўт Алан Бін, які пабываў на Месяцы
АЛАН БІН
ФОТА: BBC

Пасля працы ў НАСА Алан Бін стаў паспяховым мастаком, а галоўнай тэмай ягоных карцін быў космас.

У ЗША памёр былы астранаўт Алан Бін, які стаў чацвёртым чалавекам, якія пабылі на Месяцы, паведаміла ягоная сям'я. Біну было 86 гадоў, паведамляе ВВС.

Пасля працы ў НАСА ён стаў паспяховым мастаком, а галоўнай тэмай ягоных карцін быў космас.

Ягоная сям'я паведаміла, што ён захварэў два тыдні таму, калі знаходзіўся ў штаце Індыяна, і памёр у лякарні горада Х'юстана.

Астранаўт Майк Масіміна назваў Біна самым дзіўным чалавекам, якога ён калі-небудзь сустракаў.

"У ім унікальна спалучаліся тэхнічныя дасягненні ў ролі астранаўта і выяўленчыя дасягненні ў ролі мастака", - сказаў Масіміна, які ўдзельнічаў у двух першых палётах шатла.

"Мы ўспамінаем астранаўта з "Апалона-12" Алана Біна, што хадзіў па Месяцы ў 1969 годзе і кіраваў экіпажам "Скайлэб" у 1973 годзе. Пасля сыходу са службы ён пачаў маляваць дзіўныя сусветы, якія так убачыць мог толькі ён", - гаворыцца ў "Твітэры" НАСА.

Алана Біна запрасілі ў НАСА ў 1963 годзе. Да гэтага ён выпрабоўваў вайсковыя самалёты.

Ён двойчы лётаў у космас. Першым разам - у 1969 годзе - ён быў пілотам месяцавага модуля місіі "Апалон-12".

Пасля ён распавядаў, наколькі складанай і рызыкоўнай была місія: "Мы ўспрымалі гэта як навуковую фантастыку ў значна большай ступені, чым звычайныя людзі. Мы ведалі, наколькі гэта складана. Мы ведалі, як шмат усяго трэба зрабіць правільна. Гэта ўсё адно, што адправіцца праз пустыню Сахару, выбрацца адтуль і зладзіць адпачынак на пару дзён. А потым спадзявацца, што рухавік завядзецца, бо інакш канец".

У 1969 ГОДЗЕ ЁН БЫЎ ПІЛОТАМ МЕСЯЦАВАГА МОДУЛЯ МІСІІ "АПАЛОН-12"
ФОТА: GETTY IMAGES

У 1973 годзе ён стаў камандзірам другой пілатаванай экспедыцыі да "Скайлэба" - амерыканскай арбітальнай станцыі.

Ён сышоў з НАСА ў 1981 годзе і пачаў кар'еру мастака. На ягоных карцінах заўсёды прысутнічала касмічная тэматыка, і можна было, напрыклад, убачыць сляды ад падэшваў на Месяцы, а таксама нашыўкі са скафандра, на якіх застаўся месяцавы пыл.

"Ён не толькі дэманстраваў гэтыя цудоўныя моманты гісторыі, моманты, якія не перадала б камера. Гэта пад сілу толькі карцінам, якія ён, вобразна кажучы, пасыпаў месяцавым пылам, - сказаў ВВС гісторык Роберт Перлман. - Гэтыя карціны ўвекавечылі не толькі яго, але агулам усю праграму "Апалон".

Да Біна на Месяц ступілі Ніл Армстронг і Баз Олдрын, якія прыляцелі туды ў экспедыцыі "Апалон-11" у ліпені 1969 года, а таксама іншы ўдзельнік "Апалона-12" Чарльз Конрад.

З усіх чатырох першапраходцаў жывы толькі Олдрын, якому цяпер 88 гадоў.

За ўвесь час месяцавай праграмы НАСА да спадарожніка зямлі злёталі 24 чалавекі, а непасрэдна на яе паверхню ступілі 12 з іх.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках