1 траўня 2024, Серада, 5:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спэцыяльны дакладчык ААН: Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не зьмянілася

6
Спэцыяльны дакладчык ААН: Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не зьмянілася
Міклаш Харасьці
Фота: spring96.org

Фактычна, склалася кафкаўская сытуацыя.

Сёньня на сэсіі Рады ААН па правах чалавека, якая адбываецца ў Жэнэве, спэцыяльны дакладчык Міклаш Харасьці агучвае свой апошні даклад аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».

Міклаш Харасьці стаў спэцыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі ў 2012 годзе. Ягоны мандат, які скончыцца 31 кастрычніка 2018, Рада ААН па правах чалавека працягвала пяць разоў. Афіцыйны Менск адмовіўся супрацоўнічаць са спадаром Харасьці і ні разу не ўпусьціў яго ў Беларусь у якасьці спэцдакладчыка ААН.

Напярэдадні сэсіі ў Жэнэве Свабода пагутарыла зь Міклашам Харасьці пра ягоны апошні даклад у прыватнасьці і ацэнку ягонай амаль шасьцігадовай працы ў агульнасьці.

— Ці ў вашым дакладзе, які ахоплівае пэрыяд ад 1 красавіка 2017 да 30 красавіка 2018, вы адзначаеце нейкае паляпшэньне становішча з правамі чалавека ў Беларусі ў параўнаньні з папярэднім справаздачным пэрыядам?

— На жаль, я ня бачу ніякага паляпшэньня ні ў кароткатэрміновай пэрспэктыве, ні ў доўгатэрміновай на працягу маёй шасьцігадовай справаздачнай дзейнасьці. Са смуткам мушу дадаць, што і ў самай доўгай пэрспэктыве — цягам больш чым двух дзесяцігодзьдзяў кіраўніцтва цяперашняга прэзыдэнта Беларусі — я таксама ня бачу ніякага практычнага паляпшэньня становішча, а хутчэй адзначаю паглыбленьне абмежавальных захадаў рэжыму, каб, як кажуць, «ня выпусьціць джына з бутэлькі».

Я таксама адзначаю цыклічнае выкарыстаньне беларускімі ўладамі жорсткага падаўленьня выступаў людзей, якія хочуць пакарыстацца сваім правам на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў — улады такім чынам перасьцерагаюць маладыя пакаленьні, што вырасьлі за час кіраваньня гэтага прэзыдэнта, перад зьменай сытуацыі.

— Назавіце галоўныя праблемы, якія Рада ААН па правах чалавека бачыць у Беларусі.

— Рэч у тым, што Беларусь распрацавала вельмі своеасаблівы спосаб заканадаўчага рэгуляваньня грамадзкага жыцьця. Гэта тычыцца ўсіх аспэктаў публічнага жыцьця, уключна з правамі на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў, свабоду выказваньняў і СМІ, і нават права на жыцьцё. Сутнасьць гэтага рэжымнага заканадаўства ў тым, што яно грунтуецца, так сказаць, на дазваляльным прынцыпе. Заканадаўства надзяляе ўлады правам адвольна вырашаць — дазволіць нейкія грамадзкія захады ці не.

Гэтае патройнае напластаваньне стрыножыла грамадзкае жыцьцё ў Беларусі на дзесяцігодзьдзі. Гэта асноўная справа.

Далей, як я ўжо згадваў, праваахоўныя органы цыклічна ўжываюць адкрыты гвалт супраць мірных дэманстрацый. Мой мандат мае свой пачатак якраз у жорсткім падаўленьні пратэсту пасьля выбараў у сьнежні 2010 году, калі зьявіліся палітычныя вязьні. Улады іх вызвалілі, але потым набралі новых. Так што і тут назіраецца цыклічнасьць.

Наступная праблема — свабода СМІ. Беларусь — адзіная краіна ў кантынэнтальнай Эўропе, у якой няма прыватнага каналу агульнанацыянальнага вяшчаньня. Дзяржава цалкам дамінуе ў вяшчаньні, а гэта азначае ня толькі дзяржаўную цэнзуру, але і выкарыстаньне вяшчаньня ў якасьці прапагандысцкай машыны. Да таго, дзясятак розных дзяржаўных ведамстваў надзелены правам выносіць папярэджаньні газэтам ці інтэрнэтным сайтам, і такія папярэджаньні служаць потым падставай для прыпыненьня дзейнасьці СМІ або скасаваньня іх рэгістрацыі. Гэтыя сродкі выкарыстоўваюцца выключна супраць незалежных журналістаў.

Яшчэ адна праблема — папраўкі ў закон аб СМІ, якія рыхтуюць улады. Гэта вельмі абмежавальны законапраект, які ў практыцы можа пакончыць са свабодай у інтэрнэце ў Беларусі, таму што ён абавяжа кожны сайт у Беларусі рэгістраваць карыстальнікаў і камэнтатараў. Усе сайты будуць вымушаныя ня толькі рэгістравацца фізычна ў Беларусі, але і прасіць аб атрыманьні статусу СМІ, то бок таго статусу, які адносіцца да клясычных СМІ і абкладзены рознага тыпу абмежаваньнямі.

— Вы атрымалі мандат спэцыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі амаль шэсьць гадоў таму. Аднак беларускія ўлады не дазволілі вам ні разу наведаць краіну ў гэтай якасьці. Чаму? Як яны абгрунтоўваюць сваю адмову ўпусьціць вас у Беларусь?

— Сапраўдная прычына ў тым, што яны проста ня хочуць супрацоўнічаць з гэтым мандатам. Яны лічаць, што гэты мандат нелегітымны, і на гэтым іхныя аргумэнты спыняюцца. Як ён можа быць нелегітымны, калі Рада ААН па правах чалавека аднаўляла яго штогод пяць гадоў запар? Мандат аднаўлялі, бо сытуацыя ў Беларусі не мянялася. Але краіна афіцыйна мяне не запрашае.

Я быў удзячны уладам, калі яны дазволілі мне наведаць краіну летась па запрашэньні ад Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая праводзіла сваю сэсію ў Менску і запрасіла мяне на круглы стол па пытаньнях правоў чалавека. Тады Міністэрства замежных справаў Беларусі афіцыйна заявіла, што я не зьяўляюся іхным госьцем. Я быў удзячны міністэрству за гэтую заяву, бо празь яе шмат грамадзян Беларусі даведалася аб маёй прысутнасьці ў краіне.

Я быў заўсёды гатовы да палітыкі «малых крокаў» у супрацоўніцтве зь беларускімі ўладамі адносна пытаньняў, якія ўваходзілі ў мой мандат. Але яны не былі гатовыя да супрацоўніцтва са мною. Галоўная рэкамэндацыя ў маім апошнім дакладзе датычыць таго, што Рада ААН па правах чалавека павінна зрабіць намаганьне, каб падоўжыць мандат спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі. Я адпрацаваў у гэтай якасьці шэсьць гадоў, што зьяўляецца максымальным тэрмінам для аднаго чалавека, і цяпер гэты мандат павінен атрымаць іншы чалавек. Першая прычына падоўжаньня мандату: адсутнасьць прагрэсу ў ажыцьцяўленьні рэкамэндацый ААН Беларусьсю. І другая, пра якую я толькі што сказаў: адсутнасьць ахвоты беларускіх уладаў супрацоўнічаць з гэтым мандатам.

— На ваш погляд, Рада правоў чалавека ААН схільная назначыць новага дакладчыка па Беларусі?

— Адчуваю, што так. Зразумела, у Радзе ААН па правах чалавека ёсьць таксама група краінаў — назавем іх «кааліцыяй неахвотных» — якія, як і Беларусь, выступаюць супраць такога мандату, але краіны, якія падзяляюць заклапочанасьць становішчам з правамі чалавека ў Беларусі, заўсёды былі там у большасьці.

— Якія практычныя мэханізмы ўплыву на Беларусь знаходзяцца ў распараджэньні Рады ААН па правах чалавека? Магчыма, іх зусім няма?

— Дзякую за гэтае пытаньне. На першы погляд скептыцызм, заключаны ў вашым пытаньні, падаецца апраўданым. Таму што галоўная выснова майго апошняга дакладу: становішча ў Беларусі не зьмянілася. Але з другога боку я адчуваю, што мне можна ганарыцца менш відавочнымі вынікамі свайго мандату. Праўда, у Беларусі мы назіралі цыклічнае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека, але той афіцыйны перасьлед ніколі не ператварыўся ў крывавую расправу, як часта бывае зь перасьледам, за якім ніхто ня сочыць. Я лічу, што, напрыклад, вызваленьне палітвязьняў з турмы, зьмякчэньне некаторых судовых прысудаў ці замена зьняволеньня штрафамі, што здаралася час ад часу — адбывалася і таму, што дакладчык ААН інфармаваў сусьветную супольнасьць пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і называў імёны парушальнікаў гэтых правоў. Гэта заўсёды дапамагае. Такія высілкі не заўсёды прыводзяць да паляпшэньня сытуацыі, але яны прадухіляюць яе пагаршэньне.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках