«Паставім намёты проста ў двары»: Гамельчукі гатовыя на ўсякі пратэст
3- 13.06.2018, 15:44
- 10,015
Гомельскі блогер зняў відэасюжэт са скандальнага двара, дзе плануецца ўшчыльненне.
У матэрыяле шмат сарказму і іроніі, аднак самае каштоўнае ў ім - інфармацыя аб тым, як праводзіліся «грамадскія слуханні» ў пытанні ўшчыльняльнай забудовы, пішуць «Сильные новости».
У сюжэце канала «Грамадства Гомель», які вядзе блогер Арцём Шапараў, гамельчукі скардзяцца, што грамадскія слуханні, якія, згодна з заканадаўствам, праводзіліся перад прыняццем пастановы аб будаўніцтве, былі практычна прафанацыяй. «Якія б мы пытанні не задавалі, на ўсе нам адказвалі, што ў іх, згодна з законам, «усё добра», - скардзіцца мясцовая жыхарка.
Жыхары вуліцы Рагачоўскай таксама паказваюць на магчымыя небяспекі будоўлі для іх дамоў праз абмежаваную прастору, будучыя нязручнасці праз розніцу ў паверхавасці (усе яны жывуць у пяціпавярховіках, у той час, як у двары ў іх плануецца будаўніцтва шматпавярховіка). З іх слоў, ніякія аргументы разумення ў чыноўнікаў не знаходзяць.
«Вы мне засланяеце сонца, і як я буду жыць, як у склепе? Ён мне сказаў: ваша кватэра ў прыватнай уласнасці, можаце распараджацца на сваё меркаванне. Я спытала, колькі ж цяпер каштавацьме мая кватэра? Ён прамаўчаў», - так апісваюць свае гутаркі з прадстаўнікамі ўлады мясцовыя жыхары.
Нагадаем, жыхары дамоў на вуліцы Рагачоўскай абураныя намерамі ўладаў пабудаваць у іх у двары шматпавярховік. Яны збіраюць подпісы, звяртаюцца ў СМІ і пагражаюць «паставіць намёты проста ў двары», каб не дапусціць ушчыльнення.