4 траўня 2024, Субота, 0:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Да 10 гадоў: у Магілёве вынеслі прысуды групе мытнікаў

8
Да 10 гадоў: у Магілёве вынеслі прысуды групе мытнікаў

Усяго паводле справы праходзілі 11 чалавек.

Суд Ленінскага раёна Магілёва вынес прысуд у справе магілёўскіх мытнікаў. Пяцярых былых супрацоўнікаў аддзела барацьбы з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэннямі прызналі вінаватымі ў хабарніцтве і крадзяжы шляхам перавышэння службовых паўнамоцтваў, паведамляе tut.by.

Абвінаваўчы прысуд суд вынес яшчэ шасцярым фігурантам справы, якія працавалі ў сферы гандлю.

Паводле матэрыялаў справы, кіраўнік аддзела барацьбы з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэннямі Магілёўскай мытні Сяргей Карпушэнка паводле дамоўленасці разам са сваімі чатырма падначаленымі з сакавіка да ліпеня 2016 года неаднаразова атрымліваў хабар ад розных асобаў за пропуск тавараў праз тэрыторыю адказнасці Магілёўскай мытні без праверкі. Сярод грузу, што везлі ў Расею, былі і санкцыйныя тавары з Еўразвязу, увозіць якія ў РФ было забаронена.

У віну Карпушэнку ставіцца таксама спыненне справаў пра адміністрацыйныя правапарушэнні за грашовае ўзнагароджанне і вяртанне канфіскаваных мытняй грузаў. Агульны памер незаконнага грашовага ўзнагароджання, якое атрымалі мытнікі, ацанілі на суму больш за 6,7 тысячы даляраў і 150 тысячаў расейскіх рублёў.

Былога кіраўніка аддзела барацьбы з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэннямі Магілёўскай мытні Сяргея Карпушэнку прызналі вінаватым у атрыманні хабару групай асобаў паводле папярэдняй змовы паўторна і асудзілі на 10 гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй, пазбаўленне спецыяльнага звання і права займаць пэўныя пасады.

Старэйшага оперупаўнаважанага таго ж аддзела Дзяніса Даніловіча прызналі вінаватым у атрыманні хабару групай асобаў паўторна і ў буйным памеры. Яму далі 7 гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй, пазбаўленнем звання і права займаць пэўныя пасады.

Старэйшага оперупаўнаважанага Сяргея Бякешку прызналі вінаватым у атрыманні хабару паўторна групай асобаў паводле папярэдняй змовы, а таксама крадзяжы шляхам злоўжывання службовым становішчам. Яго асудзілі на 7 гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй, пазбаўленнем звання і права займаць пэўныя пасады.

Старэйшага оперупаўнаважанага Сяргея Бежалева прызналі вінаватым у атрыманні хабару паўторна групай асобаў паводле папярэдняй змовы, а таксама крадзяжы шляхам злоўжывання службовым становішчам. Яму далі 4 гады ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй, пазбаўленнем звання і права займаць пэўныя пасады.

Оперупаўнаважанага Кірылы Сідарэнку прызналі вінаватым у аналагічных злачынствах і далі 6 гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй, пазбаўленнем звання і права займаць пэўныя пасады.

Грамадзяніна Азербайджана, кіроўцу ТАА «Крышталь» Бахціяра Гурбанава прызналі вінаватым у крадзяжы групай асобаў паводле папярэдняй змовы. Прысуд суда – 2 гады ўзмоцненага рэжыму і штраф 300 базавых велічыняў (7350 рублёў).

Грамадзянін Азербайджана і індывідуальны прадпрымальнік Галіб Сулейманаў, на думку суда, вінаваты ў даванні хабару і крадзяжы групай асобаў паводле папярэдняй змовы. Ён атрымаў 3 гады ўзмоцненага рэжыму і такі самы, як у Гурбанава, штраф.

Грамадзяніна Азербайджана, іпэшніка Назіма Шырынава за даванне хабару асудзілі да 2 гадоў узмоцненага рэжыму.

Усім ім залічаць адбыццё пад вартай тэрміну – з лета 2016 года.

Загадчыцу склада фірмы «Вейна» Людмілу Маёраву суд прызнаў вінаватай у аналагічным злачынстве і прызначыў пакаранне ў выглядзе 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады. Яе ўзялі пад варту 28 траўня сёлета – гэты тэрмін таксама залічаць.

Былая загадчыца крамы канфіскаваных тавараў «Ваш выбар» у Магілёве Таццяна Ілюшына за хабар атрымала 3 гады з канфіскацыяй і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады з адтэрмінаваннем асноўнага пакарання на 2 гады. Ёй забаронена змяняць месца жыхарства і выязджаць за межы горада даўжэй чым на месяц.

Андрэя Гомана, які знаходзіцца ў адпачынку для догляду за дзіцем да трох гадоў, асудзілі да паўгода папраўчых працаў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках