4 траўня 2024, Субота, 4:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стала вядома, якім будзе ўраджай грыбоў і ягад у розных рэгіёнах Беларусі

5
Стала вядома, якім будзе ўраджай грыбоў і ягад у розных рэгіёнах Беларусі

Ураджай грыбоў і ягад залежыць ад надвор'я, а яно сёлета пераменлівае.

У аматараў «ціхага палявання» сёлета не сезон. Навукоўцы папярэджваюць: ягад і грыбоў летам і восенню будзе няшмат. Асноўная прычына неўраджаю - мала дажджоў, піша tut.by.

Ураджай грыбоў і ягад залежыць ад надвор'я, а надвор'е сёлета пераменлівае. У сакавіку было яшчэ халаднавата, у красавіку, траўні моцна пацяплела. Дажджоў ішло мала. У выніку ў многіх абласцях, перш за ўсё ў Гомельскай, моцна панізіўся ўзровень грунтавых вод.

- І гэта адмоўна адбілася на плоданашэнні ягаднікаў і грыбоў, - каментуе сітуацыю Таццяна Майсеева, навуковая супрацоўніца Інстытута лесу НАН Беларусі. - Калі абстаноўка выправіцца і ў ліпені-жніўні будуць хай і кароткачасовыя, але частыя дажджы, тады ва ўсёй рэспубліцы магчымы ўраджай апенькі восеньскай.

Што ж тычыцца іншых грыбоў, то на Берасцейшчыне, Гомельшчыне і Гарадзеншчыне ўраджай белых, падбярозавікаў, чырвонагаловікаў і лісічак чакаюць нізкі. У Менскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях - сярэдні.

- У мінулыя гады ў канцы красавіка пачатку траўня лісічкі, белыя, падбярозавікі ўжо сустракаліся ў паўднёвых абласцях. Гэтай вясной іх практычна не было, - прадаўжае спецыялістка. - У канцы красавіка з'явіліся смаржкі, радоўкі, але потым яны зніклі.

Акрамя таго, прадаўжае суразмоўца, цяперашнія грыбы зменяць «месца жыхарства». Так, калі раней яны выбіралі адкрытыя і больш сухія пляцоўкі, то цяпер больш імкнуцца да балотаў.

Таццяна Майсеева распавядае, што ўсяго ў Беларусі чатыры грыбныя перыяды. Самыя актыўныя прыпадаюць на жнівень і верасень.

- Дапусцім, цяпер пальюцца дажджы, магчыма, у грыбнікоў яшчэ ёсць надзея?

- Цяжка сказаць, - сказала вучоная, - грыбніца ж высахла, асабліва ў паўднёвых абласцях. Магчыма, ураджай і стане сярэднім, але такога буму, які быў у 2017-м, дакладна не будзе. Ды і грыбніца пасля мінулага года павінна адпачыць.

- А якіх грыбоў у гэтым сезоне чакаецца больш за ўсё?

- Увосень - апенек, падгруздкаў, ваўнянак, - пералічвае Таццяна Майсеева.

«У багністых мясцовасцях склаліся добрыя ўмовы для чарніц»

Праз падвышаныя тэмпературы і засуху тэрміны збору ягад сёлета пераняслі на тыдзень раней, чым звычайна. З 18 чэрвеня ўжо дазволена браць чарніцы на Берасцейшчыне і Гомельшчыне. Гарадзенская і Магілёўская вобласць прыступіць да збору з 23 чэрвеня, Менская - з 25-га, Віцебская - з 26-га.

- У багністых мясцовасцях склаліся добрыя ўмовы для чарніц, - распавядае Таццяна Майсеева. - Аднак спрагназаваць ураджай ягад даволі праблематычна. Цяпер, напрыклад, мы знаходзімся ў Мілашэвіцкім лясгасе Гомельскай вобласці. Былі сёння ў Дзяржынскім лясніцтве Лельчыцкага раёна. Там, бліжэй да балотаў, чарніц шмат, яны буйныя. У той жа час у суседніх лясніцтвах, дзе іншы ўзровень грунтавых вод, ягад амаль няма.

Аб чарніцах прагнозы ў навукоўцаў наступныя: Берасцейская, Гарадзенская вобласці - ураджай ніжэйшы за сярэдні, Гомельская, Магілёўская, Менская - сярэдні, Віцебская – вышэйшы за сярэдні.

Збіраць брусніцы у Берасцейскай і Гомельскай вобласці можна з 6 жніўня, у Гарадзенскай - з 10-га, у Магілёўскай - з 12-га, у Менскай - з 15-га, у Віцебскай - з 16-га.

- Па брусніцы людзі пойдуць толькі ў жніўні, таму калі будзе засуха, ураджай зусім знізіцца, - кажа Таццяна Майсеева.

Пакуль жа прагноз такі: Гомельская вобласць - ураджай нізкі, Берасцейская вобласць – ніжэйшы за сярэдні, астатнія рэгіёны - сярэдні.

Журавінавы сезон на Берасцейшчыне адкрыюць з 24 жніўня, на Гомельшчыне - 25-га, на Гарадзеншчыне - 30-га, на Магілёўшчыне - 1 верасня, на Меншчыне - 2-га, на Віцебшчыне - 3-га.

Прагноз на ўраджай наступны: Менская, Віцебская вобласці - ураджай сярэдні, астатнія рэгіёны – ніжэйшы за сярэдні.

Планы на буякі тапяныя: Берасцейская, Гарадзенская, Гомельская вобласці - ураджай ніжэйшы за сярэдні, астатнія рэгіёны – сярэдні.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках