25 снежня 2024, Серада, 19:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Няма сумневу, што дыктатура ў Беларусі абрынецца

22
Андрэй Саннікаў: Няма сумневу, што дыктатура ў Беларусі абрынецца

Еўрапейскія камісары паводзяць сябе як «кульгавыя качкі».

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў пракаментаваў візіт у Беларусь двух камісараў Еўрапейскага Звязу - камісара ЕЗ у еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні Ёханэса Хана і камісара ў лічбавай эканоміцы і грамадстве Марыі Габрыэль. Але гутарка з Charter97.org пачалася з выступу палітыка ва ўніверсітэце галандскага горада Гронінгена, адкуль Андрэй Саннікаў толькі што вярнуўся.

- Запрашэнне цікавае. Яно прыйшло ад студэнтаў. Я быў госцем на святкаванні 30-годдзя гістарычнага таварыства гэтага ўніверсітэта. Лекцыя адбылася ў найбуйнейшай пратэстанцкай царкве горада. Удзельнічалі больш за 100 студэнтаў. Студэнты самі знайшлі мяне. Я думаю, адыграла ролю тое, што яны пазнаёміліся з маёй кнігай «Беларуская Амерыканка ці выбары пры дыктатуры». Бібліятэка гэтага ўніверсітэта набыла кнігу ў выдавецтва, як толькі яна выйшла. Сёлета ва ўніверсітэце Гронінгена тэмай выпускных мерапрыемстваў была радыеактыўнасць. Адпаведна, казалі мы і пра Чарнобыльскую трагедыю, і пра ядзернае раззбраенне.

Арганізатары разбілі нашу сустрэчу на тры часткі: наступствы Чарнобыля і пабудова ў Беларусі АЭС у Астраўцы. Другі раздзел - ядзернае раззбраенне і распад Савецкага Саюза. Трэці - дыктатура ў Беларусі і сітуацыя ў рэгіёне.

- А чым вы патлумачыце цікавасць маладых еўрапейцаў да сітуацыі ў рэгіёне?

- Я не першы раз выступаю ў Галандыі і павінен сказаць, што студэнцкая аўдыторыя там як раз адрозніваецца дастаткова добрымі ведамі. Не ведаю, чым гэта растлумачыць. Напэўна, якасцю і ўзроўнем адукацыі. Моладзь сапраўды цікавіцца не толькі сваёй краінай і суседнімі дзяржавамі, але і тым што адбываецца ў Еўропе і свеце, на межах Еўрапейскага Звязу.

- Магчыма, такая цікавасць звязаная, у тым ліку, з трагедыяй, якая здарылася з рэйсам MH17?

- Я не думаю, што гэта звязанае. Я б сказаў так: трагедыя з MH-17 паўплывала на стаўленне да Расеі, яно стала больш негатыўным у моладзі.

- Што галоўным чынам вы распавядаеце замежным аўдыторыям, якія цікавіцца нашай краінай?

- Калі сустракаюся з моладдзю, у мяне адзін пасыл. Шчыра кажу, што не бачу ў сённяшніх кіраўніках Еўропы лідараў, якія маглі б захаваць і абараніць еўрапейскія каштоўнасці. І таму на сустрэчах з маладымі еўрапейцамі я кажу пра тое, што надзея на іх.

Новае пакаленне нашмат лепш разумее сучасны свет, хоць бы таму, што валодае сучаснымі тэхналогіямі нашмат лепш, чым лідары іх краін. І неўзабаве яны будуць вызначаць, якім будзе свет. Моладзь, якая сёння заканчвае ўніверсітэты, вельмі хутка пачне вызначаць лёс і сваіх краін, і Еўропы, і, магчыма, і нашай краіны. Таму заўсёды цікава з імі размаўляць, заўсёды цікава ведаць іхняе меркаванне, і заўсёды радуе, калі яны адгукаюцца.

Яны, наогул, не сумняваліся ў тым, што Беларусь апынулася ва ўладзе дыктатара, задавалі добрыя пытанні аб стасунках з Расеяй. Пра тое, якую ролю Расея адыграла ў станаўленні гэтай дыктатары. Як Расея будзе рэагаваць, калі дыктатура ў Беларусі абрынецца. А ў тым, што яна абрынецца, сумневаў не было.

- Што больш за ўсё шакавала ў аповедах пра Беларусь?

- Наогул, амаль усе. Тое, што тут такое паліцэйскае свавольства. Тое, што такія безабаронныя людзі. Тое, што адбываецца сталая хлусня на дзяржаўных каналах, тэле-, радыё-, газетах і гэтак далей. Шмат дзіўнага і сапраўды шакавальнага, бо яны не ўяўляюць, як сёння жывуць людзі ў сучаснай Беларусі. Але наогул ведаюць пра Астравец, пра тое, што, нягледзячы на наступствы Чарнобыля, будуецца яшчэ такі «цуд» у Беларусі.

- Вы сказалі, што не бачыце ў сённяшніх кіраўніках Еўропы лідараў. Як вы ацэньваеце апошні візіт у Беларусь двух еўракамісараў?

- Гэта проста чарговая дэманстрацыя пагарды да еўрапейскіх каштоўнасцяў. Бо не запатрабаваць нічога з заяўленых умоў, у дачыненні да Беларусі... Лукашэнка пасля першага візіту Ёханэса Хана істотна прасунуўся па шляху рэпрэсіяў: гэта блакаванне Charter97.org, гэта папраўкі да закона аб СМІ, якія ўстанаўліваюць таталітарны кантроль не толькі над сродкамі масавай інфармацыі, а нават над іх карыстальнікамі, гэтая крымінальная справа супраць незалежных прафзвязаў і пераслед Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, гэта дэкрэт «аб дармаедах», які ўводзіць прымусовую працу. Усё гэта было адказам Лукашэнкі на заляцанні еўрапейцаў.

Я заўважыў, што ў сваім твітэры камісар Хан захоплена каментуе кожную сустрэчу з Лукашэнкам і іншымі злачынцамі з афіцыйнага Менска, але ні разу не выказаў салідарнасць з палітвязнямі і ні разу станоўча не адгукнуўся пра сустрэчы з апазіцыяй.

Камісар Хан - гэта камісар Фюле 2.0. Мы так і не дачакаліся ніякіх сур'ёзных адзнак з боку еўрапейцаў, аналізу «дасягненняў» папярэдняга камісара Фюле, які мэтанакіравана падтрымліваў у Беларусі GONGO, то бок, праўладныя арганізацыі, якія працавалі на рэжым. Ён таксама спрабаваў згламэздаць нейкія схемы прызнання Лукашэнкі, але пасля правалу ва Украіне стрымаў свой запал. Хан паводзіць сябе прыкладна гэтак жа, праводзіць прыкладна такую ж палітыку. Таму, акрамя абурэння, такія візіты нічога не выклікаюць. Лукашэнка цынічна і проста даў яму зразумець: «Мы нічога рабіць не будзем, а вы дайце нам грошай».

- Да чаго ў выніку можа прывесці такая еўрапейская палітыка ў дачыненні да Беларусі?

- Да ўжо не паўзучай, а рэальнай акупацыі Расеяй.

- Што рабіць у гэтай сітуацыі дэмакратычным сілам?

- Пратэставаць. Не спускаць, не пакідаць без увагі такія візіты. Звяртацца да еўрапейцаў, звяртацца да тых лідараў, якія могуць паўплываць неяк на сітуацыю. Звяртацца да еўрапарламентарыяў, якія павінны гэта адсочваць і задаваць нязручныя пытанні камісарам. Сёння прадстаўнікі Еўрапейскага Звязу паводзяць сябе ў Беларусі як «кульгавыя качкі»: спяшаюцца дасягнуць уяўных вынікаў, выдатна разумеючы, што іх чакае чарговы правал. Вось і атрымліваецца, што не яны сёння абараняюць еўрапейскія каштоўнасці ў Беларусі, а беларусы, якія змагаюцца з дыктатурай у Еўропе.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках